Помнік Дзюку Рэшылье ў Адэсе абкладзены мяхамі з пяском. Фота: Укрінформ.
Перад уварваннем Расіі ва Украіну заходнія разведкі здабылі планы расійскай арміі. Адэса, найбуйнейшы ўкраінскі порт, была ў іх прыярытэтам. На карце кірункаў уварвання на Украіну, якую паказаў Аляксандр Лукашэнка, удар праз Адэсу на Малдову таксама значыўся.
Чаму ж Адэса дагэтуль у бяспецы?
Мяркуючы па ўсім, украінскія вайскоўцы пад Мікалаевам і Марыупалем практычна цалкам знішчылі асабовы склад падраздзяленняў марской пяхоты РФ, якія павінны былі наступным пунктам штурмаваць Адэсу.
Пра гэта, у прыватнасці, паведаміў у Facebook спікер аператыўнага штаба Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук.
Украінцы былі падрыхтаваныя да сустрэчы расійскага дэсанту і нанеслі яму вялікія страты.
Самыя зацятыя баі цяпер працягваюцца на поўдні Украіны. Кантроль над гэтым рэгіёнам дазволіў б Маскве аб’яднаць «далучаны» у 2014 годзе Крым з кантынентальнай Расіяй.
Жыхары Адэсы насыпаюць песок у мяшкі для барыкад. Скрыншот з Суспільне ТВ.
За апошнія тыдні змянілася рыторыка афіцыйнай расійскай прапаганды — яе фокус змясціўся з «узяцця» Кіева на Марыупаль. Калі напачатку расійская прапаганда публікавала бравурныя матэрыялы пра тое, што Украіна будзе ліквідаваная як дзяржава, а Пуцін асабіста заклікаў украінскую армію да звяржэння законна абранага кіраўніцтва краіны, то цяпер расійскія афіцыйныя асобы паўтараюць, што акупацыя Украіны не ўваходзіць у іх планы.
Украінскія войскі працягваюць абараняць асаджаны Марыупаль. У той жа час працягваюцца баі на подступах да Курахова, Запарожжа і Крывога Рога. А на кірунку Херсон — Мікалаеў украінцы перайшлі ў контрнаступ.
Байцы батальёна імя Кастуся Каліноўскага хочуць біцца за Марыупаль ВІДЭА
Збегчы з-пад аблогі: як з Марыупаля выратаваліся аўтары тых самых здымкаў з радзільні
Марыупаль: як Расія сцірае з зямлі самы прарасійскі горад Украіны





