Украінскі вайсковец гаворыць па тэлефоне. Фота: AP

Сённяшнія заявы Мінабароны Расіі прагучалі як падрыхтоўка грамадскай думкі да спынення «спецаперацыі», як яе называюць у Расіі.

«З 152 ваенных самалётаў [ва Украіны] засталося 112, з 149 верталётаў — 75, з 36 беспілотнікаў «Байрактар ТБ2» знішчаныя 35». Калі вы знішчылі 35 з 36 «Байрактараў», пакажыце абломкі іх.

«Практычна цалкам знішчаныя ўкраінскія паветраныя сілы і сістэма супрацьпаветранай абароны, перасталі існаваць ВМС краіны». Здаецца, пра гэта Расія ўжо заяўляла адзін раз, пасля першага дня вайны. Але расійскія самалёты дагэтуль не залятаюць унутр Украіны, дзейнічаюць толькі ў прыфрантавой зоне.

«Расійскімі войскамі заблакаваныя Кіеў, Харкаў, Чарнігаў, Сумы і Нікалаеў, пад поўным кантролем знаходзяцца Херсонская і вялікая частка Запарожскай вобласці». Чарнабаеўку вывелі са складу Херсонскай вобласці.

«За месяц страты ўкраінскіх войскаў склалі каля 30 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 14 тысяч беззваротныя і каля 16 тысяч санітарныя». Няпраўда хаця б таму, што суадносіны забітых ды параненых у канфліктах нашага часу складаюць 1 да 3 ці 4.

«На жаль, у ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі ёсць страты сярод нашых баявых таварышаў. На сёння загінуў 1 351 вайсковец, 3 825 атрымалі раненні».

Паводле ацэнак заходніх аналітыкаў, расійская армія страціла каля 7 000—10 000 забітымі, 30 000 параненымі. Такія ацэнкі грунтуюцца на колькасці знішчанай расійскай тэхнікі і спадарожнікавых фота. Ускосна такія ацэнкі пацвярджаюцца тым фактам, што Расія страціла забітымі шэсць генералаў і намесніка камандуючага Чарнаморскім флотам, тады як Украіна — ніводнага военачальніка такога рангу.

«Асноўныя задачы першага этапу расійскай аперацыі на Украіне выкананы, істотна зніжаны баявы патэнцыял украінскіх войскаў», — заявіў прадстаўнік Мінабароны Расіі.

Генерал-маёр Ігар Канашэнкаў і прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў паўтараюць як мантру афіцыйны тэзіс аб тым, што аперацыя «праводзіцца па зацверджанаму плану».

Начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Расіі Сяргей Рудской таксама сказаў, што расійская армія «не планавала» штурму акружаных украінскіх гарадоў. Гэтае сцвярджэнне такое ж далёкае ад рэальнасці, як і прыведзеныя вышэй.

Расійскія войскі спрабавалі акружыць Кіеў, Харкаў, Чарнігаў, Сумы, Мікалаеў. Гэтыя гарады падвергліся варварскім абстрэлам, але авалодаць імі расійская армія не змагла. Цалкам акружаны быў толькі Марыупаль, размешчаны ў непасрэднай блізкасці да Крыма і Данбаса, занятых расійскімі войскамі яшчэ ў 2014-м.

«Першапачаткова мы і не планавалі іх [украінскіх гарадоў] штурм, каб не дапусціць разбурэнняў і мінімізаваць страты сярод асабістага складу і мірнага насельніцтва»,— сказаў Рудской на брыфінгу ў пятніцу.

«І хоць такую магчымасць мы не выключаем, аднак па меры выканання асобнымі групоўкамі пастаўленых задач, а яны вырашаюцца паспяхова, нашы сілы і сродкі будуць канцэнтравацца на галоўным — поўным вызваленні Данбаса», — цытуюць Рудскога расійскія агенцтвы.

Расія хацела б, каб украінцы паддаліся ў Данбасе, тады быў бы аргумент для падагрэтай імперскімі амбіцыямі публікі. 

Канечне, не Данбас яны хацелі ад пачатку, зусім пра іншае чытаў тэлевізійныя лекцыі Пуцін. «Вызваленне Данбаса» — гэта добрая міна пры кепскай гульні.

