Занатавалі асноўнае з яе інтэрвʼю ютуб-каналу «Скажы Гардзеевай». 

Мельнікава адзначае, што яшчэ ў снежні, калі з усёй Расіі перакідваліся войскі да мяжы з Украінай, зразумела, справа ідзе да вайны:

«Занадта шмат вайскоўцаў, занадта вялікая лінія. Калі б яны хацелі толькі ў Данбас, усё б абмежавалася толькі Растоўскай вобласцю, як гэта было ў 2014-м», — дзеліцца яна.

Мельнікава кажа, што яшчэ падчас Першай чачэнскай вайны бацькі прыязджалі ў часткі і забіралі адтуль сваіх дзяцей — нехта даваў хабар, нехта ўцякаў праз дзіркі ў плоце. Менавіта так яна раіць рабіць і цяпер тым бацькам, чые дзеці тэлефанавалі і казалі, што іх вязуць да мяжы з Украінай. Аднак цяпер людзі баяцца так рабіць.

«Аніводная сукіна дачка і аніводны сукін сын — ніхто нікуды не паехаў», — эмацыйна кажа Мельнікава.

Таксама яна адзначае, што ўкраінскія вайскоўцы сапраўды добра ставяцца да ваеннапалонных, звяртае ўвагу на той факт, што амаль усе расійскія палонныя кажуць пра тое, што не ведалі, куды едуць. На думку Мельнікавай, гэта можа азначаць, што расійскім вайскоўцам сапраўды маглі не зачытваць загад аб наступе на Украіну.

Праваабаронца адзначае, што людзі, якія звяртаюцца па дапамогу ў Камітэт салдацкіх маці, баяцца называць імёны сваіх дзяцей і нумары частак, дзе яны нясуць службу, а без афіцыйнага звароту яны нічога не могуць зрабіць.

Маўчаць нават тыя, хто страціў блізкіх. Сваякі салдатаў чакаюць ад праваабаронцаў цуда, а цуды не заўсёды атрымліваюцца, адзначае Мельнікава.

Яна таксама звяртае ўвагу на тое, што цяперашняя вайна больш жорсткая ў параўнанні з вайной у Чачні:

«Колькі там дзён прайшло, а ўжо такія страты, такія разбурэнні… Ужо паспелі пагражаць ядзернай зброяй. Вось тут я напалохалася, бо намер занадта канкрэтны і няма нічога, што магло б спыніць чалавека, які хоча кінуць ракету з ядзернай боегалоўкай».

Адказваючы на пытанне пра магчымыя страты расійскіх вайскоўцаў, Мельнікава кажа:

«У мяне няма ацэнкі, бо ў мяне ёсць спісы, якія дае ўкраінскі бок, і я схільная верыць гэтым спісам, бо яны паіменныя».

Яна таксама адзначае, што расійскі бок не кажа публічна, дзе знаходзяцца ўкраінцы, якія трапілі ў палон, і дзе захоўваюць целы загінулых салдат ЗСУ.

«Нашы не маюць звычкі збіраць целы загінулых і не заўсёды падбіраюць параненых — танней напісаць «знік без звестак».

Распавядаючы пра палкоўніка Кавінцова, пілота цяжкага бамбардзіроўшчыка, збітага над Грузіяй у 2008 годзе і зніклага без звестак, Мельнікава цытуе словы, сказаныя камандаваннем жонцы, што спрабавала даведацца пра лёс свайго мужа:

«Ты наогул заткніся, інакш мы забярэм у цябе кватэру, страхоўку табе не выплацім».

Праваабаронца падкрэслівае, што гаворка не пра простага салдата, а пра вышэйшага афіцэра, камандзіра бамбардзіроўшчыка, які можа несці ядзерную зброю, вайскоўцаў з падобнай кваліфікацыяй не болей за 40 чалавек на ўсю Расію.

Яшчэ ў часы Гарбачова Камітэт салдацкіх маці дамогся таго, каб вайскоўцы мелі абавязковую страхоўку. На сённяшні момант выплаты сем’ям загінулых складаюць 12 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 120 000$ па цяперашнім курсе).

Мельнікава адзначае, што Расія адправіла на вайну «ўсіх, хто патрапіў пад руку», мяркуючы па ўсім, нават тых салдат тэрміновай службы, якія паступілі ў часці летась у снежні.

Мельнікава кажа, што вельмі баіцца за ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон да расійскіх салдат, і выказвае спадзеў, што іх не трымаюць у Луганску.

12 байцоў Расгвардыі з Краснадарскага АМАПу адмовіліся ехаць ва Украіну. Яны палічылі загад перасякаць мяжу незаконным

Сёння адбыўся першы паўнавартасны абмен палоннымі паміж Расіяй і Украінай

«Мы разумелі, што гэта будзе адразу пасля Алімпіяды». Галоўрэд расійскай «Новай газеты» тлумачыць логіку Пуціна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру