Бежанка з Украіны са сваёй дачкой на вакзале ў Варшаве. Фота: АР.

Бежанка з Украіны са сваёй дачкой на вакзале ў Варшаве. Фота: АР.

Наста Калашнікава: «Шмат хто з бежанцаў нават не разумеў, што ім спрабуюць дапамагчы бясплатна»

«Як толькі пачалася вайна, мы спісаліся са знаёмымі. Мы ўсе не ведалі, што рабіць і куды ехаць, проста вельмі хацелі дапамагаць. Праз мой Інстаграм хутка арганізавалі збор дапамогі. У нас былі толькі дзве машыны, і мы не маглі браць шмат людзей з сабой, таму прапанавалі астатнім зрабіць нешта іншае — купіць паліва, набыць для бежанцаў ежу ці лекі. За некалькі гадзін мы ўсё падрыхтавалі і паехалі на мяжу. Частку ежы для бежанцаў узялі на складзе дабрачыннай арганізацыі, а адзін з веган-рэстаранаў даў нам вялікія тэрмасы з кавай і гарбатай.

Памятаю, што першую ноч пасля пачатку вайны ўвогуле не спала. Не праз страх, проста трэба было напісаць усім сябрам, хто цяпер ва Украіне, ды яшчэ ў мяне сяброўка апынулася на сутках у Беларусі. Трэба было вырашыць столькі пытанняў, што не было часу ні на шок, ні на тое, каб спужацца.

Першы памежны пункт, на якім мы апынуліся, быў каля вёскі Дарагуск. Спачатку прыехалі ў нейкі вялікі будынак, дзе прымалі бежанцаў. Там было вельмі шмат польскіх сем’яў, што жадалі ўзяць бежанцаў да сябе дадому. Былі і валанцёры, якія прапаноўвалі падвозіць. Гэта быў толькі пачатак вайны, таму мала хто з бежанцаў паспеў дамовіцца з кімсьці, хто мог бы іх сустрэць на мяжы.

У тым месцы мы пагутарылі з валанцёрамі і паліцыяй, вырашылі, што больш карысці ад нас было б каля самой мяжы. І нас пад канвоем ды з мігалкамі давезлі ледзьве не да памежнага плота. Там ужо былі валанцёры і бежанцы, але іх было не надта шмат. Хутка мы пабачылі, што бежанцы знаходзяцца ў шоку, не жадаюць сядаць у машыны да незнаёмых людзей. А пазней зразумелі: шмат хто з бежанцаў нават не разумеў, што ім спрабуюць дапамагчы бясплатна.

Пры гэтым былі гісторыі пра тое, як людзі плацілі за дарогу да мяжы суму ў дзевяць тысяч грывен (каля тысячы беларускіх рублёў. — «НН»), калі ў іх забіралі апошняе. Пасля гэтага людзі не надта табе давяраюць. Кіроўцы, якія хацелі дапамагаць, пачалі пісаць на таблічках, што размяшчалі на машынах, слова «бясплатна». Інакш людзі не хацелі з імі ехаць.

Там я гутарыла з маладым украінцам, які жыве ў Польшчы. Ён прыехаў на мяжу, каб забраць кагосьці да сябе пераначаваць або падвезці бежанцаў некуды на машыне. Гэты хлопец прастаяў на мяжы ў дзікім холадзе некалькі гадзін і вельмі засмуціўся, калі нейкая жанчына ва ўзросце адказала на яго прапанову дапамагчы словамі: «А раптам ты мяне заб’еш?». Я разумею, чаму яна так сказала — яе агрэсія зыходзіць з таго, што ёй дужа страшна.

Фота: Любоў Стайкіна

Фота: Любоў Стайкіна

Разам з іншымі валанцёрамі мы рабілі бутэрброды для бежанцаў. Хутка пабачылі, што на гэтым пераходзе валанцёры спраўляюцца, і паехалі на пераход каля вёскі Медыка — казалі, што там патрэбная дапамога. І недзе ў 6-7 раніцы 26 лютага мы ўжо былі на Медыцы.

