Як можна адправіць дэкларацыю
Падаць падатковую дэкларацыю можна асабіста ў падатковай, адправіць яе па пошце з вопісам укладання альбо анлайн праз Асабісты кабінет плацельшчыка. Атрымаць доступ да такога кабінета можна альбо праз лагін і пароль, якія трэба атрымаць у падатковай, альбо праз электронны лічбавы подпіс.
Які штраф пагражае, калі «забыцца» пра дэкларацыю
Калі пратэрмінаваў падачу дэкларацыі, то можна атрымаць штраф — 2 базавыя велічыні (у гэтым годзе — 64 рублі). За кожны месяц пратэрміноўкі ён павялічваецца на 0,5 базавай, але ў агульнай суме не можа перавысіць 10 базавых (320 рублёў). Але тут ёсць нюанс. Калі вам налічылі падатак да выплаты, то пратэрміноўка павінна перавышаць 3 дні, каб выпісалі штраф. Таксама прыйдзецца заплаціць тым, хто на 12 месяцаў спозніцца з падачай дэкларацыі, але яму па факце не выставяць падатак для выплаты.
Каму трэба падаваць дэкларацыю
У Міністэрстве па падатках і зборах пералічваюць тых, каму трэба падаваць дэкларацыю за мінулы год.
— Тыя, хто ў 2021 годзе прадаў транспартны сродак (пачынаючы з другога аўтамабіля).
— Тыя, хто за апошнія пяць гадоў (з 2017-га па 2021 год) прадаў больш за адну кватэру, жылы дом, дачу, садовы домік, гараж, машына-месца, зямельны ўчастак, незавершаны капітальны будынак на зямельным участку, а таксама долі на вышэйпаказанай маёмасці. Падаваць падатковую дэкларацыю і плаціць падатак трэба ў тым выпадку, калі вы прадалі два аб'екты нерухомасці аднаго тыпу — напрыклад, дзве кватэры ці дзве дачы. Калі вы прадалі розныя аб'екты нерухомасці (напрыклад, кватэру і дачу), плаціць падатак не трэба.
— Тыя, хто ў 2021 годзе прадаў адзін і больш аб'ект нерухомасці, якія не адносяцца да пералічаных вышэй. Гэта могуць быць, напрыклад, гандлёвыя, офісныя, адміністрацыйныя памяшканні.
— Тыя, хто ў 2021 годзе атрымаў у падарунак суму больш 7521 рубля (у суме ад усіх крыніц на працягу года). Выключэнне-грашовыя падарункі ад блізкіх сваякоў і блізкіх сваякоў з боку мужа/жонкі. Грашовыя падарункі ад іх не абкладаюцца падаткам незалежна ад сумы.
— Тыя, хто ў 2021 годзе атрымаў даход за мяжой або з-за мяжы. Хто на працягу года правёў за межамі Беларусі 183 ці больш дня, не лічыцца яе падатковымі рэзідэнтамі і дэкларацыю падаваць не павінны.