Украінскі пажарны ўваходзіць у вялікі склад прадуктаў харчавання, які быў разбураны ў выніку авіяўдара раніцай на ўскраіне Кіева, 13 сакавіка 2022 года. Фота: AP, Вадзім Гірда 

Украінскі пажарны ўваходзіць у вялікі склад прадуктаў харчавання, які быў разбураны ў выніку авіяўдара раніцай на ўскраіне Кіева, 13 сакавіка 2022 года. Фота: AP, Вадзім Гірда 

«Снілася, што я ў родных Баранавічах, і пачынаецца «тэставы абстрэл» горада. У мяне атрымліваецца дабрацца дадому непашкоджанай.

Кладуся спаць, з галавой пад коўдрай, і прачынаюся: бачу мужчыну ў аліўкавай форме. Ён выходзіць з пакоя, прыходзіць мая мама і кажа, што яны па хатах ходзяць з вобшукамі, што правяралі тэлефоны яе і сястры.

Я аддаю ёй свой ноўтбук, каб яна яго схавала, і пачынаю выдаляць свае перапіскі ў мэсэнджарах, а ў самы галоўны чат пішу: «Тут мусор». 

«Амаль кожную ноч сніцца эвакуацыя і што я не магу знайсці свайго 9-месячнага сына, а таксама іншыя жахі пра вайну».

«Пару дзён таму прыснілася, як я збіраю чамаданы, каб эвакуявацца. Усё было вельмі рэалістычна. Вырашаю, што ўзяць, згадваю, дзе ляжаць грошы і дакументы. Кажу дзецям, каб менш бралі, бо, магчыма, давядзецца ў руках несці.

І тут нейкім чынам у нас дома з'яўляецца двое незнаёмых дзяцей. Проста сядзяць на канапе і чакаюць, пакуль мы збярэмся. І высвятляецца, што, каб узяць іх з сабой, трэба нейкія чамаданы пакінуць. Самае цяжкае ў гэтым сне, што я вырашаю некалькі хвілін: браць гэтых дзяцей ці чамаданы. Канечне, узялі дзяцей.

Мне цяжка прызнацца ў гэтым нават самой сабе. Але роздумы ўсё ж прысутнічалі. Цяпер я жыву з гэтым».

«Мне нічога не сніцца ўжо доўгі час. Чорная бездань нейкая. Галаву на падушку — і раніцай прачнулася. Цяпер стала выключаць тэлефон на ноч, каб наогул спаць».

«Мне сёння прыснілася, што я малая, школьніца, і ў родным райцэнтры іду з класам у бок сваёй старой хаты.

Тут па вуліцах пачалі везці ракеты, людзі крычалі мне: «Сызодзь!» Мы ўсе пабеглі.

Шмат міліцыі: і збоку, і ззаду, і насустрач. Людзей хапалі, я ўцякла. Потым апынулася ў хаце ў нейкага прафесара. Я ўмела лётаць, і ён усё казаў: «Фенаменальна!».

Настаўніца з Новай Кахоўкі, акупавай расійскімі войскамі, сядзіць у вагоне метро, які выкарыстоўваецца ў якасці бомбасховішча. Кіеў, 13 сакавіка, 2022 г. Фота: АР, Яфрэм Лукацкі

Настаўніца з Новай Кахоўкі, акупавай расійскімі войскамі, сядзіць у вагоне метро, які выкарыстоўваецца ў якасці бомбасховішча. Кіеў, 13 сакавіка, 2022 г. Фота: АР, Яфрэм Лукацкі

«Спалены дом. Палова ацалела. Цягнiкi, на якiя немагчыма сесцi. Зазвычай яны едуць дадому»

«У эміграцыі жыву ўжо год. Спачатку з'ехала з Беларусі ва Украіну, а цяпер адтуль у Польшчу.

Снілася, як я са сваёй мінскай кватэры бягу на вакзал. У мяне дома шмат незнаёмых людзей, якія хочуць забраць мае рэчы сабе, дзеляць нерухомасць. Усе мне ўсміхаюцца, імкнуцца дагадзіць.

Хапаю валізку і бягу. І тут перад вачыма Львоўскі вакзал. Бягу, бягу, а ён ад мяне ўсё далей і далей. Вуліцы нейкія чорныя. Гэта апошні сон, ад якога было жудасна». 

«Сніцца суцэльны АМАП і затрыманні. Не ведаю, чаму. Магчыма, з-за таго, што нядаўна з-за маёй пазыцыі мяне звольнілі з працы. Раней такога не было, а цяпер амаль кожную ноч».

«У маім несвядомым я яшчэ сяджу на сутках. Дзякуй богу, што ўжо радзей.

Снілася, як прыйшлі за мной дадому, было перазатрыманне, і я басанож уцякала па горадзе. Учора да страты пульсу гуляла перад сном па набярэжнай, і сёння я проста спала».

«Сніцца затрыманне, валанцёрства, вайскоўцы, нейкія баявыя дзеянні. І гэта не звязана з вайной, раней таксама такое было. Бывае, сняцца хлопцы, але гэта час ад часу».

