Антон, 24 гады, супрацоўнік бібліятэкі:

«Хвалюе асэнсаванне, што ўсё страчана. Думка пра тое, што, імаверна, ці мы ўжо праглынутыя ці нас праглынуць у наступным. Украінская сітуацыя б'е ў самае сэрца. І кожны дзень пражываецца з цяжкасцю ад навінаў адтуль. І пры тым сітуацыя ў нас таксама не змянілася. Што ні дзень — затрыманні, суткі, крымінальныя справы. Тэма бяспекі абвастрылася, і баішся глядзець што заўгодна, бо не ведаеш, ці не прызнанае яно экстрэмісцкім. Хвалюе рост цэнаў. Разуменне, што санкцыі будуць ісці і ў наш бок.

Будучыня не пакрытая туманам, яна ў дыме. Мне балюча ўявіць і думку пра стварэнне сям'і, бо баюся яе не пракарміць, боязь за дзіця, якому давядзецца прыйсці на свет у такі час.

Хвалюе думка, што калі сістэма выстаіць, дзяцей будуць апрацоўваюць, бо цяпер ідэалогія і патрыятызм сталі часткай Асноўнага закона». 

Ганна, 42 гады, псіхолаг:

«Мяне хвалюе вайна, адсутнасць пачуцця бяспекі, страх за сябе і дзяцей. Хвалюе вялікая верагоднасць эканамічнага дэфолту, крах бізнэсу. Страх за будучыню дзяцей. Разумею, што бліжэйшым часам ні ў вучобе, ні ў рэалізацыі тут рабіць няма чаго».

Паўліна, 18 гадоў, студэнтка:

«Мяне хвалюе, што будзе з маімі блізкімі. Многія з іх былі затрыманыя, а такое не забываецца. Гэта нават не хваляванне, а страх паўтарэння гэтага кашмару. Яшчэ я турбуюся пра тое, што ж будзе ў будучыні з эканомікай Беларусі.

Я дакладна ведаю, што не хачу і не буду з'язджаць з краіны. Ірацыянальнае жаданне, бо я не ўяўляю, як тут забяспечыць сябе і сваіх будучых дзяцей.

І я не магу не хвалявацца з-за вайны на тэрыторыі Украіны. Багацце недакладнай інфармацыі ці выкручаных навыварат фактаў толькі падліваюць алею ў агонь».

Галіна, 78 гадоў, пенсіянерка:

«Мяне цяпер хвалюе толькі адно: як хутка нашы беларусы расплюшчаць вочы і адкрыюць вушы, каб ацаніць рэчаіснасць».

Андрэй, 30 гадоў, капірайтар:

«У першую чаргу хвалюемся праз сітуацыю ва Украіне. Гэтая тэма з’яўляецца асноўнай у прыватных гутарках. Кожны ранак пачынаецца з прагляду стужак навін у Тэлеграме і іншых крыніцах. Безумоўна, першы шок ужо мінуў. Але без болю глядзець на сотні паведамленняў пра гібель людзей немагчыма. Псіхалагічна чытаць зводкі вельмі цяжка. Некаторыя ўзялі за правіла скроліць навінныя стужкі толькі раз на дзень, каб заставацца у нармальным псіхалагічным стане.

Зрэшты, шмат маіх сяброў-прыяцеляў мужчынскага полу дагэтуль апасаюцца таго, што наша краіна можа быць уцягнутая ў вайну. Ходзяць чуткі, што хлопцам прыходзяць павесткі ў ваенкамат. Але гэта, на шчасце, застаецца чуткамі. Некаторыя, у каго была магчымасць, на пэўны час з’ехалі з краіны. Некаторыя сядзяць «на чамаданах» у чаканні горшага. Аднак цяпер у гэтым плане стала больш спакойна. Некалькі чалавек нават вярнуліся з вымушанай «паўэміграцыі».

Што тычыцца эканамічнага боку, то тут таксама першы шок ужо за плячыма. Курс валют трохі адкаціўся. Даляры ці еўра таксама можна набыць, але прыйдзецца абысці некалькі абменнікаў.

Выклікаюць вялікую турботу цэны на спажывецкія тавары. Напрыклад, адносна нармальныя памідоры ў крупных гандлёвых сетках прадаюцца за 10 — 12 рублёў, хаця яшчэ два месяцы таму іх можна было набыць за 6 — 8.

