Сузаснавальнік расследавальніцкай групы Conflict Intelligence Team Руслан Левіев

Сузаснавальнік расследавальніцкай групы Conflict Intelligence Team Руслан Левіев

— Вы чулі словы прадстаўніка Мінабароны Расіі пра тое, што на кіеўскім кірунку яны «дасягнулі сваёй мэты» і цяпер едуць на Данбас. Ці бачыце вы, што расійскія войскі сапраўды адступаюць? Якія ў вас ёсць даныя?

— Калі казаць пра кіеўскі кірунак, мы бачылі відэазапісы з Беларусі, дзе едзе калона тэхнікі дэсантнікаў са сцягамі Расіі, са сцягамі ПДВ у бок Гомеля, Рэчыцы, — мабыць, для пагрузкі на чыгуначныя цягнікі і наступнай перадыслакацыі ў іншыя месцы.

Але трэба адзначыць, што за некалькі дзён да гэтага мы бачылі, наадварот, прыбыццё новай групы дэсантнікаў у Беларусь. І далейшы іх лёс невядомы, куды яны далей падзеліся. Можа быць, яны зайшлі на тэрыторыю Украіны, і тады гэта была ратацыя, а не адвод войскаў.

Плюс мы бачым злучэнні першай танкавай арміі, якую здымаюць з фронту на чарнігаўскім кірунку і сумскім кірунку, выводзяць на тэрыторыю Расіі і ў далейшым перадыслакуюць альбо на Курск, альбо на Белгарад з далейшым чарговым заходам на тэрыторыю Украіны і атакай у бок Данбаса, Ізюма, Севераданецка, Лісічанска. Але зноў жа, мы ўсе гэтыя відэазапісы адзначаем, мы іх бачым, але гэта ніяк не супярэчыць магчымаму варыянту таго, што ўсё, што адбываецца, — толькі ратацыя.

Гэта таму, што адны сілы могуць выходзіць, а іншыя пры гэтым паралельна заходзіць. І тады карціна сітуацыі ніякім чынам не мяняецца. І пра гэта ж гавораць розныя мясцовыя чыноўнікі, напрыклад, мэр Чарнігава. Па стане на вечар яны ўсе казалі, што ніякага адводу няма, ёсць толькі ратацыя войскаў, абстрэлы працягваюцца, сітуацыя ніяк не змянілася.

— Вы верыце ў тую тактыку, якую цяпер малюе Мінабароны Расіі, што на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках яны «выканалі сваю задачу»? Ці сапраўды задачай расійскіх вайскоўцаў было тое, каб сабраць усе ўкраінскія сілы для абароны Кіева і тым самым аслабіць данецкі і луганскі кірункі?

— Выглядаюць гэтыя сцвярджэнні, вядома, сумнеўна. Таму што калі мы ўспомнім шэраг асобных фактаў, то яны цалкам супярэчаць таму, што кажа Канашэнкаў (афіцыйны спікер Мінабароны РФ, — Рэд.).

Успомніце тую калону Расгвардыі, якая паехала на штурм Кіева: гэта зусім абсурдная рэч, але тым не менш факт, гэта было. І пры гэтым расгвардзейцы таксама расказвалі, што іх адправілі на штурм Кіева.

Успомніце штурм Гастомеля. Калі вы не планавалі ўзяць Кіеў, навошта наогул у Гастомелі ўся гэтая аперацыя была? Можна было проста падысці да Кіева з боку Беларусі, і такім чынам яму пагражаць, не было патрэбы тады спрабаваць узяць Гастомель.

Успомніце разведвальна-дыверсійныя групоўкі, якія прарываліся ў Кіеў. Былі перастрэлкі ў самім горадзе, што таксама цалкам супярэчыць усім гэтым словам Канашэнкава.

Цела расійскага салдата, што загінуў пры агрэсіі ва Украіну. Фота: AP

Цела расійскага салдата, што загінуў пры агрэсіі ва Украіну. Фота: AP

І ў Чарнігаве абсалютна тая самая сітуацыя. Мы бачылі ўвесь час атакі, спробы акружыць горад, падрывы мастоў цераз Дзясну — мы ўсё гэта бачылі, і гэта цалкам супярэчыць словам Канашэнкава, што нібыта гэтыя атакі не былі мэтай так званай аперацыі.

