Беларуская чыгунка вязе эшалон расійскай бранятэхнікі. Раён станцыі Брэст-Паўднёвы.

Беларуская чыгунка вязе эшалон расійскай бранятэхнікі. Раён станцыі Брэст-Паўднёвы.

З апошняга — днямі затрымалі чатырох работнікаў гомельскага лакаматыўнага дэпо. Машыніста арыштавалі на працы, трох памочнікаў — ужо пасля змены. Цяпер чыгуначнікі знаходзяцца ў гомельскім СІЗА. 

«У поле зроку органаў трапляюць людзі, якія звязаныя з рухам цягнікоў, тыя, хто забяспечвае працэс перавозак і працуе з інфармацыяй абмежаванага распаўсюду. Затрыманні праходзяць з-за таго, што КДБ спрабуе забяспечыць абарону ад уцечкі звестак, якія тычацца ваенных перавозак.

Па супрацоўніках чыгункі працуе непасрэдна КДБ, затрыманні праводзяць аператыўнікі. Наколькі я ведаю, у пастановах на ператрус былі пазначаны артыкулы пра тэрарызм, здраду радзіме, шпіянаж.

На ператрусах у першую чаргу ў людзей забіраюць цвёрдыя дыскі, знешнія назапашвальнікі, усе электронныя прылады. На сімволіку глядзяць у апошні момант», — кажа стачкамавец з чыгункі.

Увага да Гомеля невыпадковая — там перавалачны пункт для ваеннай тэхнікі.

«Раней эшалоны везлі праз Оршу. З-за дыверсій яны зараз робяць інакш: гоняць да Бранска і там праз Добруш заязджаюць.

Ці замінаюць дыверсіі на чыгунцы прасоўванню войскаў? Так. Калі нельга забяспечыць бяспеку воінскага эшалона, то яны не будуць пагаджацца пакідаць тэхніку. Страціць яе недзе на падыходзе — гэта рызыка.

Таксама запавольваецца на некаторы час рух цягнікоў. На апошняй акцыі блакавалі некаторыя ўчасткі. Гаслі ўсе святлафоры, патрабаваўся час, каб выехалі брыгады па рамонце, потым патрэбны быў час, каб гэта ўсё перавесці ў ручны рэжым. Прапускная здольнасць катастрафічна падае. Магу таксама дадаць, што зараз вялікі дэфіцыт супрацоўнікаў, якія працавалі з перавозкамі», — кажа стачкамавец.

З пачатку вайны на чыгунцы адбыўся шэраг дыверсій. На асобных перагонах знішчаліся рэлейныя шафы, выводзіліся са строю прыстасаванні аўтаматыкі. У выніку гэтага ў пачатку сакавіка РЖД на пэўны час вымушана была спыніць перагон ваенных эшалонаў па тэрыторыі Беларусі. Пазней ён аднавіўся, пасля заяў беларускіх уладаў, што ўсе групы, датычныя да дыверсій, знішчаны.

Але супраціў працягнуўся.

19 сакавіка кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандр Камышын заявіў, што чыгуначных зносін паміж Беларуссю і Украінай цяпер не існуе. Ён падзякаваў за гэта сумленным беларускім чыгуначнікам.

Апроч знішчэння рэлейных шафаў, былі кібер-атакі на карпаратыўную сетку чыгункі.

Хроніка рэйкавай вайны ў Беларусі-2022. Што вядома на сёння

Клас
40
Панылы сорам
0
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
0