Знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі

Пакаранне Казлоў адбываў у СІЗА-6 у Баранавічах.

Мікалай адзначае, што на працягу трох месяцаў быў практычна ў поўнай ізаляцыі. Як былы супрацоўнік міліцыі, увесь тэрмін ён правёў у адзіночнай камеры.

«Адносіны з супрацоўнікамі ўстановы былі строга па статуце, за дзень яны абмяжоўваліся прыкладна пятнаццацю словамі. Можна сказаць, што знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі. Утрыманне ў адзіночнай камеры само па сабе даволі пакутлівае.

А яшчэ ў дадатак крыўдна, калі разумееш, што сядзіш не за злачынства, а за перакананні».

Каб не страціць практыку вусных зносін, Мікалай чытаў кнігі ўслых.

На другі дзень яго паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

«Пасля гэтага пры кожнай праверцы мне трэба было называць не толькі свае даныя і артыкул, але і дадаваць інфармацыю аб маіх «схільнасцях». Таблічка з адпаведнай інфармацыяй таксама з'явілася на маім ложку.

Яны паставілі мяне на прафілактычны ўлік нібыта з-за маіх папярэдніх адміністрацыйных парушэнняў. Я з такім рашэннем не згодны. Тым больш, што яны не мелі ніякага дачынення да экстрэмісцкай дзейнасці. Я лічу, што тым самым былі істотна парушаныя мае правы. Цяпер буду раіцца з адвакатам, што рабіць, ёсць намер абскардзіць гэтае рашэнне. Яны вельмі вольна абыходзяцца з гэтымі пастаноўкамі і прафілактычнымі ўлікамі». 

Палітык прызнаецца, што пісаў скаргі, з патрабаваннем, каб яму выдалі дакументы, на падставе якіх ён у наступным зможа звярнуцца ў суд, каб аспрэчыць такое рашэнне.

У цэлым, па словах Мікалая Казлова, стаўленне да яго з боку адміністрацыі было ветлівае, а ў некаторых выпадках нават паважлівае.

«Збольшага прытрымліваліся закона. Перадачу атрымаў. Лісты ад сваякоў прыходзілі без праблем. У той час як ад іншых людзей многія лісты і тэлеграмы не заўсёды даходзілі да адрасата. Па маіх падліках, «згубілася» не менш за 20-30 лістоў.

Толькі праз тыдзень даведаўся пра вайну

«Нягледзячы на тое, што з 6 раніцы і да 10 вечара ў нас там гучна грала радыё, пра вайну Расіі супраць Украіны я даведаўся ад свайго адваката, было гэта недзе праз тыдзень пасля яе пачатку. З таго, што чуў па радыё, разумеў, што там адбываецца нейкі канфлікт, аднак было незразумела, што там на самой справе і ў якіх маштабах», — згадвае палітык.

Мікалай Казлоў мяркуе, што супрацоўнікам установы нават у асабістых размовах забаронена абмяркоўваць тэму вайны.

«Я ніколі не чуў, размовы пра гэта. Магчыма, гэтая тэма пад забаронай. Я проста не разумею, як жывы чалавек можа не абмяркоўваць рэчы такога маштабу», — разважае палітык.

Гаворачы аб планах на будучыню, Мікалай Казлоў кажа, што з’язджаць з Беларусі не збіраецца.

«Буду заставацца на радзіме, сыходзіць з палітыкі таксама не збіраюся, буду рабіць тое, што і рабіў раней».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру