«Расійскя улады тут ніхто не чакае, ніхто не хоча, каб было, як у Расіі»

— Ідзе 28-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны. Якая цяпер актуальная сітуацыя ў Мікалаеўскай вобласіці? Дзе ідуць баі? Якія поспехі ва ўкраінскіх вайскоўцаў? Якія страты?

— Актуальная сітуацыя ў Мікалаеўскай вобласці лепшая, чым была ўчора. Ноч была з абстрэламі, загінулі двое мірных жыхароў. Расіяне абстралялі склады з сэканд-хэндам, пяць машын згарэла. Пажар лакалізавалі. Адчуванне, што абстрэльвалі, каб проста нашкодзіць людзям, бо, акрамя выбітага шкла і пашкоджанай маёмасці, нічога не адбываецца.

Ад пачатку вайны з Мікалаеўшчыны з'ехала каля траціны жыхароў, ад 300 да 400 тысяч чалавек. За амаль месяц вайны дастаткова шмат пацярпелых. Менш, чым у раёнах, дзе расійскія акупанты проста раўняюць з зямлёй гарады. У нас сітуацыя крыху лепшая, тым не менш у нас таксама ёсць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і сярод вайскоўцаў. Лічбы не хачу называць. Магу сказаць толькі пра параненых. На гэты момант каля 300 параненых мірных жыхароў у шпіталях. Страты ў ворагаў вялікія, мы пачынаем іх неяк перапісваць, лічыць, звозіць. Частку яны забіраюць. Страты ворагаў у разы большыя за нашы, але цяпер вайна крыху іншы характар мае. Яны акопваюцца, не рухаюцца. Іншая вайна. Пазіцыйная, напэўна.

— Як можна супрацьстаяць тактыцы расіян, якія захопліваюць і выкрадаюць кіраўнікоў гарадоў, раёнаў, каб паставіць на іх месца людзей, якія будуць іх падтрымліваць?

— Справы такія, што каго б яны ні заклікалі і ні прасілі, гэта не працуе. Чалавек 3—5 выйшла прарасійскіх ідыётаў. Па-іншаму на іх ніхто не рэагуе. У нас не існуе лідараў грамадскай думкі, якія падтрымліваюць расіян. Прарасійскія партыі сказалі: «Не, мы не ідыёты, мы з Расіяй сябраваць хацелі, а яны ў нас страляюць». І сябры гэтых партый узялі зброю і страляюць па расіянах цяпер. Расіянам няма на каго абаперціся ў нашых рэгіёнах і па ўсёй краіне. У нас аб’яднанне людзей на 99,9%. Гэта немагчыма і без сэнсу. Яны захапілі і ўгаварылі кагосьці нібыта прадстаўляць Херсон, і яго расстралялі яго ж кампаньёны маментальна. Расійскіх уладаў тут ніхто не чакае, ніхто не хоча, каб было, як у Расіі. Мы хочам, каб было, як у нас. Шчасліва і добра. Як было раней.

— Ці прадпрынялі вы пэўныя меры бяспекі, каб вас не маглі выкрасці?

— Хто мяне выкрадзе? Якія меры? Ну добра, прадпрыняў…

«Я разумею беларусаў»

— За апошнія тыдні вы сталі адным з самых папулярных палітыкаў у Беларусі. Людзі бачаць эфектыўнага, блізкага да народа мясцовага лідара, адрознага ад паслухмяных і безаблічных «вертыкальшчыкаў» на чале беларускіх рэгіёнаў. Чым беларусы, якія супраць вайны, могуць дапамагчы ўкраінцам, чым могуць дапамагчы людзям на Мікалаеўшчыне?

— Я разумею беларусаў, бо ў вас там лідар таксама не змяняецца (як і ў Расіі). Калі чалавек доўга ва ўладзе, ён губляе сувязь з народам, адрываецца ад зямлі і жыве ў сваім свеце, у сваё малой галаве. Я цудоўна гэта разумею, таму што беларусы хочуць зменаў, хочуць жыць добра.

