Уладзімір Зяленскі. Калаж: Liga.net

Рэгулярнасць

Патрэба ў інфармацыі падчас баявых дзеянняў не меншая, чым у прадуктах харчавання альбо зброі. Людзі прагнуць ведаць, як змяняецца стан рэчаў на фронце, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях дый проста як ацэньваць палітыку кіраўнікоў, што вырашаюць лёс краіны. Разуменне гэтага прывяло Зяленскага да фармавання інфармацыйнага канвеера: ледзьве не кожныя дзве гадзіны ўкраінцы атрымліваюць апдэйты ад ключавых фігур урада. Сам прэзідэнт двойчы на дзень звяртаецца да насельніцтва з больш эмацыйным зваротам, у астатні ж час яго намеснікі распавядаюць пра гуманітарныя калідоры, поспехі ЗСУ на фронце, эканамічна-сацыяльныя манеўры ды вынікі міжнародных перамоў.

Даступнасць

У часы Другой Сусветнай вайны савецкі народ чакаў паведамленняў ад Інфармбюро і затойваў дыханне, ледзьве чуў голас Левітана. Цяпер украінцам нават ісці да тэлевізара не трэба: аператары мабільных сетак аб'ядналіся, каб забяспечваць нацыянальны роўмінг. І таму ўладальнікі нават самых слабенькіх смартфонаў лёгка дазнаюцца галоўныя навіны з першых вуснаў.

Усе ключавыя прадстаўнікі штаба Зяленскага праз афіцыйныя старонкі ў сацсетках пастаянна выходзяць на сувязь з грамадствам. Хтосьці, як прэзідэнт ці яго бліжэйшыя дарадцы, запісваюць відэа — і тым самым яшчэ і абвяргаюць фэйкі пра тое, быццам яны ўцяклі з краіны альбо не працаздольныя. Іншыя пакідаюць падрабязныя справаздачы пра свае дасягненні ў Фэйсбуку. А тыя, каму прасцей камунікаваць праз Тэлеграм, нават у аблозе транслююць кароткія візуальныя паведамленні, гарантуючы прамую сувязь з аўдыторыяй.

Важна адзначыць: выключна Украінай каманда Зяленскага не абмяжоўваецца. Дарадцы прэзідэнта, міністры, мэры гарадоў пагаджаюцца тлумачыць сітуацыю ў краіне ўсяму свету. Таму даюць інтэрв'ю як буйным замежным тэлекампаніям, так і рэгіянальным медыя. Гэта не толькі дазваляе пашырыць ахоп аўдыторыі, але і выключае магчымасць любога скажэння інфармацыі.

Глабальнасць

Украіна трымае непарушны інфармацыйны фронт, хаця пры велізарнай колькасці медыя і канкурэнцыі ўнутры сферы гэта падавалася немагчымым яшчэ колькі тыдняў таму.

Тым не менш штаб Зяленскага аператыўна аб'яднаў ключавых гульцоў, што адкрыла яму канал камунікацыі з людзьмі, якія арыентуюцца выключна на тэлебачанне.

Кансалідацыі дапамаглі не толькі шчыльныя стасункі самога прэзідэнта з той жа платформай «1+1» (яна распаўсюджвала прадукцыю «Квартала» ахвотней за іншых), але і прапанаваная канцэпцыя. Пяць найбуйнейшых вяшчальнікаў распачалі бесперапынны 24-гадзінны інфармацыйны марафон, дзе слова перадаецца са студыі ў студыю.

Дзякуючы гэтаму ключавыя медыябрэнды і іх твары атрымліваюць роўныя эфірныя долі, застаюцца пазнавальнымі і заваёўваюць максімальную лаяльнасць. То-бок працуюць на перамогу праз захаванне рэйтынгу. Гэта задавальняе ўсіх — і натхняе на якасную працу.