Разрозненыя факты ўжо з тыдзень паказвалі, што асноўныя сілы расійскай арміі паступова перакідваюць на Данбас, наступ там ідзе з трох кірункаў: ад Ізюма, пад Запарожжам і з Валнавахі плюс працягваецца руйнаванне пакутнага Марыупаля, які скоўвае элітныя часці расійскай арміі. Тады як пад Кіевам, Харкавам і Херсонам рускія акопваюцца. 

Наважымся спрагназаваць, што пасля ўстанаўлення кантролю над Марыупалем Расія заявіць пра дасягненне мэтаў аперацыі і спыненне баявых дзеянняў. У такім выпадку гэта будзе азначаць, што Расія, якая хацела раз і навекі знішчыць украінскую дзяржаўнасць, гатовая задаволіцца захопам сухапутнага калідора з Данбаса ў Крым.

Дабіцца гэтага Маскве удалося коштам дзясяткаў тысяч жыццяў, страты золатавалютных рэзерваў на 300 мільярдаў даляраў і міжнароднай ізаляцыі, якой СССР не перажываў. У ААН толькі чатыры краіны (Беларусь, Паўночная Карэя, Сірыя і Эрытрэя) галасуюць разам з Расіяй, тады як 140 — супраць, а Кітай устрымаўся. Нават падчас уварвання СССР у Афганістан рэзалюцыі з асуджэннем гэтага набіралі два дзясяткі галасоў супраць. А тут — чатыры, прычым усе эканамічна адсталыя дыктатуры. Гэта поўнае дыпламатычнае фіяска. 

Але самае страшнае для Масквы — не дыпламатыя, пляваць гэбісты хацелі на дыпламатыю, а тое, што Расію пасля 2022 года перастануць баяцца.

Калі Украіна вытрымала ўдар расійскай арміі, не маючы сучаснай супрацьпаветранай абароны, то ні пра якое сутыкненне Расіі з НАТА не можа ісці і гаворкі.

Абаронны патэнцыял Украіны — гэта некалькі працэнтаў ад магутнасці НАТА. Лукашэнка, нагадаем, месяц назад пагражаў дайсці да Ла-Манша. Ну, давай, ідзі.

Пуцін і яго верны Лукашэнка ў 2022-м пралічыліся ва ўсім: у ацэнцы сілы Украіны («вайна працягнецца тры-чатыры дні»), у ацэнцы рашучасці Захаду («без яіц»), у ацэнцы ўласнай ваеннай магутнасці. Гэтыя пралікі, як і гераізм украінскага народу і талент украінскіх военачальнікаў увойдуць у падручнікі.

Масква і Лукашэнка думалі, што Еўропа гэта фраер, якога можна ўзяць на понт, што Зяленскага можна ўзяць на понт. Панты не прайшлі.

І гэта яшчэ Захад даў Украіне толькі «Стынгеры» і «Джавеліны». А калі ўрэшце дасць «Пэтрыаты», «Тамагаўкі» і столькі «Байрактараў», колькі трэба? 

Ці можа Украіна перамагчы? На здзіўленне ўсіх, выявілася, што так, можа, магла б — калі б атрымала наступальную зброю і СПА. Але свет баіцца гуляць у гульню «а давайце пабачым, як будзе дрыгацца Пуцін, загнаны ў кут». 

У кожным разе, калі гэты наступ Расіі пяройдзе ў стадыю вялацякучага абмену ўдарамі, Украіна і Еўропа атрымаюць перадышку. Украіна атрымае перадышку, але не Расія і яе саюзнікі — пасля таго, што адбылося, іх працягнуць рэальна душыць, аж пакуль не змусяць гуляць па правілах. Азоўскае мора ператворыцца ва ўнутранае мора Расіі — але страціла Масква нашмат больш, а страціць яшчэ больш.

Новая Паўночная Карэя ці васал Кітая? Вось якая будучыня чакае Расію

«Расія блізкая да поўнай паразы». 12 тэзісаў Фрэнсіса Фукуямы пра тое, якія наступствы будзе мець перамога Украіны ў вайне

Аляксандр Фрыдман: Расія рухаецца па самай жудаснай траекторыі, якую толькі можна ўявіць

Клас
3
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру