У візавым цэнтры Латвійскай Рэспублікі ў Мінску растлумачылі, што запіс на падачу дакументаў сапраўды прыпынены, але часова: адбыліся «тэхнічныя непаладкі», піша Zerkalo.io.
Пакуль яны не вырашацца, запісваць нікога не будуць, сказалі ва ўстанове. Калі ўсё наладзіцца, там таксама не ведаюць. Параілі перыядычна тэлефанаваць — магчыма, праблемы ліквідуюць ужо заўтра.
У МЗС Латвіі пацвердзілі, што ў візавым цэнтры запіс прыпынілі, але запэўнілі, што консульства Латвіі ў Віцебску працуе, туды можна пісаць і дамаўляцца аб атрыманні візы. Праўда, ёсць нюансы.
«Пакуль візы афармляюцца выключна па пытаннях працы, ўз'яднання сям'і, надзвычайных абставінах, — растлумачылі ў МЗС. — Рашэнне аб выдачы візы прымае консульства». Прыпыняць выдачу віз беларусам Латвія пакуль не плануе, распавялі ў МЗС. Прынятае толькі рашэнне прыпыніць выдачу для грамадзян Расіі.
На пытанне, ці не закране гэта і нашу краіну, на іншым канцы провада адзначылі: «Беларусь жа не Расія».