Папулярныя італьянскія макароны зусім нядаўна каштавалі два рублі, а цяпер ужо пяць. Па адчуваннях, рэзка падраслі цэннікі на бытавую хімію. З іншага боку, дэфіцыту тавараў, магу казаць толькі за сталіцу, не назіраецца. 

Калі падсумаваць, то настроі ў людзей не панічныя, але даста­ткова трывожныя.

Мно­гія проста не разуме­юць, як паступіць у гэтай сітуацыі, і пускаюць ход падзей на «самацёк» — ніб­ыта нічога дрэннага не адбываецца. Людзей зразумець можна. Зачыніцца ўнутры сябе — такая асаблівая псіхалагічная рэакцыя. Хтосьці шукае варыянты пр­ацаўладкавання ці ву­чобы за мяжой, дзе больш магчымасцяў. Бо­льш за ўсё пужае нев­ядомасць. Ніхто не ведае, калі ўсё скончыцца і як гэта адгук­нецца для краіны ў цэлым і кожнага ў пры­ватнасці».

Наталля, 57 гадоў, выкладчыца:

«Мяне, шчыра кажучы, хвалюе толькі вайна і ўвогуле ўсё, што адбываецца ў нас, ва Украіне і Расіі. Усё астатняе адышло на другі план. Яшчэ агульныя этычныя пытанні хвалююць. Чалавечнасць, стаўленне да жывёл».

Аліса, 30 гадоў, менеджар:

«Бяспека людзей ва Украіне і ў Беларусі. Хвалюе рост цэн, скарачэнне працоўнага дня. Блізкія ўжо за свой кошт нават бяруць выхадныя. У цэлым хвалюе далейшы ўзровень жыцця».

Мікалай, 71 год, пенсіянер:

«Найбольш хвалюе тое, што адбываецца ва Украiне. З аднаго боку, вельмі шкада людзей, якiя гiнуць, з другога — захапленне мужнасцю ўкраiнцаў. Слава Украiне!

І шкада, што я асабiста не магу далучыць да батальёна Кастуся Калiноўскага».

Станіслаў, 21 год, студэнт:

«Часам, канечне, узнікаюць думкі пра рост цэн, заробкі. Але на першым плане больш глыбокія пытанні.

З'язджаць ці заставацца? Калі з'язджаць, то куды, і як рэалізаваць сябе на новым месцы? Наш вельмі ціхі пратэст — гэта здрада і баязлівасць ці разумны клопат пра ўласную бяспеку? Хвалюе нянавісць у дачыненні да звычайных беларусаў.

З аднаго боку, украінцы цяпер маюць права злавацца і крыўдзіцца на нас, бо яны ў экстрэмальных умовах. Але гэта вельмі спрошчаная карціна. Часткова беларусы таксама ахвяры вялікай вайны. І маюць рацыю тыя, хто пытае: а як беларусаў у 2020 падтрымалі? Акрамя выказвання заклапочанасці, плакатаў і канцэртаў. Але цяпер мы не маем права кідаць нейкія абвінавачванні ўкраінцам.

Турбуе паступовы працэс страты суверэнітэту. Раней выкаранялася беларушчына, цяпер расійская армія выкарыстоўвае нашу зямлю».

Пётр, 33 гады, айцішнік:

«Калі каротка, то: як выжыць? Вялікая бяда з працай! Сказаць, што зацягнулі паясы, то нічога не сказаць. Хочацца брацца за аўтамат ці з'яжджаць з краіны». 

Любоў, 36 гадоў, супрацоўніца банка:

«Вайна. Гэта адзінае, што ў маёй галаве. Я не разумею, як жывуць мае знаёмыя, якія абстрагаваліся ад усяго і жывуць толькі праблемамі, дзе б смачна паесці і саладзей выпіць. Цяпер я вельмі выразна бачу нашу цёмную будучыню, і калі яна стане светлай — незразумела. У мяне ўсё. Сумна, але як ёсць». 

Чытайце таксама:

«Толькі дзеянне ратуе». Спыталі ў вядомых беларусаў, як перажыць гэтыя часы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0