Аказваецца, што найбольш пацярпелі кітайскія бізнэсоўцы. А таксама французскія мільярдэры. Страты самых багатых людзей ацэньвае выданне Business Insider.
Бернар Арно (уладальнік канцэрна LVMH), Чжун Шаншань (заснавальнік і прэзідэнт кампаніі па вытворчасці напояў Nongfu Spring) і Ма Хуатэн (заснавальнік Tencent). Фота: Wikimedia Commons
Паводле падлікаў Business Insider, заснаваных на даных Bloomberg, з 18 лютага ацэнка актываў 75 кітайскіх мільярдэраў знізілася больш чым на 134 мільярды даляраў.
Сама вайна і заклапочанасць магчымымі санкцыямі супраць кітайскіх кампаній у выпадку падтрымкі Расіі — не адзіная прычына зніжэння коштаў акцый на біржах у Шанхаі, Шэньчжэне або Ганконгу. У цяперашні час Кітай змагаецца з чарговай хваляй каранавіруса.
Індэкс найбуйнейшых 50 кітайскіх кампаній China A50 страціў за апошні месяц больш за 10%.
Акцыі будаўнічай кампаніі China Communications Construction Co Ltd і вытворцы бытавой тэхнікі Midea Group патаннелі на 20%.
Кітайскі мільярдэр, што страціў найбольшую суму — Чжун Шаньшань, заснавальнік і прэзідэнт кампаніі па вытворчасці напояў Nongfu Spring і мажарытарны ўладальнік фармацэўтычнай кампаніі Beijing Wantai Biological. Багацце Чжун Шаншаня ў сакавіку скарацілася на 14 мільярдаў даляраў.
Заснавальнік інвестыцыйнага холдынгу Tencent Ма Хуатэн страціў болей за 10 мільярдаў даляраў.
Аднак мільярдэр, які перажыў найбольшае зніжэнне сваіх актываў, — француз Бернар Арно. Асноўны ўладальнік і прэзідэнт LVMH (ім належыць брэнд Louis Vuitton) страціў 16 мільярдаў даляраў, або 10 працэнтаў таго, што меў. Кампанія Арно мела ў Расіі 120 крам, аднак 4 сакавіка было прынята рашэнне аб спыненні дзейнасці.
Другім зазнаўшым вялізныя страты мільярдэрам з Францыі зʼяўляецца Франсуа Піно — асноўны акцыянер іншага гіганта індустрыі раскошы Kering (ім належаць брэнды Gucci і Yves Saint-Laurent). Паводле звестак Bloomberg, з моманту пачатку вайны яго багацце скарацілася на 6,3 мільярда даляраў, або на 13 працэнтаў.
Да вайны Францыя была другім па велічыні інвестарам у расійскую эканоміку. У Расіі працавала 500 кампаній з французскім капіталам, 35 з якіх са спісу CAC40 (наймагутнейшыя кампаніі, каштоўныя паперы якіх прадаюцца на Парыжскай біржы). Французы зʼяўляліся найбуйнейшымі замежнымі працадаўцамі ў Расіі, на іх працавала 160 тысяч супрацоўнікаў.
У спіс кампаній, якія да гэтага часу не сыйшлі з рынку Расіі, увайшлі французскія Auchan, Leroy Merlin, Decathlon і Accor.
Leroy Merlin мае ў РФ 100 крам.
Найбольшыя падзенні на фондавым рынку за апошні месяц — ажно 37 працэнтаў — зазнае Renault. Для гэтага канцэрну Расія была другім па велічыні рынкам у свеце. Таксама яны кантралююць найбуйнейшага вытворцу аўтамабіляў у Расіі — АўтаВАЗ.