«Прымушалі зубамі трымаць ствол аўтамата»

Віялета жыла ў Мінску, даўно працавала ў рэстараннай сферы:

«Пачынала афіцыянткай, барысткай, была адміністратаркай. Пару гадоў таму я зацікавілася віннай тэматыкай і хацела развівацца ў ёй. Апошнім маім месцам працы ў Беларусі была крама Vino&Vino».

Але ў кастрычніку 2020-га дзяўчына вымушаная была з’ехаць з Беларусі. 

«9 жніўня я выходзіла на вуліцы. Але 10 жніўня мяне «павязалі», калі я проста вярталася дадому з працы. Ехала ў аўтобусе, і ў раёне гандлёвага цэнтра «Рыга» яго спынілі, кінуўшы пад колы светлашумавую гранату. Я выйшла, пайшла ў бок Пушкінскай, дзе жыву, па дарозе забралі ў аўтазак, — згадвае Віялета. — У аўтазаку было каля 30 чалавек. Да раніцы іх проста збівалі.

Некаторых — і мяне таксама — прымушалі зубамі трымаць ствол аўтамата. Проста загадвалі ўставаць на калені, калі нешта не тое сказаў, і прымушалі трымаць. Не самыя прыемныя ўспаміны, калі шчыра.

Але каля шостай раніцы мяне, нейкага мужчыну і яшчэ адну дзяўчыну проста выкінулі ў лесе за Каменнай Горкай. Мяркую, адпусцілі таму, што ў мяне пачаўся прыступ: я хварэю на эпілепсію, і ў аўтазаку ў мяне пайшла пена ротам, нават палілася кроў з вушэй. 

Пушкінская была адным з самых пратэсных раёнаў, ды і ў мяне сярод знаёмых шмат хто трапіў пад раздачу: і мой муж, і сябры, і суседзі. І недзе праз месяц, калі я гуляла з сабакам, да мяне падышоў каля пад’езда нейкі невядомы чалавек увесь у чорным, але ў цывільным.

Ён не прадстаўляўся, але ведаў усе мае даныя: імя, імя па бацьку і прозвішча, інфармацыю пра маіх бацькоў. Сказаў мне: калі хочаш, каб усё было ў парадку, з’язджай адсюль».

Рызыкаваць не хацелася, кажа дзяўчына, таму яна вырашыла выехаць з Беларусі.

«На той момант ніякай справы на мяне не было. Але пасля я даведалася, што да мяне ёсць пытанні ў Следчага камітэта: нібыта я ўдзельнічала ў лістападаўскіх пратэстах — хоць на той момант даўно была ў Кіеве. Пазней мяне перакваліфікавалі як сведку, цяпер, наколькі мне вядома, гэтая справа ўвогуле закрытая», — расказвае Віялета.

«У Кіеве зразумела, што ў нас зусім розны менталітэт»

Дзяўчына з мужам вырашылі з’ехаць ва Украіну. Спыніліся ў Кіеве, пачалі шукаць працу. Аказалася, гэта вельмі няпроста.

«Я была гатовая на любую працу. Хацелася знайсці штосьці ў сваёй сферы: кіраўнік, адміністратар, барыстка. Але была гатовая працаваць і сядзелкай, і няняй, разглядала ўсе варыянты, бо асабліва не было фінансавых запасаў. 

Вось толькі хіба не паўсюль мне прапаноўвалі прастытуцыю, — згадвае Віялета. — Глядзіш аб’яву: шукаем адміністратара. Па тэлефоне кажуць: не-не, мы не агенцтва. 

Прыходзіш на сумоўе — усё ж агенцтва па пошуку персаналу. Добра. Пытаешся: вы шукаеце адміністратара ў тату-салон? Адказ: ну такая вакансія таксама ёсць, але як ставіцеся да «вось такой» сферы?

Я казала, што стаўлюся без забабонаў, але ж працаваць там не буду — дакладна не. Тады пачыналі ўгаворваць: маўляў, ну вы не спяшайцеся, падумайце…

Магчыма, жанчыны старэйшых гадоў не сутыкаюцца з такім, але сярод маіх знаёмых дзяўчат узростам 20-35 было шмат падобных гісторый».

Сяргей, муж Віялеты, у Беларусі таксама працаваў у бары. У Кіеве ён знайшоў працу вельмі хутка: на другі дзень яго ўжо ўзялі барменам.

Сяргей і Віялета

Сяргей і Віялета

Праз нейкі час дзяўчына ўсё ж уладкавалася самелье ў краму, якая прадавала еўрапейскія сыры:

«Мая задача была кансультаваць кліентаў па вінах. Але заробак быў катастрафічна малы, жыць на яго было немагчыма. Таму пачала шукаць нешта яшчэ. І знайшла працу ў начным клубе: гульнявыя аўтаматы, стрыптыз. 

Мяне ўзялі туды працаваць у бары. Спачатку было вельмі страшна: баялася, забяруць пашпарт, вывезуць куды за мяжу… Але ўсё аказалася інакш: адэкватнае кіраўніцтва, ахова прыглядвае, каб кліенты мяне не чапалі.

Таксама я ўбачыла, хто такія украінцы.

Я чакала, што адрозненняў паміж Украінай і Беларуссю нашмат менш. Але ў Кіеве зразумела, што ў нас зусім розны менталітэт. Ва Украіне сапраўды адчувалася дэмакратыя: усё проста было свабодней. Менш рэгулюецца бізнэс, самі людзі больш разняволеныя, не баяцца адкрыта гаварыць пра ўладу нават самыя непрыемныя рэчы.

Таксама мінулай зімой у кіеўцаў пачаліся праблемы з ацяпленнем, змяніліся тарыфы, і людзям прыйшлі непад’ёмныя рахункі. Адразу падняўся шум — які пачаўся з каментарыеў у Фэйсбуку! — і ўжо праз пару гадзін мэр Клічко сядзеў на радыё і апраўдваўся. І праблема вырашылася!

І хоць самі украінцы казалі, што ніякай дэмакратыі ў іх няма, у параўнанні з Беларуссю гэта быў вялікі кантраст».

«Праграмісты ў нас працавалі кухарамі, былыя швачкі — прыбіральшчыцамі»

У клубе Віялета добра зарабляла, але праз нейкі час вырашыла сыходзіць: кар’ернага росту няма, начны графік цяжкі. 

«Мяне ўзялі самелье ў вінны бар, які толькі адкрываўся. Так склалася, што на той момант кіраўнік гэтага бара спрабаваў «адмыць» частку грошай. А я чалавек, які разбіраецца: убачыла, села з бухгалтарам усё праверыць. І таго кіраўніка звольнілі.

Я падумала, што ўсё, застануся без працы. Але раптам уладальнік бара запрасіў мяне кіраўніком у свой іншы бар.

Мы разам з ім адкрывалі яшчэ адну ўстанову: таксама вінны бар». 

Гаспадар бізнэсу сам быў бежанцам — у 2014-м перабраўся ў Кіеў з «ДНР». Магчыма, праз гэта лёгка было паразумецца, іранізуе Віялета.

«Я дапамагала з працай і сваім сябрам, і знаёмым, якія беглі з Беларусі. Старэйшы бармен апошнія восем месяцаў у мяне быў беларус, былы начальнік майго мужа. Былі і праграмісты, якія ў нас працавалі кухарамі, і былыя швачкі, які працавалі прыбіральшчыцамі. Дапамагалі як маглі», — кажа дзяўчына. 

У новай установе яна стала ўжо саўладальніцай — мела сваю долю ў бізнэсе. І ўсё кіраванне барам таксама было на ёй.

«Ва Украіне хапала сваіх плюсоў і мінусаў у бізнэсе. Адназначна лягчэйшым быў пошук інвестараў, прасцей з падаткамі, усё можна абмяркоўваць з мясцовай уладай, даюць час на выпраўленне памылак, не такія вялікія штрафы.

З мінусаў — цяжка знайсці кваліфікаваныя кадры на пазіцыі афіцыянтаў, барменаў, бо гэта звычайна моладзь, а ўкраінская моладзь нярэдка ехала на працу за мяжу, — тлумачыць Віялета. — І ў Беларусі я б магла таксама дарасці да саўладальніцы бізнэсу, але зусім не так хутка. Бо ў Беларусі ўсё ж маюцца пэўныя забабоны і наконт узросту, і ў прынцыпе». 

