26-гадовы Яўген, які служыў у Расіі па кантракце, загінуў пад Кіевам у званні старшага сяржанта ў першыя дні вайны. Ён ніколі раней не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Да вайны служыў у Расгвардыі — разганяў мітынгі ў Маскве, потым працаваў там жа кінолагам. Да студзеня гэтага года яго маці Наталля (імя змененае) не цікавілася падзеямі ва Украіне. Шукаць інфармацыю ў расійскіх СМІ яна пачала толькі пасля таго, як зразумела, што яе сына адпраўляюць ваяваць. Хоць Наталля падтрымлівае дзеянні расійскіх уладаў, яна лічыць тое, што адбываецца ва Украіне сапраўднай вайной, а не спецаперацыяй. У інтэрв'ю DW яна распавяла, што яе сын рабіў ва Украіне і як ён загінуў.

— Як вы сябе цяпер адчуваеце?

Маці Яўгена: Можна сказаць, ніяк. Вельмі цяжка, вельмі балюча. Ну, а што рабіць, ніхто не верне.

— Як жыў Яўген да арміі?

— Мы з Жэнем і яго братам жылі ў маленькім пасёлку ў Свярдлоўскай вобласці. У нейкі момант я вырашыла ў што б там ні было вывезці дзяцей туды, дзе яны змогуць атрымаць нармальную адукацыю, будуць хадзіць у гурткі і секцыі. Так мы пераехалі ў большы горад у той жа Свярдлоўскай вобласці. Я працавала на трох працах — у прадуктовай краме, тэхнічкай і аператарам у гульнявых аўтаматах.

Жэня на новым месцы пайшоў у шосты клас, запісаўся на каратэ. Яму гэты спорт даваўся складана. Ён мяккі хлопец быў. Але дзякуючы трэнеру і яго ўласным намаганням у яго стала атрымлівацца, пайшлі перамогі. У яго зусім змяніўся характар. На жыццё стаў глядзець па-іншаму. Потым ён адвучыўся на электрагазазваршчыка ў тэхнікуме, дзе яму плацілі стыпендыю як найлепшаму.

— Як ён аказаўся ў кантрактнай арміі?

— У армію ён пайшоў адразу пасля экзаменаў у 2014 годзе. Ён трапіў у спецназ ГРУ. Потым яго перавялі ў іншы горад у спецназ раведкі. Яму яшчэ тады прапаноўвалі падпісаць кантракт. Я спрабавала адгаварыць, усё-такі спецназ — гэта гарачыя кропкі.

Ён спрабаваў патрапіць на працу ў СІЗА, але яго не ўзялі. Вырашыў збіраць даведкі для працы ў паліцыі, а на гэты час уладкаваўся ў ахову. Праца яму не падабалася, і ён вырашыў паспрабаваць па кантракце.

Даведаўся, што ў пасёлак непадалёк прыедуць «пакупнікі» з Масквы і будуць набіраць. Яго адразу ўзялі, так што на развітанне ў нас быў роўна вечар. Жэня служыў у Расгвардыі. Яму вельмі падабалася. Ён стаў камандзірам аддзялення.

А яшчэ яны разганялі мітынгі. Ён ездзіў на Красную плошчу, на Пушкінскую. У Калінінград ён таксама ездзіў у камандзіроўку на тры месяцы. Яны там рыхтаваліся да мітынгаў.

Казаў, што стаміўся, таму вырашыў пайсці ў Кіналагічны цэнтр. Гэта таксама Расгвардыя, толькі з сабакамі. А ў 2017 годзе ў яго нарадзіўся сын. Дзяўчына ў яго была, калі ён працаваў у ахове. Яна да яго ў Маскву прыехала — там яны распісаліся, здымалі пакой. А потым Жэні далі службовую кватэру, аднапакаёвую, у ваенным гарадку ў новабудоўлі.

— Як пачалася гісторыя з Украінай?

— Гэта быў канец студзеня, прыкладна 25-26-е. Сын патэлефанаваў і сказаў, што іх адпраўляюць у Смаленск — на [сумесныя] з Беларуссю вучэнні. Я яму кажу: «Ты мне хлусіш, ці што? Якія яшчэ вучэнні?» Пашукала ў інтэрнэце. Сапраўды былі вучэнні з Беларуссю, але цяпер іх няма. Я стала капацца. Думаю, дзе ў нас вайна ідзе. Падумала пра Казахстан. Карацей, [пра Украіну] нават не падумала. Толькі на наступны дзень да мяне дайшло, што ў нас жа ва Украіне неспакойна.

