Віталь Валачай: У нас няма жадання працаваць з прадстаўнікамі краін, якія моўчкі падтрымліваюць агрэсара ці адкрыта выступаюць «за». Фота: з архіва Віталя Валачая

Віталь Валачай: У нас няма жадання працаваць з прадстаўнікамі краін, якія моўчкі падтрымліваюць агрэсара ці адкрыта выступаюць «за». Фота: з архіва Віталя Валачая

«Наша Ніва»: Свет кіберспорту даволі часта называюць гэткай рэччу ў сабе. Маўляў, ён існуе адасоблена ад рэальных падзей. Як адрэагаваў гэты свет на вайну ва Украіне?

Віталь Валачай: Не пагаджуся, што кібеспорт жыве адарвана ад падзей свету — хаця б таму, што ён банальна завязаны на такіх рэчах, як эканоміка краіны, візавыя пытанні і гэтак далей. Калі ўлічыць, што нашы турніры праводзяцца не толькі ў сеціве, але і ў афлайн-фармаце ў розных кутках планеты, то бытавыя праблемы абрынуліся на нас ледзьве не з першага дня ўварвання. Спартоўцы з Кітая, Філіпін альбо Украіны не маглі даляцець у тыя ці іншыя гарады, дзе адбываліся спаборніцтвы.

Таксама кіберспорт істотна залежыць ад эканомікі і слаба развіваецца ў тых мясцінах, дзе абмежаваныя маркетынгавыя бюджэты кампаній. Удар па эканоміцы — удар па кіберспорце.

Мы цяпер сутыкнуліся з гэтай навалай: адбыўся магутны ўдар па эканоміцы Украіны. Адпаведна, удар перажыла і эканоміка краіны-агрэсара. Бліжэйшым часам гэта сур'ёзна паўплывае на кіберспорт. Таму я б не казаў пра аўтаномнасць: нам баліць так, як і ўсяму свету.

«НН»: Ці ведаеш ты гісторыі, калі віртуальныя гульцы пайшлі абараняць Украіну з рэальнай зброяй у руках?

ВВ: Сёння многія мае суайчыннікі, якія маюць дачыненне да кіберспорту, б'юцца за краіну ва УСУ ды тэрытарыяльнай абароне. Да таго ж, кожны дзень у інтэрнэт-прасторы вы лёгка ўбачыце, як усе больш-менш вядомыя кіберспартоўцы Украіны і дзеячы з гэтай галіны падтрымліваюць радзіму: удзельнічаюць у валанцёрскім руху, а таксама актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі ў інфармацыйнай вайне — сёння гэта адзін з самых важных франтоў змагання.

Усе без выключэння прадстаўнікі нашай сферы ў краіне аб'ядналіся, каб быць карыснымі валанцёрам, ратаваць бежанцаў, прыносіць карысць арміі, змагацца з прапагандай ды клапаціцца пра кінутых жывёл.

«НН»: Ці ёсць сёння культура адмены расіян у кіберспорце? І распавядзі падрабязней, як там цяпер успрымаюць беларусаў.

ВВ: Калі мы канкрэтна вядзем гаворку пра cancel culture, то яе па сутнасці няма. Увогуле не разумею, як пра такую з'яву можна казаць ва ўмовах вайны. Расійскія каманды і клубы, якія напрамую звязаныя з патэнцыйнымі кампаніямі, што спансуюць армію агрэсара і вайну ва Украіне, цалкам лагічна патрапілі ў няміласць. Іх адусюль дыскваліфікуюць, не дазваляюць браць удзел у спаборніцтвах. У некаторых дысцыплінах баняць нават гульцоў з той прычыны, што няма часу ды і рэальных магчымасцяў дэталёва дазнацца, хто, як і за каго.

Віталь Валачай: Як толькі Расія распачала вайну ва Украіне, мы разарвалі ўсе кантракты з расійскімі партнёрамі і болей не будзем з імі супрацоўнічаць. Фота: з архіва Віталя Валачая

Віталь Валачай: Як толькі Расія распачала вайну ва Украіне, мы разарвалі ўсе кантракты з расійскімі партнёрамі і болей не будзем з імі супрацоўнічаць. Фота: з архіва Віталя Валачая

Аднак калі мы звернем увагу на самыя вядомыя лігі — такія, як ESL Pro League у CS:GO альбо спаборніцтвы па Dota 2, то тут ніякай культуры адмены няма. Не дазваляюць выступаць клубам, а вось гульцоў, беларусаў альбо расіян, ніхто не дыскваліфікуе. Яны маюць права змагацца ў нейтральным статусе, без лагатыпаў клубаў, што належаць разнастайным структурам.