Адаптыўнасць

Нават няпрофільныя інфармацыйныя актывы Украіна сёння выкарыстоўвае з велізарным плёнам. Скажам, спартыўны партал OTT-платформы «Мегого» хай і захаваў базавы кантэнт, але надае яму патрыятычную афарбоўку. Да таго ж падчас эфіраў ён ажыццяўляе збор сродкаў на патрэбы ЗСУ. Героі забаўляльных шоў кшталту Машы Ефрасінінай сфакусаваліся на праколе расійскай інфармацыйнай бурбалкі і данясенні да калег па цэху ды простых людзей інфармацыі пра сапраўдныя маштабы трагедыі. Вядомыя музыкі — напрыклад, ТНМК — ствараюць адукацыйны кантэнт пра тое, каб як мага прасцей давесці насельніцтву саму сутнасць гістарычнай годнасці дзяржавы.

Тады як кінастудыі замест серыялаў даюць у прадакшн ролікі для дзяцей, дзе максімальна простай мовай тлумачацца падзеі ў краіне, каб падтрымаць у малых фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Па сутнасці, цяпер забаўляльная індустрыя ператварылася ў няспынны канвеер, што дазваляе людзям пераключыцца з цяжару ваенных навін на нешта больш пазітыўнае. Аднак пры гэтым парадак дня «накрывае» ўсе пласты грамадства і па ўзросце, і па сацыяльных катэгорыях.

Уцягнутасць

Зрабіць уласны ўнёсак у перамогу сёння можа кожны ўкраінец — пра гэта ўвесь час нагадваюць тамтэйшыя медыя. І гаворка не толькі аб працы ў тыле ці далучэнне да ЗСУ на перадавой. Заўважыць перасоўванні акупантаў, прадухіліць марадзёрства праз паведамленні паліцыі, распавесці пра патрэбы байцоў тэрытарыяльнай абароны альбо людзей у бамбасховішчах — невялічкі пералік спраў, што па сілах зрабіць нават пенсіянеру.

І таму да глабальнага інфармавання далучаецца любы ўладальнік тэлефона альбо планшэта. Далей звесткі распаўсюджваюць тэлеграм-каналы, што ператварыліся ў самастойныя СМІ.

Як вынік, любы закід расійскай прапаганды максімальна хутка абвяргаецца пруфамі саміх удзельнікаў падзей. Больш за тое, агульная справа і разуменне яе важнасці яднае жыхароў Украіны ў змаганні. А калі-нікалі нават дае магчымасць з гумарам распавядаць пра ваенныя будні.

Для параўнання прыгадаем, што зрабіла Расія за мінулыя тры тыдні ў сферы камунікацыі.

Выступы прэзідэнта Пуціна — адзіночныя і запісаныя папярэдне — запомніліся бадай што абсурдным жангліраваннем гістарычнымі фактамі ды касплэем Нэа з «Матрыцы» пры карыстанні мікрафонам. Ад сітуацыйных прамоў міністра замежных спраў Лаўрова цягнула нафталінам з-за рыторыкі савецкіх часоў ды штампаў, якімі поўніліся што выступы на міжнароднай арэне, што звароты да ўласнага народа. «На іншыя краіны мы напад не плануем. Мы і на Украіну не нападалі», — адна толькі вытрымка са спічаў палітыка, якая кажа сама за сябе.

І толькі афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны Расіі Ігар Канашанкаў імкнуўся імітаваць бурлівую дзейнасць на рэгулярнай аснове. Але амаль кожная з яго заяў ці то не праходзіла факт-чэкінг, ці то зусім не патрабавала праверкі з-за абсурднасці пасылаў. Згадаць хаця б абвінавачванні ЗША ў фінансаванні ваенна-біялагічнай праграмы на тэрыторыі Украіны альбо заявы пра невыкарыстанне салдат тэрміновай службы ў спецаперацыях.

Зразумела, што пакінуць за сабой медыя-фронт — не значыць перамагчы ў вайне. Аднак тое, якім чынам украінскія ўлады арганізавалі працу на гэтым напрамку, даюць пэўны аптымізм адносна дасягненняў і ў сумежных галінах. 

Ад шоумэна да лідара нацыі. Які шлях прайшоў Уладзімір Зяленскі

Лукашэнка пра Украіну: Валодзя Зяленскі выпадковы чалавек, украінскія вайскоўцы самі папрасілі Расію выратаваць Крым, ва ўкраінскай арміі фашызм

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0