Спачатку было страшна браць на сябе адказнасць за бізнэс, дзеліцца дзяўчына. Але з вопытам прыйшлі і веды. 

«Прадукты з бараў адвезлі ў тэрабарону, пластыкавы посуд перадалі ў цэнтр пералівання крыві»

Паціху жыццё, здавалася, наладжвалася. У Кіеў перабралася і маці мужа.

«Было трохі страшна, што ўвесь студзень і люты абмяркоўвалася вайна. Але панікі не было. Украінцы ўспрымалі навіны з асцярожнасцю, але спакойна. У мяне былі думкі пра пераезд у іншую краіну, нават сабрала трывожны чамаданчык.

Але, шчыра кажучы, перад вайной у Кіеве мне было спакайней, чым у сённяшняй Беларусі. Бо ў Беларусі я разумела: штодня могуць прыйсці і схапіць, закрыць на некалькі гадоў ні за што, у выпадку бяды ты абсалютна безабаронны.

Ад разумення гэтага панікі было больш, чым ад пагрозы вайны», — кажа Віялета. 

Раніцай 24 лютага вайна ва Украіне стала рэальнасцю. Расія пачала бамбіць мірныя гарады, у тым ліку і Кіеў. 

Віялета засталася ў горадзе. 

«У ноч на 24 лютага я не спала, чытала навіны. І каля 4 раніцы пачуліся хлапкі, спачатку падумала, што петарды. Пасля выйшла заява Пуціна — і ўвесь дом падняўся на вушы. А праз 40 хвілін у Кіеве абвясцілі паветраную трывогу, — расказвае дзяўчына. — Мы думалі, што жывём на ўскрайку горада, таму тут будзе цішэй, але аказалася, што недалёка ваенны аэрадром, які бамбілі амаль пастаянна». 

Было зразумела, што цяпер не да вінных бараў. Віялета з супрацоўнікамі пазабіралі з бараў прадукты і адвезлі ў тэрабарону, пластыкавы посуд перадалі ў цэнтр пералівання крыві, бо ён быў там вельмі патрэбны.

«Мы заставаліся ў Кіеве свядома. Бо была надзея, што гэта можа хутка скончыцца. І мы маглі хоць нешта яшчэ зрабіць, — тлумачыць дзяўчына. — Мы намагаліся дапамагаць чым маглі: здавалі кроў, гатавалі ежу для тэрабароны, перадавалі свае грошы.

Нават рыхтавалі кактэйлі Молатава: бо прайшла інфармацыя, што побач з намі можа ехаць расійская вайсковая тэхніка ў бок аэрадрома. А ў навінах рэкамендавалі кідаць кактэйлі Молатава ў машыны з палівам, якія ідуць у канцы калоны. Не ведаю, ці рашыўся б хтосьці сапраўды кінуць бутэльку з гаручай вадкасцю, але мы рыхтавалі іх усім пад’ездам. І я бачыла настрой людзей: яны былі гатовыя адстойваць сваё.

Муж спрабаваў запісацца ў тэрабарону, але ў адным пункце тады не прымалі беларусаў, у іншым прапанавалі толькі перавесціся на казарменны стан у іншую частку Украіны. А ў мужа маці з хваробай, я — таму ён не хацеў з’язджаць з Кіева і вымушаны быў адмовіцца.

Віялета, яе муж і іх сабака хаваюцца ў ваннай падчас абстрэлаў Кіева

Віялета, яе муж і іх сабака хаваюцца ў ваннай падчас абстрэлаў Кіева

У Кіеве ужо быў мой дом, мае сябры, гэта горад, які даў мне адчуванне свабоды. Тут я пабудавала бізнэс. Таму гэтая вайна стала і маёй таксама».

«Мы стаміліся бегчы, хацелася недзе асесці, каб спакойна хоць пару гадоў жыць»

Але праз тры тыдні амаль скончыліся грошы — Віялета з мужам вырашылі ўсё ж выязджаць з Украіны, бо зарабляць было немагчыма. Каб не грашовае пытанне, кажа дзяўчына, яны б заставаліся ў Кіеве і па сёння.

«Ежу, што заставалася, мы раздалі адзінокім бабулям з нашага пад’езда. 