Я не сказаў бы, што культура адмены ўвогуле характэрная для кіберспорту — яе ніколі і не было. Зразумела, калі маладыя людзі дазваляюць сабе ва ўнутрагульнявых чатах пісаць «мы вас тут разбамбім», то іх імгненна забаняць і закрыюць доступ да сервераў. Аднак гэта ніяк не звязана з cancel culture — гэта элементарнае глупства, за якое караюць усіх, а не толькі расіян альбо беларусаў.

«НН»: Ты, як і многія калегі, праводзіў эфіры на рускай мове. Што з ёй будзе ў свеце кіберспорту далей? І як ты бачыш інтэграцыю рускамоўных людзей у жыццё Украіны пасля вайны?

ВВ: Мы ўкраінская кампанія, якая працуе на гэтай зямлі ўвесь час, які сябе памятаю. І кіберспартыўныя падзеі ў эфірах «Мэйнкаста» аднолькава натуральна асвятляліся як на роднай для краіны мове, так і на рускай. У нас ніколі не ўзнікала праблем з трансляцыямі на рускай мове.

Адначасова ўнутры кампаніі працавалі (і працуюць) беларусы з расіянамі, якія абсалютна спакойна жылі ва Украіне і выкарыстоўвалі рускую мову для камунікацыі. Ніхто і ніколі за гэта іх не прыніжаў альбо не караў — для нашай рэспублікі гэта ўвогуле не праблема, яе наўпрост не існуе.

А вось СМІ краіны-агрэсара гэтую тэму як навязвалі яшчэ ў даваенны час, так і цяпер яе раскручваюць. Як слушна адзначыў Уладзімір Зяленскі ў адным са сваіх нядаўніх выступаў, агрэсары прыйшлі да нас з мэтай абароны рускай мовы, каб справакаваць да яе нянавісць з боку ўкраінцаў. Аднак у акупантаў гэта не атрымаецца, бо руская мова не належыць Расіі як дзяржаве, яе арміі альбо Пуціну. Людзі будуць размаўляць на той мове, на якой пажадаюць.

Як гэта будзе працаваць у свеце кіберспорту? Рускамоўныя трансляцыі не спыняцца, відавочна. Аднак, напэўна, усё большую папулярнасць пачнуць набіраць рэгіянальныя эфіры — і ў гэтым бачу велізарны плюс. Стануць папулярнымі стрымы на ўкраінскай, казахскай, азербайджанскай мовах і гэтак далей. Гэта паўплывае на рускамоўны сегмент у кіберспорце з пункту гледжання фінансавага складніка. Бо пакуль што спонсары арыентуюцца на рускамоўны рынак.

«НН»: Ты кіруеш адной з самых крутых кіберспартыўных кампаній у СНД. Яна базуецца ва Украіне. Распавядзі, як вайна паўплывала на бізнэс і якія змены за сабой пацягнула?

ВВ: Наш офіс знаходзіцца ў Кіеве, які з першага дня вайны бамбардзіруюць — туды прылятаюць ракеты, пастаянна гучыць сірэна. Па зразумелых прычынах, кампанія прыпыніла дзейнасць у офісе, бо гэта небяспечна. Як, дарэчы, і любая праца у гарадах Украіны, якія знаходзяцца пад абстрэламі. На гэты момант працуем у анлайн-рэжыме. Для «Мэйнкаста» — звыклая справа, бо аналагічна будавалі сваё функцыянаванне падчас пандэміі.

Віталь Валачай: Мы разумеем, што беларусам не хапіла зусім крыху для перамогі, бо мы былі такімі ж. Фота: з архіва Віталя Валачая

Віталь Валачай: Мы разумеем, што беларусам не хапіла зусім крыху для перамогі, бо мы былі такімі ж. Фота: з архіва Віталя Валачая

Медыйная частка кіберспорту дазваляе працаваць з дому — некаторыя нашы каментатары ды аналітыкі ўключаюцца непасрэдна са свайго жытла. Мы разгарнулі некалькі мабільных студый ды працуем у палявых умовах — без звыклай графікі ды тэхнічнага атачэння.

Вядома, вайна паўплывала на якасць кантэнту. Аднак больш за ўсё пацярпела праца са спонсарамі.

Як толькі Расія распачала паўнамаштабную вайну ва Украіне, мы разарвалі ўсе кантракты з расійскімі партнёрамі і болей не будзем з імі супрацоўнічаць.