Там было сапраўднае пекла. Бежанцы ішлі вялікімі хвалямі, а валанцёры, што там былі, не мелі ніякага часу адпачыць. Мы падключыліся да разетак у кавярні, каб грэць ваду для супоў і гарбаты, а ў выніку паляцела праводка і згарэла кухонная тэхніка. На працягу сутак мы грэлі ваду на суп і на гарбату з дапамогай толькі двух чайнікаў.

Потым пагутарылі з адным з валанцёраў і зразумелі, што кожны з іх за дзень ужыў недзе пачак цыгарэт, бутэрброд і кубак кавы, проста таму што не было часу на іншае.

На той час людзі стаялі на мяжы з украінскага боку па 10 гадзін, нехта яшчэ і ішоў да мяжы суткі. Памятаю дзяўчыну, якая прыйшла зусім без рэчаў, толькі з тым, што было на ёй, і з сабакам. Яна кінула свой чамадан, калі апынулася ў цісканіне на мяжы, бо хацела перш за ўсё выратаваць сабаку. Дзяўчына была ў слязах, мы выбіралі ёй базавыя сродкі гігіены, каб яна хаця б магла памыцца, калі прыедзе на начлег.

Хутка пасля той дзяўчыны пачалі прыходзіць мамы з дзецьмі, якія таксама не мелі пры сабе рэчаў. Яны расказвалі, што перад польскай мяжой ёсць велізарнае поле кінутых чамаданаў — людзі ратавалі дзяцей і сябе, бо там была вялікая цісканіна.

Людзі былі ў прастрацыі. Часам нехта да цябе падыходзіць, просіць гарбаты і праз пару хвілін забывае, чаго ён ад цябе хацеў. Дзяўчаты распавядалі, што таксіст забраў у іх усе грошы, каб давезці да мяжы, але за 18 кіламетраў да пераходу пачаўся затор, і таксіст сказаў ім вымятацца з машыны. Гэтыя бежанкі адтуль ішлі да мяжы, грошы ім ніхто не вярнуў. А потым яны яшчэ стаялі 12 гадзін.

Праз некалькі дзён я вярнулася на Медыку. Загрузіла машыну дапамогі для тэрабароны: перавязачны матэрыял, шкарпэткі, кансервы. На памежным пераходзе стаяла машына, што магла перагнаць гэта ўсё на ўкраінскі бок. І пару дзён таму мы са знаёмымі зноў паехалі на пераход.

Праз цісканіну паліцыя старалася адвозіць з пераходу жанчын з дзецьмі ў пункт прыёму бежанцаў. Было шмат размоў пра тое, што ў чарзе адбываліся бойкі, у тым ліку з індусамі. Звычайна ў аўтобусы для эвакуацыі садзяць перш за ўсё ўкраінцаў, але ж усім страшна і ўсім хочацца з’ехаць. Там амаль не было мужчын, акрамя замежнікаў, і тыя ж індусы былі ледзьве не самымі фізічна моцнымі ў натоўпе. Таму, калі ўжо і яны пачыналі панікаваць, рабілася дужа складана. Поўны хаос: жанчыны і дзеці крычаць, індусы лезуць праз плот.

Мяне вельмі краналі асабістыя гісторыі. Аднойчы прыйшла жанчына ва ўзросце, якая неяк дзіўна сябе паводзіла. Мы прапанавалі ёй паесці, але яна адказала, што хоча ўзяць ежы сыну. Але якому сыну? Мужчын жа Украіна не выпускае. Тая жанчына вельмі прасіла нейкія кансервы, казала, сын іх вельмі любіць. Мы не спрачаліся, проста папрасілі, калі сын іх не будзе есці, каб яна з’ела гэтую ежу сама.