І асноўная праблема, чаму расіяне нападаюць на нас… Калі ў нас атрымаецца дэмакратычная краіна са свабодай прэсы і свабодай слова… Падабаецца нехта ці не падабаецца — мы выбіраем, можа, памыляемся, але гэта наша справа. Мы развіваемся, і гэта бачаць краіны-дыктатуры, думаюць — не дай бог ва Украіны гэта атрымаецца, і іх народ таксама захоча ўсё змяніць, каб было добра. Як у старой добрай славянскай прымаўцы: нам не абавязкова, каб у нас было лепей, чым у суседа, дастаткова, каб у суседа было горш, чым у нас. Па гэтым прынцыпе на нас і нападаюць.

Што магу пажадаць беларусам. Я назіраў, калі выбары былі ў Беларусі, і вельмі ганарыўся тым, што столькі людзей выйшла і пратэставала супраць незаконных выбараў у вас. Мы ж не лезлі да вас з войскамі і не казалі, што лічым, што гэта было несумленна, і цяпер мы вам дапаможам і вас вызвалім. Але ваша сітуацыя сапраўды была такая, што трэба было ратаваць людзей. Я жадаю беларусам змагацца. Не баяцца і змагацца. Калі не пачаць, гэта ніколі не адбудзецца. Усё роўна трэба змагацца і адстойваць свой пункт гледжання насуперак усяму.

«Я бачу супраціў беларусаў, якія не хочуць ваяваць на чужой зямлі»

— Я падпісаная на ваш тэлеграм-канал. Вы выставілі фота беларускіх пашпартоў, на якіх нібыта ўкраінскія памежнікі напісалі «Слава Украіне». Магчыма, гэта пашпарты беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, уцяклі праз рэпрэсіі ва Украіну і выступаюць супраць вайны. Як вам падаецца, ці слушна так рабіць?

— Не ведаю. Магчыма, і не слушна. Цяпер вялікая плынь інфармацыі, існуюць розныя меркаванні, і потым мы ва ўсім дэталёва разбіраемся. Усе могуць памыляцца. У любым выпадку, я бачу супраціў беларусаў, якія не хочуць ваяваць на чужой зямлі. У вас там таксама не вельмі добра, што, маўляў, цудоўная краіна — і трэба камусці дапамагаць, траціць свае рэсурсы, сваіх салдат адпраўляць паміраць за чужую ідэю. Як я разумею, вам бы са сваёй краінай разабрацца. Я вельмі хачу, каб не было ваенных дзеянняў паміж Украінай і Беларуссю. Незразумела, навошта. Нам няма чаго дзяліць з вамі, дакладна.

Гэта ўплыў суседняй вялікай краіны на вас, навязванне іх ідэяў і пажаданняў. Я перакананы, што беларусам вайна не патрэбная, і не патрэбныя трупы, якія прывязуць. Мы, на жаль, не маем выбару. Усіх, хто са зброяй прыйдзе на нашу зямлю, мы будзем забіваць і адстойваць сваю зямлю. Таму хочацца, каб вы не нападалі, не далучаліся да агрэсара, да акупанта. А з нашага боку, чым можам, дапаможам.

— Як бы вы звярнуліся да беларускіх вайскоўцаў, якіх могуць у любы момант адправіць ва Украіну?

— Для таго каб асабіста зразумець цяперашнюю сітуацыю ва Украіне, ім трэба кантактаваць з камандзірамі і вайскоўцамі расійскіх частак, якія ў нас тут. І яны атрымаюць аб’ектыўную карцінку, а не тую, што чуюць у сваім атачэнні. І хай самі прымуць рашэнне, бо тут іх нічога, акрамя гора, не чакае. Не існуе лёгкай перамогі ва Украіне, мы сваё не аддамо. Мы ўмеем ваяваць і адстаім сваё. Калі яны прымуць рашэнне ваяваць, то гэта будзе іх адказнасць за ўсіх забітых, якіх яны завядуць на тэрыторыю Украіны.