На жаль, украінскія спонсары сёння існуюць у такім жа фармаце, як і мы — у рэжыме выжывання. Адпаведна, не вядзецца аніякіх размоў пра маркетынгавыя бюджэты, і гэта найвелізарнейшая праблема для нас. Працягваем супрацоўніцтва з міжнароднымі брэндамі, каб працягваць функцыянаванне, плаціць зарплаты. Гэта складаны працэс. Аднак спадзяёмся, што здолеем гэта перажыць, каб «Мэйнкаст» працягнуў вяшчанне.

«НН»: Ці зменіцца тваё стаўленне як працадаўцы да беларусаў ды расіян?

ВВ: Безумоўна. У нас няма аніякага жадання працаваць з прадстаўнікамі названых краін, якія альбо моўчкі падтрымліваюць агрэсара, альбо адкрыта выступаюць «за». Гэта тычыцца грамадзян абсалютна ўсіх краін, што не асудзілі агрэсію, адмаўчаліся, не выйшлі на пратэсты. Тых, хто не зрабіў нічога, как прадухіліць, спыніць вайну, якую распачала Расія.

Ёсць цудоўнае выслоўе: вайна падказвае, хто ёсць спраўдным сябрам, а хто ворагам.

Буду з вамі абсалютна шчыры: мы, украінцы, цяпер бачым, хто нашы браты ды сябры. Браты нашы палякі ды краіны ЕС, якія далі жытло, ежу ды наўпрост уратавалі нашых дзяцей ды жанчын. На вялікі жаль, нашы суседзі — як яны самі сябе называюць, «братэрскі народ» — пераважна маўчаць.

Адзінкі выказаліся, выступілі з пратэстам, нягледзячы на тое, што іх палохалі і пагражалі. Астатнія ж проста маўчаць. Для нас гэтыя людзі — такія ж агрэсары, як і астатні народ, 71 адсотак якога падтрымлівае вайну ва Украіне. Вось з імі мы працаваць ніколі не будзем.

У той жа час «Мэйнкаст» зрабіў афіцыйную заяву, што гатовы прапанаваць сваю дапамогу дзеячам кіберспорту, якія публічна выступаюць супраць вайны.

«НН»: Ты маеш неверагодную папулярнасць у Беларусі як кіберкаментатар. Давай уявім, што гэтае інтэрв'ю пабачыць уся твая мэтавая аўдыторыя. Што ім важна даведацца пра Украіну з першакрыніцы — ад чалавека, які ўсю вайну правёў у цэнтры падзей?

ВВ: Вайна — гэта страшна. Страшна кожны дзень, кожны раз, калі пачынаецца сірэна. Кожны гук выбуху. Кожная раніца, калі пішаш родным ды сябрам, каб даведацца, ці жывыя ўсе, ці застаўся цэлым горад. Гэта сапраўды страшна — страх за ўласнае жыццё, жыццё блізкіх, за жыццё ўсіх украінцаў. За жыццё дзяцей, якія гінуць з-за акупантаў. Гэты страх становіцца яшчэ большым, калі разумееш: людзі, якія прыйшлі сюды забіваць, робяць гэта абсалютна свядома. Іх падтрымлівае краіна і народ, які ўпэўнены — тут ідзе нейкая «вызваленчая» вайна.

Калі б я мог звярнуцца да грамадзян Беларусі, то папрасіў бы ў іх зрабіць абсалютна ўсё, каб сыны вашай зямлі, вашы людзі не ішлі на гэтую вайну. Зрабіць абсалютна ўсё, каб расіяне не выкарыстоўвалі Беларусь як плацдарм для атак па мірных жыхарах Украіны. Зрабіць абсалютна ўсё, каб хаця б беларусы не паміралі — не кажу ўжо пра ратаванне Украіны, бо на гэта здольныя выключна УСУ, чым яны і займаюцца.

Паважаныя беларусы! Мы бачылі, як вы выходзілі на пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі. Мы разумеем, што вам не хапіла зусім крыху для перамогі, бо мы былі такімі ж. Я ў прыватнасці 20 дзён правёў на Майдане падчас «Рэвалюцыі годнасці» і разумею, за што мы там стаялі. Мы свайго дамагліся, аднак заплацілі за гэта велізарную цану. У барацьбе за нашую будучыню, светлую будучыню, загінулі ўкраінцы. І за тое, што мы сталі краінай, якая не здалася, сёння па Украіне ляцяць ракеты. Беларусы, стойце — стойце за сябе і думайце пра сваіх дзяцей, пра іх будучыню. І тады ўсё ў нас будзе цудоўна. Слава Украіне!

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
20
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0