Гэта значыць, вы адразу зразумелі, што сына не на вучэнні адпраўляюць?

— Так. Я Жэні сказала, што я ж не дурая. Што ён не едзе не ў Смаленск. Сказала, каб ён сфатаграфаваўся тады на вакзале Смаленска. Ён засмяяўся. Я пачала капаць — і чым далей, тым больш я разумела, што ён едзе ва Украіну. Я разумела, што там нейкая канкрэтная заварушка.

Я, вядома, яго адгаворвала. Казала, што, можа, ён вернецца, а, можа, і не. Ён адказваў: «Ды што ты прыдумляеш?». Ён цалкам не ўсведамляў, куды яго адпраўлялі. Альбо ім так мазгі прамылі, што яны едуць на вучэнні, альбо ён ведаў, але не думаў, што там такое месіва будзе. Напэўна, ніхто так не думаў. Нават сам Пуцін. У іх, бачыце, нешта пайшло не так.

Калі яго прывезлі «грузам-200», я задавала сабе пытанне: чаму я не паехала ў Маскву [адгаворваць яго], калі я ўсё разумела. Можа, ён не разумеў, але я разумела. Ён мяне вельмі моцна любіў, і я магла націснуць на балючыя кропкі, каб ён адмовіўся. Хоць калі ён за нешта браўся, то ішоў да канца. Калі аддалі загад — ён ніколі не адмовіцца.

У выніку ён паехаў прыкамандзіраваным да групы спецназа. Жэню аднаго ўзялі з яго часткі, бо не хапала аднаго кінолага.

— Вы яшчэ звязваліся пасля яго ад'езду?

Ён з'ехаў туды 13 лютага. Я яго жартам спытала, як яму Смаленск. Ён пасмяяўся і адказаў, што нармальна, стаіць. Спытала, што яны ядуць — сказаў, усё нармальна. Потым, можа, за гэты час яшчэ разы тры выходзіў на сувязь, але не больш за хвіліну. Бо трэба яшчэ патэлефанаваць жонцы. «Жывы-здаровы» — і ўсё.

Апошні раз ён выйшаў на сувязь 24 лютага раніцай. Калі пачалося. З «Ватсапа» нейкага хлопчыка. Ён сказаў: «Мама, пачалася вайна». Я сказала: «Сынок, я бачу па тэлевізары».

Уяўляеш, кажа, цэлую роту нашых хлопцаў паклалі на мяжы.

Пытаюся: «Дзе, сынок?» «Дзе-дзе… на мяжы, мам». Кажу: «А ты дзе?». «А я ў Смаленску, мама».

Я думаю, што ён [на самай справе] таксама быў дзесьці непадалёк. Толькі з мяжы ён мог на «вяртушках» даляцець да гэтага аэрадрома (Гастомель пад Кіевам), каб яго.

Кажуць, іх там было 200 «спартанцаў», як іх празвалі. Гэта было гарматнае мяса. Чаму так непрадумана, я не разумею. Яны падумалі, што ўзялі гэты аэрадром, — а іх пачалі абстрэльваць.

Увогуле, я яму сказала: «Сынок, трымайся». А ён: «Усё, мама, пакуль. Няма калі. Жонцы скажы, што ўсё добра». І потым колькі часу да 8 сакавіка нічога не вядома было.

— Як вы правялі гэтыя два тыдні без сувязі з ім?

— Я ўвесь час хадзіла з тэлефонам. Думала, можа, ён знойдзе тэлефон у мірных жыхароў. Цэлымі днямі глядзела тэлевізар, інтэрнэт: думала, раптам яго твар ўбачу. У царкву хадзіла кожны дзень. Ставіла свечку за здароўе, замовіла, каб маліліся за яго кожны дзень. Але ён, бачыце, загінуў раней. Я не думала, што ён загінуў. І ў той дзень, калі ён загінуў, у мяне нічога не ёкнула.

24 лютага Жэня ўжо трапіў у Гастомель. І загінуў ён не 27 лютага, як у даведцы з морга напісалі дату смерці, а значна раней. Я думаю, што гэта было з 24 на 25 ноччу або ўвечары.

— Чаму вы так думаеце?