Хутка я зразумела, што гэтая жанчына занадта шмат кажа пра сына, гэта было дзіўна. Прапанавала ёй паесці зараз жа, а кансервы для сына ўзяць з сабой. Яна ўзяла гарбату і булачку, а потым раптам зусім спакойным голасам кажа, што ў яе ўчора забілі мужа. Тады стала ясна, чаму яна вядзе сябе так дзіўна і думае, што сын да яе прыйдзе. 

Яшчэ мне запомніліся выпадкі, калі дзеці распавядалі: маўляў, тата будзе нас абараняць, таму яго цяпер тут няма, але потым ён прыедзе. Калі такое слухаеш, са смуткам разумееш, што малеча не надта ведае, што гэта значыць — «тата будзе нас абараняць». Акрамя такіх момантаў, мяне не надта нешта кранае на мяжы, бо колькі ўжо можна плакаць?

Вельмі дрэнна, што тым, хто хоча дапамагчы, ніхто не кажа, як сябе паводзіць з бежанцамі. Бачу, як беларусы-валанцёры рэагуюць на дыскрымінацыю ў свой бок, як яны крыўдзяцца, калі да іх не садзяцца ў машыну праз тое, што яны беларусы. Насамрэч, гэтыя людзі вялікія малайцы, бо яны жадаюць дапамагчы, і будзе вельмі крыўдна, калі такія дробязі будуць перашкаджаць людзям валанцёрыць».

Кася Шульган: «Хочацца апраўдвацца, маўляў, я з Беларусі, але я таксама бежанка»

«З самага пачатку вайны хацела неяк дапамагаць людзям. Раней я хадзіла на беларускія акцыі ў Варшаве, пасля 24 лютага валанцёрыла ў пункце прыёму гуманітаркі. Спрабавала распаўсюджваць карысную інфармацыю і вельмі хацела паехаць куды-небудзь яшчэ, каб дапамагаць тым, хто пацярпеў ад вайны, але мне казалі, што валанцёры нідзе не патрэбныя.

Кася Шульган. Фота: _kaselin_ / Instagram.

Кася Шульган. Фота: _kaselin_ / Instagram.

Потым убачыла ў адным чаце аб’яву чалавека, які ехаў на [ўкраінска-польскую] мяжу і быў гатовы ўзяць з сабой яшчэ людзей. Я нават не ведала, куды дакладна мы едзем, вырашалі ўжо ў машыне. Мне было ўсё роўна, галоўнае, каб можна было дапамагаць.

Працую ў дзвюх кропках: на вакзале ў Пшэмыслі і ў прадуктовым супермаркеце Tesco, дзе абсталявалі пункт прыёму бежанцаў. Там людзі спяць, ім дапамагаюць знайсці транспарт. Знаходжуся тут пастаянна, тут жа і сплю — на сон не надта шмат часу.

Насамрэч, тут вялікая праблема з людзьмі, якія маглі б дапамагаць, вельмі патрэбныя перакладчыкі. Я вучуся па праграме Каліноўскага, вывучаю польскую мову і трохі ведаю англійскую, для дапамогі хапае. Праводжу на кухню тых, хто толькі прыбывае на пункт прыёму бежанцаў, расказваю, дзе можна паесці, тлумачу людзям, як ім сесці на правільны цягнік і што для гэтага трэба.

Першае ўражанне ад Пшэмысля? Пабачыла вельмі шмат стомленых людзей. Яны спрабуюць выгаварыцца табе. Іх усіх добра разумею, але тут усе такія, усе роўныя. Трэба прыняць для сябе рашэнне: або ты спрабуеш кожнага выслухаць, або факусуешся на тым, каб дапамагчы як мага большай колькасці людзей. Мне не ўсё роўна, якая ў чалавека гісторыя, але мой прыярытэт — пасадзіць кожнага на патрэбны цягнік.

