Лешак Шарэпка: Паколькі асноўны разлік Лукашэнкі не спраўдзіўся, цяпер у яго няма іншага выйсця, як спадзявацца на максімальна доўгі супраціў украінцаў. Фота: Яцэк Турчык/ PAP

Лешак Шарэпка: Паколькі асноўны разлік Лукашэнкі не спраўдзіўся, цяпер у яго няма іншага выйсця, як спадзявацца на максімальна доўгі супраціў украінцаў. Фота: Яцэк Турчык/ PAP

«Наша Ніва»: Што для Беларусі значыць вайна ва Украіне ў палітычным сэнсе?

Лешак Шарэпка: Тое, што адбываецца цяпер, бачыцца мне незваротнай мяжой, за якую сягнула Беларусь Лукашэнкі. Яму будзе вельмі складана выкараскацца з той сітуацыі, якая склалася апошнім месяцам. Ён намагаецца пераканаць свет, што не бярэ ўдзелу ў агрэсіі, робіць выгляд, маўляў, для маёй краіны нічога не адбылося. Але гэта поўная лухта, на яе ніхто ў цывілізаваным грамадстве не вядзецца.

Зірніце ў замацаваныя дакументамі нормы міжнароднага права. Там чорным па белым напісана: калі даяце дазвол агрэсару выкарыстоўваць вашу тэрыторыю для правядзення баявых дзеянняў, вы аўтаматычна прыраўноўваецеся да нападніка.

У чым была яго матывацыя? Хутчэй за ўсё, Лукашэнка ставіў на кароткатэрміновую вайну, у якой Украіна нават шанца на выратаванне не займее.

Пасля ж расійскай перамогі быў разлік атрымаць бонусы за лаяльнасць — газ, напрыклад, ці грашовую дапамогу ды паслабленне па крэдытах. Да таго ж у геапалітычным сэнсе ваша рэспубліка атрымлівала краіну-блізня па суседстве, з максімальна лагодным стаўленнем да Расіі. А значыць, і да Беларусі, што зноў жа дае надзею на разнастайныя профіты.

Аднак Лукашэнка не ўлічыў, што вайна павернецца да яго і Пуціна вось такім крывавым бокам, як атрымалася насамрэч. Доўгатэрміновая, з велізарнай колькасцю ахвяр. І з кожным наступным днём баёў яго разлік і, адпаведна, пазіцыя як палітыка нішчыцца. Бо разам з міжнародным правам ён здрадзіў яшчэ і дамоўленасцям, трываласць якіх гарантаваў сваім імем.

Як прыклад прывяду дамову паміж Беларуссю і Украінай пра супрацоўніцтва, сяброўства і гэтак далей. Дакумент датуецца 1995 годам, падпісаны Кучмай падчас яго візіту ў Мінск. Трэці артыкул гучыць так: «Кожны з бакоў абавязуецца ўстрымлівацца ад удзелу ў любых дзеяннях, скіраваных супраць любога з бакоў дамовы, а таксама дапускаць, каб выкарыстанне тэрыторыі любога з бакоў ставіла пад пагрозу іх бяспеку».

«НН»: Ці разумееце вы стратэгію паводзін апарату Лукашэнкі? Бо Беларусь успрымаецца светам ужо як афіліят Расіі. А гэта ўдар па амбіцыях кіраўніка незалежнай дзяржавы.

ЛШ: Паколькі асноўны разлік Лукашэнкі не спраўдзіўся, цяпер у яго няма іншага выйсця, як спадзявацца на максімальна доўгі супраціў украінцаў. Бо толькі ў такім выпадку для Беларусі з'явіцца хаця б невялікая прастора для палітычнага манеўру, нейкага торгу.

Так, ёсць пэўная «кампенсацыйная» рызыка.

У выпадку татальнага правалу Пуцін можа задумацца пра палітычны «аншлюс» іншай краіны-суседкі, меншай і куды больш залежнай ад Расіі. Аднак гэта будуць непрапарцыйныя заваяванні на фоне страт у вайне.

І Лукашэнка гэта таксама разумее. Таму яшчэ больш зацікаўлены ў тым, каб Кіеў трымаўся.

Пасля выбараў 2020 года і ўчыненага гвалту Лукашэнка, каб застацца ва ўладзе, ахвяраваў унушальным адсоткам сваёй палітычнай сілы. Таму і ўспрымаецца сёння пераважна як нелегітымны прэзідэнт з хісткай пазіцыяй. Відавочна, што яму патрэбны саюзнік — без падтрымкі Расіі ён бы за мінулыя паўтара года не ўтрымаўся на пасадзе.

Таму Лукашэнка будзе аддаваць частку самастойнасці ў рашэннях, каб Пуцін яго не пакінуў. І тое, што расійская армія сёння адчувае сябе на тэрыторыі вашай рэспублікі як дома толькі пацвяджае маё меркаванне.

