Ізраіль

Мала хто з расійскіх зорак, якія з’язджаюць за мяжу, кажуць, што едуць у эміграцыю. Хутчэй, яны распавядаюць, што проста з’ехалі ў адпачынак — але ж, здаецца, пачатак сакавіка ніколі не быў гарачым сезонам у расійскім турбізнэсе.

Фота: Global Look Press.

Фота: Global Look Press.

Ксенія Сабчак адной з першых адправілася, як яна кажа, у адпачынак. Спачатку яна паехала з сынам у Турцыю, а пазней з’явіліся фоты Сабчак з аэрапорта ў Ізраілі. Жанчына адмаўляе тое, што паехала ў эміграцыю, і падкрэслівае, што ў яе няма «ніякіх іншых грамадзянстваў, тупічкоў і яхт».

У Ізраілі цяпер не толькі Сабчак, але і іншыя вядомыя расіяне. Кажуць, напрыклад, што туды паехалі Ала Пугачова і Максім Галкін. Апошні раней адкрыта выказаўся супраць расійскай агрэсіі ў бок Украіны, пасля чаго некалькі канцэртаў коміка адмянілі. А Пугачова запісала зварот, што яна проста ў адпачынку.

Па некаторых звестках, у Ізраіль паехаў комік Сямён Слепакоў — і зноў на адпачынак, як ён сам кажа. Але ж менеджарка артыста ўсё адмаўляе і кажа, што насамрэч ён знаходзіцца ў Іспаніі. Таксама ў Ізраіль — на «дзень народзінаў да цёці» — адправіліся спявачка Валерыя і яе муж Іосіф Прыгожын.

У шэрагу ізраільскіх медыя з’явіліся звесткі пра тое, што Алег Газманаў падаў дакументы на атрыманне грамадзянства гэтай краіны. Прадстаўнік спевака гэта абвяргаў. І, нарэшце, як стала вядома тэлеграм-каналу «Сталінгулаг», у атрыманні такога грамадзянства Газманаву было адмоўлена.

Фота: «РИА Новости».

Фота: «РИА Новости».

Гэты патрыярх расійскай поп-сцэны падтрымаў рашэнне Пуціна ўвесці войскі ва Украіну. 5 сакавіка генпракурорка Украіны Ірына Венедзіктава абвясціла, што праз гэта спявак цяпер завочна арыштаваны ва Украіне. Кіеў падазрае Газманава ў «замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», па тым жа артыкуле трохі раней быў завочна арыштаваны рэжысёр Мікіта Міхалкоў.

7 сакавіка Газманаў паабяцаў выступіць з канцэртам перад жонкамі расійскіх салдат, што ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. Расійскі Першы канал дзеля такога нават змяніў сваю сетку вяшчання — там раптоўна вырашылі паказаць гледачам юбілейны канцэрт да 70-годдзя Газманава.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты

Некалькі вядомых расійскіх блогерак выбралі для вясенняга адпачынку ААЭ. Напрыклад, туды вылецела тэлевядучая і спявачка Вольга Бузава (больш за 23 мільёны падпісчыкаў у інстаграме). Бузава накіравалася ў эмірат Рас-эль-Хайма, які, гледзячы па сацсетках зоркі, якраз і прафінансаваў яе падарожжа. 

Фота: buzova86 / Instagram.

Фота: buzova86 / Instagram.

Свой ад'езд Вольга пракаментавала так: «Мне зараз гэта проста неабходна. Проста ўдыхнуць марское паветра і пастарацца хоць ненадоўга выключыць мозг». Пад яе пастамі ў інстаграме, як і пад пастамі іншых вядомых расійскіх блогерак, безліч каментароў людзей, якія не разумеюць, як можна абстрагавацца ад вайны з боку ўласнай краіны.

У арабскі адпачынак (толькі ў іншы эмірат — Дубай) вылецела і іншая вядомая тэлевядучая, Ксенія Барадзіна (больш за 18 мільёнаў падпісчыкаў у інстаграме).

Парыж

Такі выбар для сябе зрабіў Аляксандр Васільеў, гісторык моды і вядучы (напэўна, ужо з прыстаўкай «экс») праграмы «Модны прысуд». Васільеў некалі пераязджаў у Францыю — як ён сам кажа, у 1982 годзе апынуўся там як эмігрант ад савецкага рэжыму. 

Фота: асабісты архіў Аляксандра Васільева.

Фота: асабісты архіў Аляксандра Васільева.

Некалькі дзён таму Васільеў напісаў адкрыты ліст муніцыпалітэту літоўскага горада Вісагінас, дзе захоўваецца яго вялікая калекцыя старажытных касцюмаў. У ім Васільеў, які мае літоўскае грамадзянства на працягу больш чым 20 гадоў, выказаўся супраць вайны: «Беспрэцэдэнтныя амбіцыі аднаўлення велізарнай Імперыі выклікаюць ваенную акупацыю, якая проста зараз разбурае незалежную дзяржаву Украіны. Гэтая вайна, безумоўна, выклікае таксама і беспрэцэдэнтную ізаляцыю Расіі і, больш за тое, можа выклікаць смяротную ядзерную вайну на планеце Зямля».

З'ехалі, не распавядаючы, куды

Такі выбар зрабілі расійскія дзеячы, што раней не выказвалі адкрытай падтрымкі пуцінскаму рэжыму. Напрыклад, гэта кінарэжысёр Кантэмір Балагаў (вы можаце ведаць яго па стужцы «Дылда»), паэтка Вера Палазкова, кінакрытык Антон Долін.

Антон Долін. Фота: kinopoisk.ru.

Антон Долін. Фота: kinopoisk.ru.

Гэтыя людзі казалі пра тое, што сітуацыя ў Расіі проста не пакінула ім выбару і прымусіла зрабіць такое цяжкае рашэнне — пакінуць краіну.

Адна з самых яркіх гісторый у гэтым кантэксце — ад'езд Антона Доліна. Вайну ва Украіне Долін лічыць крахам свайго светапогляду на Расію: «Ніякай Расіі больш няма. Расія — курыца з адсечанай галавой». У дзень ад'езду дзверы ў кватэру кінакрытыка пазначылі сімвалам Z, які зараз цвёрда звязаны з вайной ва Украіне, а месенджары Доліна ўзламалі.

Як рэагуюць расійскія ўлады 

Ад'езд зорак — толькі элемент больш глабальнай эміграцыі. Дзясяткі тысяч грамадзян Расіі з'ехалі з краіны пасля пачатку вайны.

У расійскай Дзярждуме ўжо прапанавалі не пускаць назад у краіну зорак і алігархаў, што яе зараз пакінулі. Дэпутат ад «Адзінай Расіі» Султан Хамзаеў сцвярджае: «Трэба забараніць адваротны ўезд у краіну ўсім, хто збег. У такі час усім трэба аб'ядноўвацца і ствараць дзеля развіцця і ўмацавання Расіі».

Як стаць лідарам? Урокі ад Уладзіміра Зяленскага

Гісторыя паўтараецца. Ваенныя карыкатуры савецкага часопіса «Крокодил» намаляваныя як сёння

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0