Кагосьці тут забіраюць блізкія ці знаёмыя, а нехта спрабуе сам з’ехаць у іншыя гарады ці краіны.

Цікава, што тут ёсць вельмі вялікая чарга на тое, каб вярнуцца ва Украіну. Некаторыя едуць туды ваяваць. Памятаю дзяўчыну, якая пачала шукаць магчымасць вярнуцца, як толькі прыехала ў Польшчу, яна казала: «Не ведаю, што мне рабіць тут, але ведаю, што магу зрабіць там». Былі тыя, каму трэба забраць ва Украіне дзяцей.

Я спала па тры-чатыры гадзіны на дзень. Палякі, якія каардынуюць працу валанцёраў, мяне спецыяльна прымушаюць есці і спаць, але я іду адпачываць толькі тады, калі разумею, што галава ўжо не працуе і я не магу нармальна перакладаць.

Тут шмат беларусаў, якія таксама жадаюць дапамагаць. Думаю, за ўвесь час у Пшэмыслі я сустрэла іх як мінімум пяць. А вось бежанцаў з Беларусі тут не памятаю ні я, ні тыя, з кім працавала на Tesco. Дарэчы, ад цэнтра для бежанцаў у Tesco у мяне было проста шокавае ўражанне. Магу гэта параўнаць з тым, што было ў Беларусі, калі мігрантаў размясцілі на мяжы ў транспартна-лагістычным цэнтры: вакол поўны хаос, людзі ляжаць на зямлі, дзеці губляюцца.

Што да стаўлення да мяне як да беларускі, то яно цудоўнае. Мне здаецца, уражанне пра тое, што беларусаў прыгнятаюць за нацыянальнасць, узнікае, калі шмат пра гэта чытаеш у інтэрнэце. Мне самой пасля таго, як я такое чытаю, трохі няёмка казаць, што я з Беларусі.

Хочацца апраўдвацца, маўляў, я з Беларусі, але я таксама бежанка і я супраць гэтай улады. Але тут мяне наадварот падтрымліваюць, кажуць, Беларусь — гэта супер. Упэўненая, што людзі, якія бягуць ад вайны і разумеюць, што адбываецца, ведаюць, што беларусы за ўкраінцаў.

Часам бывае цяжка, бо ты дапамагаеш не самой Украіне ў яе вайне, а людзям, якія адтуль з’ехалі, то-бок гэта нейкая ўскосная дапамога. Але яна таксама патрэбная».

Ксенія Гладзенькая: «Людзі прыязджаюць з Харкава, дзе яны хаваліся ад бамбёжак у падвалах, але тут зноў ляцяць ракеты»

«Калі пачалася вайна, зразумела, што буду больш карыснай, калі прыеду ва Украіну. Складана было зразумець, дзе патрэбная мая дапамога. Я юрыст, а ўсе праваабарончыя арганізацыі цяпер перагружаныя працай і вельмі рэдка адказваюць на запыты аб інфармацыі. Мне параілі паехаць у гуманітарны цэнтр у Львове, там я і апынулася. Ён лічыцца самым вялікім з усіх, што працуюць ва Украіне.

Ксенія Гладзенькая. Фота: nia_smooth / Instagram.

Ксенія Гладзенькая. Фота: nia_smooth / Instagram.

Прыехала у цэнтр 8 сакавіка з Эстоніі, дзе жыву цяпер. Мне не было, дзе спаць, і я не ведала, ці дазволяць мне валанцёрыць, бо тут прымаюць толькі тых, хто мае львоўскую прапіску. Калі нарэшце выдалі той дазвол, трое сутак амаль не спала.

У цэнтры людзі могуць атрымаць прадукты, самыя неабходныя рэчы. Цяпер у мяне кавід, таму працую аддалена, але, калі папраўлюся, планую вярнуцца ў цэнтр, пакуль што ляжу ў шпіталі.