Лешак Шарэпка: Лукашэнка нашмат больш савецкі чалавек, чым Пуцін, і куды большы апалагет рускага свету

Лешак Шарэпка: Лукашэнка нашмат больш савецкі чалавек, чым Пуцін, і куды большы апалагет рускага свету

Дарэчы, яшчэ колькі гадоў таму сцвярджаў: беларускае войска пакрысе пераўтвараецца ў падраздзелы войска суседняй дзяржавы. Яно пакрысе інтэгравалася ў Заходнюю групіроўку, падводзілася пад агульныя дзеянні па супрацьпаветранай абароне і гэтак далей.

Цяпер усе наўпрост убачылі, што ключавыя рашэнні прымаюцца над галовамі беларускіх камандзіраў, а тэрыторыя краіны ператварылася ў частку расійскай лагістычнай сістэмы. Таму, вяртаючыся да ідэі «аншлюсу» — навошта ён, калі і так, як прыйшла патрэба, усё працуе на Пуціна?

«НН»: Што можа прапанаваць Лукашэнка сёння Захаду, каб застацца на плыву?

ЛШ: На гэты момант нічога.

Лукашэнка нашмат больш савецкі чалавек, чым Пуцін, і куды большы апалагет рускага свету. Упэўнены: калі б ён апынуўся ў Маскве і атрымаў тамтэйшую неабмежаваную ўладу, то здзяйсняў бы дзеянні больш жорсткія, чым мы бачым сёння з боку Расіі.

Аднак абмоўлюся: калі Украіна скончыць баявыя дзеянні з пазіцыі сілы на сваю карысць, Лукашэнка паспрабуе зноў уступіць у гульню з Захадам. Ён ужо трымае падобны манеўр у галаве — вызваленне з турмы Анжалікі Борыс таму пацверджанне ды сігнал. Аднак пастаянныя правакацыі на мяжы ды антызаходнія выказванні ўсё роўна выдаюць яго сутнасць.

Я ведаю Лукашэнку: сёння ён кажа адно, заўтра іншае. Таму беларускаму народу дакладна не мае сэнсу верыць яму на слова. Больш за тое, праблемы Расіі ў вайне — асабліва калі яны будуць множыцца — адкрываюць акенца магчымасцей для жыхароў вашай краіны. Гэты крызісны для агрэсара час варта скарыстаць з розумам і зрабіць усё, каб беларускі народ абраў сабе легітымнага лідара, а не гуляў з Лукашэнкам.

«НН»: Што для вас у дыпламатычным і палітычным сэнсе будзе значыць поўнае закрыццё мяжы паміж Беларуссю і Польшчай?

ЛШ: Гэта рэальная праблема для Беларусі. Глядзіце, увесь час, пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, ён без спыну кажа пра выгаднае геапалітычнае становішча краіны. Маўляў, заробак на транзіце гарантаваны пры хоць якіх абставінах. А цяпер уявіце, калі гэтую пупавіну, што харчуе рэспубліку, перарэжуць…

Лешак Шарэпка: У выпадку татальнага правалу Пуцін можа задумацца пра палітычны «аншлюс» іншай краіны-суседкі, меншай і куды больш залежнай ад Расіі. Фота: Аліна Габрыэль-Камінска

Лешак Шарэпка: У выпадку татальнага правалу Пуцін можа задумацца пра палітычны «аншлюс» іншай краіны-суседкі, меншай і куды больш залежнай ад Расіі. Фота: Аліна Габрыэль-Камінска

З іншага боку, я не веру, што Захад да канца на гэта пойдзе. Занадта шмат гульцоў уцягнутыя ў працэс, занадта шмат краін залежаць ад функцыянавання гэтай артэрыі. Таму тое, што ў тэорыі выглядае як лятальная зброя супраць эканамічнай стабільнасці сістэмы Лукашэнкі, наўрад ці ператворыцца ў практычны рычаг для ціску.

«НН»: Што чакае Беларусь у найбліжэйшай будучыні? Да чаго рыхтавацца нам?

ЛШ: Трэба даведацца вынік вайны. Менавіта яна акрэсліць лёс і Лукашэнкі як палітыка, і лёс краіны як самастойнай дзяржавы.

Калі Украіна знікне з палітычнай карты, мы разумеем, што і Беларусь наўрад ці застанецца самастойнай.

Тыя ж сілавікі, якія цяпер узважваюць шанцы, каго падтрымаць, схіляцца ў расійскі бок, бо Пуцін у якасці «збіральніка земляў» будзе значна больш моцны за Лукашэнку.

Калі ж Украіна захавае суверэнітэт, то тут махавік, хутчэй за ўсё, пойдзе ў адваротны бок. І на гэтай хвалі той жа Лукашэнка паспрабуе ўтрымацца: маўляў, хай сабе з ахвярамі, але ж я захаваў вам незалежнасць і не праліў крыві.

Выбар, зразумела, не самы прыемны для беларусаў. Але, паўтаруся, цяпер вы можаце самі падпільнаваць ды скарыстацца момантам, калі менавіта калектыўная воля народа — пры адпаведнай еднасці дзеянняў — стане вызначальнай гістарычнай сілай.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Лешак Шарэпка: «Мы не хочам пазбавіць беларусаў нацыянальнай свядомасці»

Былы польскі пасол у Мінску падказаў беларусам, з каго браць прыклад

Клас
32
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1