«Доктар Хаус» — бронзавы прызёр Вышэйшай лігі КВЗ-2021. Фота: vk.com/doktorhayss

«Доктар Хаус» — бронзавы прызёр Вышэйшай лігі КВЗ-2021. Фота: vk.com/doktorhayss

У Вышэйшай лізе гэтая беларуская каманда выступае з 2020 года — і робіць гэта вельмі паспяхова. Мінулы сезон прынёс гумарыстам выхад у фінал і бронзавыя медалі па яго выніках. Пры гэтым каманда жартавала на актуальныя тэмы, а палітыка (у тым ліку ўнутраная) часта станавілася аб'ектам вострай сатыры.

Напрыклад, дзеянні Аляксандра Лукашэнкі на міжнароднай арэне кавэзэшнікі выкарыстоўвалі як падмурак для нумароў, а некаторыя іх мініяцюры айчыннае ТБ увогуле выразала з паказаў на тэрыторыі Беларусі.

Аднак колькі дзён таму па сацсетках панёсся негатыўны розгалас у дачыненні да каманды. Па сцверджанні некаторых прыхільнікаў КВЗ, падчас старту новага сезона, 1/8 фінала, беларусы паказалі брудны жарт. Сэнс яго пераказалі так: выступ адбываецца ў тэатры расійскай арміі, у той час, як сама армія рыхтуецца да выступаў на плошчах Харкава ды Адэсы, а фінальны канцэрт правядзе ў Кіеве. Пісалі, што нібыта нават расійскае тэлебачанне выразала нумар з эфіру.

Скрыншот паста ў Фэйсбуку

Скрыншот паста ў Фэйсбуку

Запісу скандальнай гульні на мэдыя-рэсурсах не знайшлося. У анлайн-аглядах 1/8-й згадак нейкай крамолы таксама не назіралася, хаця людзі, якія ў рэжыме рэальнага часу сочаць у зале за гульнямі, такія рэзанансныя жарты звычайна пераказваюць. 

Вось што нам удалося даведацца пра сітуацыю. 

Варта прывесці скандальны дыялог цалкам. «Хаусы» падалі тэкст так:

— Мы выступаем у тэатры расійскай арміі.

— А дзе самі акцёры гэтага тэатра?

— Яны на гастролях. 20 лютага Харкаў, 22 лютага Адэса, 23 лютага — вялікі канцэрт…

— Стоп! Адкуль ты ўзяў гэтую інфармацыю?

— Ды з Bloomberg…

Як тлумачаць відавочцы гульні, на момант тэлевізійных здымак, а гэта 17 лютага, жарт тычыўся дэзінфармацыі з боку заходніх СМІ, бо прыблізна ў тыя даты тэма актыўна абмяркоўвалася разнастайнымі выданнямі.

«Ніхто і паверыць не мог, што той жа Bloomberg будзе мець рацыю.

Таму калі жарт падаваўся на «прагонах», на рэдактуры, з зале ўсе ўспрымалі яго пазітыўна: і каманды з іншых гарадоў ды краін, і дасведчаныя ў КВЗ эксперты. Тым больш, што рэпрыза са сцэны прагучала інакш, чым яе падалі і пасля ўзяліся тыражыраваць ў сацсетках.

Але вельмі хутка сітуацыя змянілася, з-за чаго тэкст стаў гучаць жудасна ды абразліва», — кажуць тыя, хто наведваў гульню.

Наколькі вядома, у эфір жарт не пайшоў. Як мінімум таму, што эфіру гэтага не было ні на «Першым канале», ні дзесьці яшчэ. Перадача не пабачыла свет увогуле, адпаведна і на Ютубе не з'явілася — туды выпуск заліваецца толькі пасля тэлевізійнай трансляцыі.

Сам калектыў разумее недарэчнасць сітуацыі і шкадуе, што недарэчны жарт справакаваў хвалю негатыву як у бок «Доктара Хауса», так і непасрэдна КВЗ.

«Мы не мелі аніякага намеру пакрыўдзіць украінцаў альбо спрычыніцца да палітычных халівараў. Таму можам толькі яшчэ раз папрасіць прабачэння за недасканалы жарт», — адказалі прадстаўнікі каманды.

Бяззуба і за ўсё трэба плаціць: былы гулец пра закуліссе расійскага КВЗ

Аляксандра Маслякова ў КВЗ на час хваробы заменіць Дзмітрый Нагіеў

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0