«Забароненая» інфармацыя тычыцца ўварвання Расіі ў Украіну, якое ў РФ называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». У Вікіпедыі ёсць артыкул «Вторжение России на Украину (2022)», у якім прадмет артыкула называецца «расійскай агрэсіяй супраць Украіны», «расійска-ўкраінскай вайной», «вайной» і г. д.

Таксама ў ведамства ёсць прэтэнзіі да таго, што ў артыкуле падаюцца звесткі пра шматлікія ахвяры сярод расійскіх вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва Украіны, якіх няма ў прэс-рэлізах расійскага міністэрства абароны.

Раскамнагляд запатрабаваў у адміністрацыі рэсурса выдаліць гэтыя матэрыялы, але яна патрабавання не выканала.

За невыдаленне інфармацыі ва ўстаноўлены тэрмін уладальніку сайта пагражае штраф у памеры да 4 млн расійскіх рублёў (каля 50 тысяч даляраў).

Станіслаў Казлоўскі, выканаўчы дырэктар арганізацыі «Викимедиа.Ru», якая кіруе рускамоўнай версіяй «Вікіпедыі», заявіў, што інфармацыя, якую ў Раскамнаглядзе назвалі недакладнай, пацвярджаецца спасылкамі на адпаведныя крыніцы.

«Увесь кантэнт «Вікіпедыі» вызначаецца не арганізацыяй, а супольнасцю ўдзельнікаў «Вікіпедыі», якія ў спрэчках вырашаюць, як максімальна нейтральна назваць той ці іншы артыкул.

Ніякіх фэйкаў там няма. Да ўсёй інфармацыі, якая прыводзіцца, падаецца крыніца.

Інфармацыя пра ахвяры ўзятая з сайта ААН, у якую ўваходзіць Расія, уключаючы Раду Бяспекі. Для нас ААН — цалкам сабе аўтарытэтная крыніца».

Казлоўскі дадаў, што ў выпадку складання адміністрацыйнага пратакола патрабаванне выплаціць штраф, памер якога можа скласці 4 млн рублёў, будзе накіравана ў цэнтральны офіс «Вікіпедыі» ў ЗША.

З гэтым жа самым артыкулам, дарэчы, звязваюць затрыманне ў Мінску Марка Бэрнштэйна.

ГУБАЗіК затрымаў яго менавіта за рэдактарскую працу над артыкуламі ў Вікіпедыі, прысвечанымі менавіта вайне ва Украіне.

12 сакавіка суд арыштаваў Бернштэйна на 15 сутак па артыкуле аб непадпарадкаванні службовай асобе (арт. 24.3 КаАП). А 26 сакавіка супраць яго распачалі крымінальную справу аб грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?