— Адначасова з абʼявай аб адыходзе расійскай арміі з кіеўскага і чарнігаўскага напрамкаў Чарнігаў, ды і іншыя гарады вобласці, у сераду былі абстраляныя. Гэта можна неяк растлумачыць? Няўжо да ніжэйшага складу, звяна не данеслі інфармацыю, што з чарнігаўскага і кіеўскага напрамкаў трэба адыходзіць?

— Я сумняваюся, што праблема ў гэтым. Так, вядома, ёсць праблема сувязі ў расійскім войску, няма нармальнай каардынацыі паміж рознымі родамі войскаў, паміж рознымі кірункамі, такі факт прысутнічае. Але я сумняваюся, што гэтыя абстрэлы адбыліся з-за дрэннай каардынацыі.

Хутчэй за ўсё, мы бачым такую хітрасць з боку Мінабароны Расіі і ў цэлым расійскіх сіл.

Яны заявамі аб адводзе войскаў і стварэннем карцінкі аб нібыта адводзе войскаў спрабуюць, па-першае, прамацаць глебу для магчымасці частковага зняцця санкцый.

А па-другое, гэта для таго, каб яшчэ больш націснуць на еўрапейскае грамадства, еўрапейскія краіны і ў цэлым Захад, каб яны цяпер адмовіліся пастаўляць Украіне новыя тыпы ўзбраенняў.

Таму што для іх гэта будзе выглядаць так, што быццам бы Расія адводзіць войскі, давайце мы тады ўсё ж не будзем пастаўляць СПА, не будзем пастаўляць знішчальнікі, а то мы іх зараз паставім — і зноў усё вернецца ў поўны хаос.

Але наколькі я бачу, гэта звычайная хітрасць, гэта тыповая тактыка, якую выкарыстоўвае Расія. І тое, што мы бачым абстрэлы гэтых гарадоў, Чарнігава і астатніх, гэта не дрэнная нейкая каардынацыя, гэта першапачаткова на гэта нацэлена і было.

— А калі цяпер паглядзець на Луганскую і Данецкую вобласці, як далёка расійскай арміі ўдалося там прасунуцца, калі, вядома, не браць так званыя «ДНР» і «ЛНР»? Можаце назваць кантраляваныя імі часткі абласцей, калі можна, у працэнтных суадносінах?

— Мы не прывыклі лічыць усё ў працэнтах, мы больш глядзім па раёнах. Зразумела, было бачна, што яны на поўначы Луганскай вобласці даадрэзалі тую частку тэрыторыі, якая мяжуе ўласна з Расіяй. Але там было мала населеных пунктаў, яны былі невялікія. Таму ўкраінскія сілы адтуль аператыўна выйшлі, каб не патрапіць у кацёл. І, на наш погляд, гэта была разумная тактыка ў прынцыпе.

Па частцы Данецкай вобласці мы бачым іх прасоўванне ў бок Ізюма. І далей, калі мы гаворым пра накірунак у бок Харкава адносна Данецка, то Ізюм — гэта самая далёкая кропка, куды яны змаглі прасунуцца. І цяпер увесь час ідуць заявы Мінабароны Расіі, што Ізюм цалкам пад кантролем Расіі. Але такія ж заявы гучалі яшчэ некалькі дзён таму, хаця па факце, па відэазапісах баёў мы бачым, што гэта не так, і як мінімум паўднёва-ўсходняя частка Ізюма знаходзіцца пад кантролем украінскіх сіл.

Калі мы кажам пра кірунак, які ідзе з боку паўднёвай часткі, з боку Марыупаля, Мелітопаля, то там мы бачым, што расійскія сілы прасунуліся максімум да Гуляйполя, Такмака і зноў забуксавалі.

Апошнія прыкладна два тыдні расійскія сілы на гэтых дзвюх кропках: Гуляйполе з аднаго боку і Ізюм з другога боку, буксуюць і ніяк не могуць рушыць наперад.

І мабыць, для гэтага і спрабуюць частку сіл перафармаваць, перакінуць на Данбас, каб хаця б пытанне з Данбасам паспрабаваць закрыць.

Масква пачынае рыхтаваць расіян да таго, што «мы перамаглі, можна спыняцца». Што гэта азначае для Украіны і рэгіёна

Чаму Украіна не бамбіць Беларусь, ці прыменіць Пуцін ядзерную зброю і ці будзе штурм Кіева, распавёў Арастовіч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?