Нафтавая свідравіна ў Германіі. Фота: АР

Нафтавая свідравіна ў Германіі. Фота: АР

Калі Байдэн тлумачыў сваё рашэнне, ён назваў высокія цэны на нафту праблемай ваеннага часу, якой патрэбны паўнавартасны адказ. Пачынаючы з мая, Вашынгтон будзе вывыодзіць на рынак па мільёне бараляў нафты за дзень. Гэта будзе самае вялікае за ўсю гісторыю паступленне нафты са стратэгічных запасаў ЗША, якія на сёння складаюць прыкладна 568 мільёнаў бараляў, піша Wall Street Journal.

Байдэн таксама збіраецца звярнуцца да Закона аб ваеннай вытворчасці, які дазваляе пашырыць вытворчасць асобнай прадукцыі ў мэтах нацыянальнай бяспекі. Амерыканскі прэзідэнт плануе скарыстацца ім, каб павялічыць вытворчасць сыравіны, якая выкарыстоўваецца ў акумулятарах для электрамабіляў і іншай экалагічна чыстай тэхнікі. Таксама Байдэн заклікаў Кангрэс прыняць новы закон, які б дазволіў энергетычным кампаніям паскорыць бурэнне новых свідравін на землях, якія знаходзяцца ў федэральнай уласнасці.

Калі планы Байдэна па распячатцы нафтавых рэзерваў рэалізуюцца, у рэзервах ЗША застанецца менш чым 400 мільёнаў бараляў нафты — мінімальны з 1984 года аб'ём. У выпадку, калі сітуацыя будзе пагаршацца далей, такі крок пакіне ЗША мала варыянтаў далейшых дзеянняў. 

Чаму аналітыкі не прадказваюць падзення цэн на нафту нават пасля распячатвання рэзерваў

Крок ЗША стрымае цэны ад далейшага росту, але наўрад ці прывядзе да іх зніжэння. Справа у тым, што санкцыі супраць Расіі прывядуць да падзення паступлення нафты з Расіі. У той жа час Саудаўская Аравія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты адмаўляюцца павялічваць аб'ёмы вытворчасці (хоць тэарэтычна маглі б). У такой сітуацыі праз пару месяцаў цэны маглі б падскочыць і да 150 — 200 даляраў за бараль. Калі ж падзенне аб'ёму паступлення нафты з Расіі кампенсуецца пастаўкамі з рэзерваў ЗША, такога скачка цэн не адбудзецца. Вашынгтон пераконвае Пекін і Дэлі далучыцца. Калі Кітай, Індыя і Японія зробяць адпаведныя крокі, эфект будзе яшчэ больш яўны. 

Многія заходнія кампаніі цяпер пазбягаюць куплі расійскай нафты, і ўдзельнікі нафтавага рынку толькі пачынаюць адчуваць сапраўдны ўплыў таго, што пастаўкі з Расіі знізіліся. Амерыканскі аналітык Боб Макнэлі тлумачыць, што сітуацыя з пастаўкамі нафты з Расіі вельмі складаная, каб пастаўкі са стратэгічных рэзерваў маглі яе радыкальна вырашыць. Цэны на нафту будуць расці ўвесь час, пакуль будзе захоўвацца расійская пагроза.

Аналітыкі характарызуюць крок Байдэна як беспрэцэдэнтны, які дазволіць збалансаваць цэны на нафту яшчэ да ўзнікнення на рынку яе сапраўднага дэфіцыту. 

ЗША на распродажу запасаў па высокай цане выйграюць, у той жа час Расія атрымае ад продажу сваёй сыравіны менш, чым магла. У гэтым задума адміністрацыі Байдэна. Аднак у доўгатэрміновым плане цэны на нафту — а значыць, і здольнасць Масквы фінансаваць свой план заваёвы Усходняй Еўропы — будуць залежаць ад паводзін Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Ірана і Венесуэлы, чатырох краін, якія маюць магчымасць нарасціць здабычу нафты. Гэта калі браць перыяд найбліжэйшых гадоў. Далей жа сваё слова можа сказаць аднаўляльная энергетыка. Энергія сонца і ветра выкарыстоўваецца ва ўсё большых маштабах, новым словам мае стаць пераход Еўропы на вадароднае паліва.

Еўропа пераходзіць на «зялёную» энергетыку. І для Расіі гэта параза

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0