Вайна ва Украіне. Дваццаць трэці дзень АНЛАЙН
Бомбы і снарады па-ранейшаму ляцяць на ўкраінскія гарады. Замежныя спецслужбы сцвярджаюць, што ў Расіі ўсё менш застаецца сучасных дакладных ракет, а таму ўсё больш ідуць у ход старыя, якія ляцяць абы-куды. Ад гэтага ўзрастае колькасць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. А ў Марыупалі, паводле мясцовага чыноўніка, разбурана ўжо 90% будынкаў. Затое ёсць і добрая навіна — бамбасховішча пад драмтэатрам у Марыупалі вытрымала ўдар бомбы і тыя, хто ў ім хаваўся, не загінулі. Паціху вядзецца і эвакуацыя насельніцтва, хоць тэмпы ўсё ж не тыя. А асобы з украінскага кіраўніцтва выказваюць асцярожны аптымізм і спадзяюцца, што гарачая фаза вайны ўжо не працягнецца надта доўга. Члены ж НАТА з ліку краін Балтыі прымаюць на ўзроўні парламентаў звароты аб неабходнасці такі закрыць украінскае неба. «Наша Ніва» працягвае сачыць за падзеямі ва Украіне і вакол яе.