У роліку БТ фігуруюць двое: 34-гадовы Сяргей Пляшкун і 44-гадовы Юрый Сельвіч. 

Сяргей Пляшкун (злева) і Юрый Сельвіч

Сяргей Пляшкун (злева) і Юрый Сельвіч

Абодва жылі ў Мазыры. У Плешкуна двое малых дзяцей, у Сельвіча двое ўжо дарослых хлопцаў і непаўналетняя дзяўчынка, якую ўзялі з дзіцячага дома.

«Наша Ніва» звязалася з блізкімі знаёмымі сям’і Юрыя Сельвіча. 

«Юрый працаваў на сябе, жонка працуе ў дзіцячым садку. У 2020 годзе Юрый удзельнічаў у пратэстах, яго затрымлівалі, пасля трох сутак аштрафавалі», — расказвае суразмоўца «Нашай Нівы».

Ён кажа, што Сельвіча затрымалі яшчэ 28 лютага. Папярэдне, затрымліваў КДБ. 

«Я не змог датэлефанавацца да яго, пасля аказалася, што ён затрыманы. Да яго прыйшлі з ператрусам, прыходзілі таксама да яго сястры — у яе двары стаіць Юрава машына.

У доме Юры, акрамя старога пнеўматычнага пісталета, нічога не знайшлі, у машыне таксама. Таксама на Юру быў аформлены нейкі гараж, ім займалася яго цешча. Там таксама быў ператрус — наколькі ведаю, нічога не знайшлі. Я так разумею, гэта не той гараж, які паказалі па тэлевізары».

Вынікае, што сачылі за мужчынамі пільна: у сюжэце БТ паказваюць кадры са схаванай камеры ў гаражы, дзе мужчыны абмяркоўваюць свае планы. На запісе яны гавораць пра перспектыву пашкоджання рэльсаў.

Як і чаму сілавікі зацікавіліся менавіта Пляшкуном і Сельвічам, пакуль дакладна не вядома. Магчыма, штуршком стала відэа, якое Сельвіч скінуў у канал «Нехта». На відэа Сельвіч зняў калону расійскай вайсковай тэхнікі, там гучыць і яго голас. У тым гаражы Сельвіч прызнаецца Плешкуну: яго па голасе пазнала нават сястра з Татарстана, якая ўбачыла ролік у тэлеграм-каналах.

У якасці доказаў па БТ паказалі «рэчывы, якія могуць выкарыстоўвацца пры вытворчасці выбуховых рэчываў», пустыя бутэлькі, балончыкі з чырвонай і белай фарбай, пнеўматычны пісталет. Згадалі пра флэшкі з інфармацыяй пра выбухоўкі.

У машыне Плешкуна знайшлі петарды, макет гранаты, дзве біты і бела-чырвона-белы бранзалет.

Выглядае, што галоўным доказам будзе запіс са схаванай камеры ў гаражы. На ім мужчыны таксама абмяркоўваюць, што трэба «нарабіць кактэйлей Молатава», «кідаць іх з моста ў калону». Таксама адзін з іх кажа, што «шукаў учора салдат, каб *** [пабіць іх] і забраць зброю», расказвае, што звязваўся з «Байполам».

Другім доказам стануць паказанні Плешкуна. Яго паказваюць у роліку БТ, кажуць, што ён супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні. Сельвіч жа катэгарычна адмаўляецца супрацоўнічаць са следчымі і не прызнае віну. 

«Юрый не падтрымліваў гэтую вайну. 

У яго ж двое хлопцаў проста цяпер служаць у войску. Старэйшы сын — у спецназе, малодшы — недзе на танку ездзіць ці нешта такое. Праз гэта ён вельмі панікаваў, баяўся, што іх на вайну могуць адправіць,

— расказае знаёмы Сельвіча. — Юрый вельмі перажываў за дзяцей — як і ўсе цяпер. Адзін з яго сыноў служыць у Мар’інай Горцы, цяпер ён на вучэннях.

Калі з 8 сакавіка салдаты з Мар’інай Горкі не выходзілі на кантакт, то туды проста паехалі іх маці, пытацца, дзе іх дзеці. Наколькі я ведаю, жанчынам салдат не паказалі, растлумачылі, што тыя ў лесе, на вучэннях, але паабяцалі што ў гэтую нядзелю (20 сакавіка) усе вернуцца. 

Сын Юрыя расказваў, пра што ім кажуць у войску. Яшчэ ўвосень ім расказвалі, што Польшча хацела б напасці, што вакол ворагі. А цяпер палохаюць нападам Украіны.

Юрый вельмі хваляваўся за дзяцей. Але ніколі не казаў, што плануе нешта прадпрымаць. Яго затрыманне — шок. Мяркую, яго словы — проста на эмоцыях, на сапраўдныя дзеянні ён бы не пайшоў. А па тэлевізары ўсё накруцілі, што яны тэрарысты».

Цяпер Пляшкуна і Сельвіча вінавацяць у падрыхтоўцы акта тэрарызму. Ім пагражае да 20 гадоў калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0