— У інтэрнэце я паглядзела, што нашы 24 лютага ўзялі Гастомель, пасля чаго туды пачалі адпраўляць усіх хлопцаў. А потым іх пачалі абстрэльваць з Кіева. Нашых хлопцаў узялі ў кола. А да іх ніхто на падмогу не мог падляцець. Іх пачалі абстрэльваць і бамбілі суткі. Уявіце — аэрадром, чыстае поле.

А потым, ужо 25 лютага, нашы па-новаму ўзялі Гастомель, а 26 лютага знайшлі Жэню. Добра, што ён быў падпісаны. Ён жа паехаў з групай спецназа. Хлопцы не першы раз у такіх рэчах.

У іх, мабыць, такая асаблівасць ёсць — яны перад боем пішуць на жыватах адзін аднаму нумар часткі, прозвішча і ініцыялы. Ён быў падпісаны, яго хутка апазналі.

Але мне паведамілі толькі 8 сакавіка. Дзесьці ў 13:30 патэлефанавалі з ягонай часткі, сказалі, што сын загінуў у баі пад Растовам. Я ледзь не звар'яцела.

— Так і сказалі — пад Растовам?

— Так, патэлефанавалі і сказалі: «У нас дрэнныя навіны для вас». Я закрычала. Ужо зразумела, што здарылася. «Ваш сын загінуў 26 лютага ў баі пад Растовам». Я не ведаю, чаму ў такой форме паведамілі. Можа, таму, што ён ляжаў у моргу ў Растове і ў іх не было праверанай інфармацыі.

— Як вы адрэагавалі на гэту вестку?

Калі мне сказалі, што ён загінуў, я адразу закрычала: «Дзе Нэнсі?!». Гэта сабака, нямецкая аўчарка, з якой ён паехаў. Потым мне ўжо сказалі, што Нэнсі загінула разам з ім. У яго яшчэ быў шчанюк Алтай — «бельгіец», якога ён навучаў. Перад паездкай яму трэба было, мабыць, вызначыцца, з кім ён паедзе. Але «бельгіец» яшчэ не натасканы на выбуховыя рэчывы.

На наступны дзень мне патэлефанавалі і прапанавалі падарунак — шчаня, якое нарадзілася ў дзень смерці Жэні, — ад тых жа бацькоў, ад каго была Нэнсі. Паеду цяпер у Маскву, сама забяру.

— Вы абмяркоўвалі з Жэнем тэму Украіны ў апошнія восем гадоў?

— Калі шчыра, не. Толькі калі па тэлевізары нешта ўбачу, заўсёды спачувала, што такое робіцца [на Данбасе]. Стала ўнікаць у канцы студзеня — пачала капаць, шукаць, куды ж едзе мой сын, якая заварушка там. З канца студзеня я стала гэтым жыць.

Цяпер я іх усіх ненавіджу. Хоць і кажуць, што мірныя жыхары тут ні пры чым. Але яны імі прыкрываюцца. Хто хацеў, з'ехалі адтуль — іх папярэджвалі. Затое нашы хлопцы кладуцца там. У мяне ўжо няма шкадавання нават да мірных жыхароў. Я гляджу на твары гэтых маладзенькіх хлопчыкаў, якія там загінулі, і ў мяне валасы дыбам устаюць.

— Вы самі разумееце, чаму пачалася гэтая вайна?

— Я разумею гэта так, простымі словамі: калі б не бамбанулі мы, то ўкраінцы бамбанулі б па нас. Бамбануць, напэўна, трэба было. Тут без варыянтаў. Але нешта пайшло не так.

Вядома, ніхто не чакаў такога. А цяпер, калі ўжо столькі хлопцаў палегла, то ўжо нельга спыняцца. Трэба ісці далей. Да перамогі.

— Вы разумееце, што робіць Расія ва Украіне? За што ваяваў Жэня?

Я мяркую, што мой сын ваяваў за нас, за Расію і расяін. Каб мы маглі з вамі цяпер па тэлефоне размаўляць, піць і есці. Я думаю, ён лёг нездарма там. А за нас. Каб мы жылі доўга і шчасліва і каб у нас не было вайны. Каб над намі не лёталі бомбы.

— У Расіі забаронена называць гэты канфлікт вайной. Вы самі ўспрымаеце гэта як вайну ці спецаперацыю?

Не, я не ўспрымаю гэта як спецыяльную аперацыю. Гэта самая сапраўдная вайна. Я разумею, што гэта прызнаваць нельга. Але гэта вайна. Там проста месіва.

Клас
1
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0