Кавіднае аддзяленне, дзе я знаходжуся, перанеслі з галоўнага корпуса ў стары, бо ў галоўным корпусе ляжаць параненыя салдаты. Тут не найлепшыя ўмовы, тараканы ва ўмывальніку. Але медыкі проста цудоўныя, дабрадушныя, стараюцца ўсё зрабіць для камфорту пацыентаў.

Першапачаткова я дапамагала сартаваць адзенне, але пазней пачала аказваць псіхалагічную, прававую і перакладчыцкую дапамогу. Ведаю некалькі моваў, маю дзве адукацыі — педагог-псіхолаг і юрыст. Спачатку да мяне ў цэнтры ставіліся крыху насцярожана, бо маю беларускі пашпарт, але цяпер ужо людзі пачынаюць мне давяраць.

У львоўскім гуманітарным цэнтры

У львоўскім гуманітарным цэнтры

Кансультую людзей наконт правоў бежанцаў. Шмат хто думае, што ў іх за мяжой забяруць пашпарты, што ім не дазволяць нікуды выязджаць, нібыта яны апынуцца ледзьве не ў рабскім становішчы. Людзі вельмі турбуюцца, бо ім часта перадаюць недакладную інфармацыю і яны вераць у яе.

Шмат хто з бежанцаў прыехаў з небяспечных зон і знаходзіцца ў вельмі стрэсавым стане. Шмат хто страціў родных, не мае, куды вярнуцца і з кім пагутарыць, людзі проста не ведаюць, што ім рабіць. Ім патрэбны нехта, хто мог бы іх выслухаць і дапамагчы, бо ў іх нікога няма, ім страшна. Страшна праз тое, што адбываецца ў іх краіне, якую яны любяць і не жадаюць пакідаць, але не маюць іншага выйсця.

Яшчэ больш цяжка тым, у каго ёсць хворы член сям’і, якому патрэбны клопат. Тады людзі павінны з’ехаць з краіны, каб забяспечыць такому чалавеку належнае медыцынскае абслугоўванне.

Як бы яны ні трымаліся і якімі б моцнымі ні былі, цяпер ідзе вайна, і гэта страшна. Людзі прыязджаюць з Харкава, Херсона, дзе яны хаваліся ад бамбёжак у падвалах, у Львоў і спадзяюцца, што ім тут будзе спакойна, але тут зноў ляцяць ракеты і ідуць бамбёжкі. І мне па-чалавечы складана бачыць іх у такім стане.

Ці не было страшна сюды ехаць? Не, не было. У мяне ёсць родныя ва Украіне, думаю, шмат у каго з беларусаў тут жывуць родныя або знаёмыя, ды і ў рускіх таксама. Мне здаецца, тут справа не ў страху, а ў асабістай адказнасці. Шмат хто са знаёмых расказваў мне пра хэйт у бок беларусаў — маўляў, мы нічога не робім і нібыта падтрымліваем палітыку Лукашэнкі, нібыта мы здраднікі.

Гэта вельмі цяжка ўспрымаць. Усе мае родныя — украінцы, я лічу сябе беларускай, бо нарадзілася ў Беларусі, але не адмаўляю сваю прыналежнасць да Украіны. У Эстоніі было больш цяжка гэта перажываць, а цяпер, у Львове, мне спакойна. Напэўна, не маю маральнага права заклікаць кагосьці да нейкіх дзеянняў, бо ўсе маюць свае магчымасці. Але было б добра, калі б людзі хаця б на секунду задумаліся пра тое, што каля іх забіваюць і калечаць людзей, знішчаюць дамы і гарады, задумаліся б пра тое, як яны маглі б дапамагчы».

Што такое дэфолт? Ён будзе ў Беларусі? Што тады рабіць? Даём простыя адказы на складаныя пытанні

«Расізм, ідыятызм і гебельшчына». Вучоны разбірае хлусню расійскай прапаганды пра біялагічную зброю

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0