«Я ганаруся сваім народам»

— 13 сакавіка расійскія войскі абстралялі вядомы ва Украіне і за яе межамі дзяржаўны завод «Зоря — Машпроект», які вырабляе газатурбіннае абсталяванне. Завод актыўна супрацоўнічаў з Беларуссю, у 2018 годзе адкрыў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі, але ў сувязі з палітычнай сытуацыяй яно было закрытае ў лютым 2021 года. Гэтае прадпрыемства паставіла і абслугоўвае дзве газатурбінныя ўстаноўкі на Бярозаўскай ДРЭС і адну — на цэмэнтным заводзе у Касцюковічах. У якім стане цяпер гэты завод?

— Адказваць на гэтае пытаньне я не хачу, дакладней, не магу. Сітуацыя кантраляваная. Мы ўсё аднаўляем. Пад абстрэлам, але аднаўляем, бо мы будзем тут жыць і працаваць.

— Чаму Расія пацерпіць паразу ў гэтай вайне?

— Гісторыя цыклічная. Я праводжу аналогію, што нацысцкая Нямеччына таксама вырашыла, што яна самая галоўная ў свеце, і вырашыла захапіць чужыя землі. І ўвесь свет аб’яднаўся супраць аднаго агрэсара і акупанта. Тут такая ж сітуацыя, толькі ў асобе акупанта — Расійская Фэдэрацыя. Няма ў яе хаўруснікаў, ніхто не можа зразумець, навошта гэта. Варыянтаў у Расіі няма. Толькі закрыцца ўнутры сваёй дзяржавы і ўнутры там, можа, далей варыцца.

— Чым вы ганарыцеся і ў што верыце ў гэтыя драматычныя часы?

— Я ганаруся сваім народам. Ганаруся ўсімі сваімі людзьмі. Ганаруся сваім прэзідэнтам. Ганаруся нашым духам і нашай гісторыяй. Тое, што мы робім, будзем рабіць пры іншых абставінах. Ніхто не можа нам аддаць загад здавацца. Мы ўсё роўна будзем адстойваць сваё да апошняга.

— З чаго вы смяяліся апошні раз? Чаму важна перамагаць ворага не толькі зброяй і сілай духу, але і смехам, сатырай?

— Эксклюзіўна вам крыху раскажу. У нас ёсьць Кінбурнская каса, якую называюць Мікалаеўскімі Мальдывамі. Вялікі прыгожы кавалак на моры, туды няма наземнага злучэння. Гэта кавалак нашай вобласці, але ёсць на паўвостраў уваход з Херсонскай вобласці. Там расійскія войскі рухаюцца. У сёлах тэлефоны забіраюць, робяць ператрусы. І дайшлі расіяне па тэрыторыі Херсонскай воблаьці туды. Кажуць — а што гэта ў вас за тэрыторыі? Ім кажуць, гэта Мікалаеўская вобласць. Яны кажуць — не, Херсонская, а ім — Мікалаеўская. Расіяне выйшлі, хвілін 40 раіліся і з'ехалі. У галаве нешта працуе, куды варта лезці, а куды не варта. Гэта са свежага.

Інфармацыйнае поле існуе, схаваць яго расіяне не могуць. Частка крымчан перажывае праз «тэатр баявых дзеянняў» і з'язджаюць ад граху падалей на тэрыторыю Расіі. Гэта гаворыць пра тое, што няма прагрэсу ў Расіі, нічога не могуць зрабіць, акопваюцца. Я разумею, што Пуцін сказаў пакласці людзей, закапаць у акопах. Яму ўсё роўна. А ў нас няма выбару. Як кажуць, змагайцеся і пераможаце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0