Пасля купілі квіток на прамы цягнік да славацкай мяжы. На дзіва, ён быў напалову пусты. Дабіраліся 18 гадзін: утраіх, я, муж і яго маці, плюс наш вялікі сабака. Было вельмі халодна, у цягніку не ўключалі ані ваду, ані святло, каб ён не прыцягваў увагі і не быў абстраляны,

— згадвае Віялета. — Але даехалі нармальна. Бо за таксі просяць нейкія неймаверныя грошы, мы спрабавалі зняць маршрутку ад Кіева да мяжы, нам прапанавалі ад 200 даляраў за чалавека альбо 15 тысяч даляраў за машыну цалкам». 

На славацкім баку іх сустрэлі вельмі добра: накармілі, прапанавалі вопратку, пасадзілі на бясплатны аўтобус да найбліжэйшага горада — Кошыцэ.

Віялета з сям’ёй вырашылі ехаць у Партугалію:

«Бо найбліжэйшыя памежныя краіны — Румынія, Польшча, іншыя — перапоўненыя мігрантамі і не факт, што атрымалася б знайсці працу. Ды і мы банальна стаміліся бегчы, хацелася недзе асесці, каб спакойна, без пагрозы, хоць пару гадоў жыць, працаваць і развівацца. 

Аўстрыя і Германія — краіны са складанай мовай, плюс там трохі іншая культура. Нашы знаёмыя расказалі, што ў Партугаліі прасцей легалізавацца, спакойны тэмп жыцця, адкрытыя людзі. Тым больш гэта вінная краіна — а мы ж працавалі якраз у гэтай сферы. Таму паехалі туды». 

Дабіраліся доўга і цяжка: цягнікамі і аўтобусамі праз Аўстрыю, Германію, Швейцарыю, Ліхтэнштэйн, Францыю, Іспанію.

Каб зэканоміць, начавалі ў валанцёрскіх цэнтрах, часам здымалі жыллё на суткі. 

Віялета ў Вене

Віялета ў Вене

«У Францыі ў валанцёрскім цэнтры начавалі мы, чалавек трыццаць украінцаў і чалавек сто цыган. У Барселоне дырэктар вакзала дазволіў нам паспаць у закрытай ВІП-зоне на канапах. Чым далей ад Украіны, тым з больш шырокімі ўсмешкамі сустракаюць бежанцаў», — пасміхаецца Віялета.

Цяпер яна жыве ў 40 кіламетрах ад Лісабона — праз валанцёраў знайшлася звычайная партугальская сям’я, якая мае вялікі дом.

«У нас вельмі абмежаваны бюджэт, а каб арандаваць нешта ў Партугаліі, трэба аплаціць некалькі месяцаў загадзя плюс заклад. І ніхто не хоча браць з сабакам. Як нам сказалі, тут прасцей засяліцца з двума «Калашнікавымі» ў руках, чым з жывёлай.

І вось нас на тыдзень узяла да сябе сям’я, якая жыве на беразе акіяна. У іх у саміх некалькі сабак.

Мы па магчымасці дапамагаем па гаспадарцы, нешта гатуем, прыбіраем — ніхто не просіць, але гэта ў якасці падзякі, ветлівасці, неяк так, — кажа Віялета. — Цяпер будзем шукаць працу. 

Ужо ёсць адна прапанова — прыглядаць за маленькім гатэльчыкам, кшталту аграсядзібы. Хутка чакаем сумоўе.

Мы з мужам добра ведаем англійскую, але каб працаваць у рэстараннай сферы, трэба ўсё ж вучыць партугальскую. І тут іншая культура наведвання рэстаранаў, чым у нас. Таму цяпер разглядаем любыя вакансіі, каб трохі зарабіць грошай і неяк асвоіцца.

Ну і пакуль што мы трохі маральна не адышлі ад усяго. Што будзе далей, дзе мы будзем жыць, цяпер казаць са стопрацэнтнай упэўненасцю не магу. 

Таму пакуль будзем спрабаваць нешта рабіць тут — у ідэале, канечне, хацелася б адкрыць штосьці сваё».

«Світары раскупілі за дзень». Беларуская дызайнерка расказала пра бізнэс у Вільні і ўкраінскую калекцыю

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
31
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
2