«Нічога! І гэта радуе, хоць сёння выспалася, не прачыналася ноччу. Тэлефон шукала раніцай, а аказалася, што я ўціснула яго адным месцам у матрац. Так што мне далёка да прынцэсы на гарошыне».

«Мне сніцца Святлана Ціханоўская апошнім часам часта. А сёння яшчэ снілася мая манікюршчыца, яна з Украіны». 

«У мяне муж палітвязень. Нядаўна пісаў, што яму сніцца дом, дзеці і я. А мне неяк нічога не сніцца. Спачатку некалькі разоў мужа сніла, а цяпер не». 

«Стала сніцца, што я нейкім чынам атрымліваю зброю, радасны іду замагацца за вызваленне Беларусі і ваюю з лукашэнкаўцамі. Спадзяюся, што гэта добры знак».

«Нядаўна снілася, што бамбілі Мінск. Як заўсёды ў сне — усё скажона, але, быццам, гэта быў цэнтр горада, нейкая сумесь вакзала і Нямігі. Пачалі падаць бомбы. Я некуды ўцёк, потым зноў былі выбухі. Сон не быў доўгім, але пачуццё невялікага жаху было, проста як калі даведаўся, што Расія напала на Украіну».

«У ноч на 21 сакавіка прысніў, што атрымаў 15 сутак. За што, не памятаю. Важная дэталь: далі матрац і дазволілі патэлефанаваць бацькам. Усё будзе добра!»

«Мне сняцца ўсякія сны, як і заўсёды. Пра турму і затрыманне нічога даўно не было. Напрыклад, сёння прыснілася нейкая гутарка, я павінна была нешта тлумачыць камусьці, чаму я нешта не зрабіла. Потым раптам побач са мной апынулася маленькая пума ў дзіцячым капюшоне, і загарэлася лямпачка на нейкім пульце. Мне растлумачылі, што гэта значыць, што яна хоча есці. І я прачнулася. Увогуле, Фрэйд адпачывае!»

«Сёння сніла, як мы сцяг вялікі вешалі на мосце».

«На пачатку лютага мне прыснілася, што будзе вайна. Гэты сон спраўдзіўся, у мяне нават дэжавю было. Пасля гэтага прыснілася, як я бягу ў натоўп людзей у чорным. Як быццам у натоўп АМАПа, але ў іх такой формы няма. Я і яшчэ шмат людзей проста кідаемся на іх.

Яшчэ адзін сон быў пра мядзведзяў. Мы ад іх адбіваемся, хаваемся ў нейкім рэстаране. І апошні сон — бачыў раскіданыя па падлозе залатыя завушніцы. Я іх збіраў. А ў першыя дні пачатку вайны чамусьці сніўся сэкс. Прычым адразу з дзвюма дзяўчатамі, з якімі былі ў нейкім гатэлі, як быццам у Нью-Ёрку.

Або што я проста сплю ў абдымку з дзяўчынай. І разам з гэтым пачуццё абсалютнага спакою».

«Мне сняцца кашмары. Учора прыснілася, што на аўтазапраўцы чарга з трунаў з людзьмі замест машын».

«Прусакі. Вельмі шмат прусакоў вакол. Хлопец казаў, што я ўначы крычу і адбіваюся. А яшчэ сніцца крывавая слізь, якая ўсё паглынае і нападае на людзей. Я спрабую іх абараніць. Прачнулася ў момант, калі слізь на мяне накінулася. Добрага нічога не сніцца».

«Сёння я сніла вызваленне Марыупаля беларускімі добраахвотнікамі». 

«Пару дзён таму мне прыснілася, што ў маім горадзе, у Маладзечна, гучыць сірэна супрацьпаветранай абароны. Я ўскочыла і стала ў паніцы паднімаць дзіця з ложка.

Потым да мяне дайшло, што гэта сон. Але раніцай усё роўна ў першую чаргу палезла чытаць навіны, бо была ўпэўненая, што чула сірэну, і думала, што гэта нейкае тэставае апавяшчэнне ці памылка».

«Ужо не першы раз сніцца, як з’язджаем з Беларусі. Хутка збіраемся, пакуем чамаданы, апранаем дзяцей, шукаем катоў, каб толькі нічога не забыць. Гэта сапраўдны жах».

***

Псіхолагі кажуць, што любы сюжэт у сне, звязаны з актуальнай жыццёвай сітуацыяй чалавека, можа быць ключом да вырашэння нейкіх яго праблем. Гэта значыць, псіхіка любога з нас не вытрымлівае і імкнецца да разгрузкі. Сны, якія перадаюць змест якіх-небудзь траўматычных падзей, дапамагаюць у такой разгрузцы. Гэта рэакцыя псіхікі на тое, што адбываецца. Такім чынам чалавек пражывае пачуцці, падзеі і сітуацыі, якія адбываюцца.

«Наш вельмі ціхі пратэст — гэта баязлівасць ці разумны клопат пра ўласную бяспеку?» Што цяпер хвалюе беларусаў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?