Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

Сярод прадметаў, якія веў выкладчык, — філасофія, аргументацыя і крытычнае мысленне, філасофія навукі. Учора Андрэй Лаўрухін напісаў заяву на звальненне. 

«Я перажыў шок, калі ўначы з 23 на 24 лютага даведаўся са СМІ, ад украінскіх калег і сяброў пра пачатак вайны супраць Украіны, — кажа выкладчык. — Мне стала зразумела, што тут немагчыма займаць «нейтральную» пазіцыю, і таму я звярнуўся з заклікам да калег як мінімум не замоўчваць сітуацыю, а яшчэ лепей пачынаць пратэсны рух. Мне падавалася і падаецца цяпер, што найбольш эфектыўная і бяспечная форма пратэсту — забастоўка.

На занятках са студэнтамі мы якраз падышлі да тэмы «Этыка, мараль, палітыка» і не абмяркоўваць актуальную тэму вайны ва Украіне было немагчыма. Але ж я атрымаў, на вялікі жаль, вельмі кіслы водгук ад сваіх расійскіх калег.

Большасць з іх зноў пайшла шляхам так званых «малых спраў», якія ў гэтай сітуацыі былі відавочна неадэкватнымі. А таксама кіслы водгук ад студэнтаў. Большасць з іх адчувала разгубленасць і сумнеў у сваіх здольнасцях супрацьстаяць вайне і абставінам».

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

«Акадэмічнае харакіры» падалося мне адзіным шляхам уратавання ад пагрозы стаць пасіўным саудзельнікам»

Пазней Андрэй убачыў звароты рэктараў 185 вышэйшых навучальных устаноў Расійскай Федэрацыі да Уладзіміра Пуціна. Усе яны выказвалі падтрымку так званай «спецаперацыі».

«Трохі пазней некаторыя акадэмічныя супольнасці зрабілі альтэрнатыўныя звароты да Пуціна і грамадскасці з асуджэннем вайны ва Украіне. Сярод іх была і акадэмічная супольнасць Вышэйшай школы эканомікі, што, вядома, прыемна, — кажа выкладчык. — Але ж усім было з самага пачатку зразумела, што папяровым зваротам вайну ўжо не спыніць, і тут былі патрэбныя больш моцныя аргументы. На жаль, расійская акадэмічная супольнасць аказалася на іх няздольнай.

І тады мне стала зразумела, што я працягам выкладчыцкіх абавязкаў і самой сваёй прысутнасцю ў «Вышцы» ажыццяўляю пасіўны ўдзел у вайне супраць Украіны.

Такі ўдзел у свой час нямецкая філосафка Ганна Арэндт называла «банальнасцю зла»: «усё ідзе па плане» — мы працуем, плацім падаткі і выконваем свае выкладчыцкія і грамадзянскія абавязкі дзяржаве-агрэсару згодна з усталяваным парадкам. І пры гэтым робім выгляд, што быццам бы жывём у нармальным, а не звар'яцелым грамадстве. Менавіта таму я зрабіў свой маральны выбар і сышоў.

У такіх абставінах «акадэмічнае харакіры» падалося мне адзіным шляхам уратавання ад пагрозы стаць пасіўным саудзельнікам у ваеннай агрэсіі. А таксама ў маўклівым грамадскім «адабрамс» на знішчэнне дзяцей і ўсіх мірных людзей ва Украіне».

Непасрэднае кіраўніцтва паставілася да такога рашэння Андрэя з разуменнем і павагай. А з боку больш высокай адміністрацыі пачаліся сігналы, што з выкладчыкам трэба правесці размову. 

«Дарэчы, гэта было звязана з даносам ад адной са студэнтак, якая паскардзілася на мяне, што я на занятках абмяркоўваў «спецаперацыю ва Украіне» і не даў ёй слова ў яе падтрымку. Маўляў, я спаслаўся на аргумент: «Вам будзе дадзенае слова, калі нападуць на вашу краіну». Але ж гэта не так — слова я ёй даў і нават паставіў ёй самую высокую адзнаку менавіта таму, што ведаю свае прафесійныя абавязкі.

Я не даў ёй паўтараць адзін і той жа тэзіс аб «апраўданасці спецаперацыі расіян супраць украінцаў» шмат разоў — гэта так. І паколькі студэнтка была грамадзянкай Казахстана, я выкарыстаў гэты зварот менавіта у кантэксце дадзеных для чытання матэрыялаў: касмапалітычна адчуваць чужы боль, як свой.

Гэты выпадак даносу і рэакцыі вышэйшай адміністрацыі стаў яшчэ адным вельмі істотным штуршком для прыняцця майго канчатковага рашэння сыходзіць. Я напісаў заяву 23 сакавіка, але ж працэс звальнення працягваецца. Цяпер ад мяне патрабуюць змяніць фармулёўку на стандартны выраз «па асабістым жаданні». Я прапанаваў кампрамісны варыянт: «па асабістым жаданні ў сувязі з вайной ва Украіне». Там з фармулёўкай не згаджаюцца», — кажа Андрэй. 

«У сваёй большасці студэнты былі засмучаныя, што я сыходжу»

Нягледзячы на гэты адзінкавы выпадак з даносам, з большасцю студэнтаў у Андрэя было маральнае і палітычнае паразуменне. Гэта натхняла выкладчыка.

«Асабліва, калі пасля жудасных кадраў бамбаванняў і забойстваў мне трэба было «выкладаць прадмет».

Дарэчы, шмат студэнтаў падзякавала мне за смеласць і шчырасць у абмеркаванні актуальных падзей вайны ва Украіне, пытанняў пра калектыўную адказнасць расіян за ўсё, што адбываецца, пра вайну як гвалтоўны інструмент у палітыцы, пра ролю грамадзянскай супольнасці і права студэнтаў на пратэст супраць вайны.

Я атрымаў вельмі істотныя для мяне як выкладчыка, грамадзяніна і чалавека словы падтрымкі і павагі ад вельмі разумных і таленавітых студэнтаў і студэнтак «Вышкі».

У сваёй большасці студэнты былі засмучаныя, што я сыходжу. Але ж гэта пакуль што ўсё, на што яны здольныя — ніякіх масавых пратэстаў супраць вайны мы, на жаль, не ўбачылі. Тут трэба, канечне, удакладніць, што мае студэнты — гэта першы курс.

На іх катастрофа абрынулася раптам, і яны цяпер разгубленыя, праз многія сем’і прайшоў драматычны маральна-палітычны падзел, які студэнты яшчэ не паспелі асэнсаваць.

Некаторыя з іх ужо адсядзелі на сутках за пратэсты на вуліцах Санкт-Пецярбурга. Усе студэнты бачаць, што выхад на вуліцы не можа спыніць вайну, і не ведаюць, што рабіць, яны адчуваюць сябе ў меншасці (як, дарэчы, і я ў Расіі) і дэманструюць добра вядомы беларускам і беларусам сіндром «вывучанай бездапаможнасці», — кажа Андрэй.

Цяпер выкладчык шукае працу. Спадзяецца, што знойдзе яе ў вышэйшай навучальнай ці ў даследчай ўстанове Вільні, дзе знаходзіцца яго сям’я. 

«Я адкрыты да усіх прапаноў і магчымасцяў працы ў адукацыйных, даследчых і грамадскіх арганізацыях», — кажа ён.

«Спалены дом і цягнiкi, на якiя немагчыма сесцi». Што цяпер сніцца беларусам

 «Наш вельмі ціхі пратэст — гэта баязлівасць ці разумны клопат пра ўласную бяспеку?» Што цяпер хвалюе беларусаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0