Катар упершыню ў гісторыі прыме «мундыяль». Фота: АP
Першынства, якое ўпершыню прымае Бліжэйшы Усход, адбудзецца ў нязвыклы час: ніколі раней «мундыялі» не гуляліся па-за траўнем, чэрвенем альбо ліпенем.
Аднак надзвычайная вяснова-летняя спякота ў рэгіёне вымусіла арганізатараў перанесці спаборніцтвы на перыяд з 21 лістапада па 18 снежня.
Па рэгламенце змагацца за Кубак планеты дазволена 32 зборным. Аднак на момант лёсавання адабраліся ў Катар толькі 29.
Адкрытым застаецца пытанне з адным прадстаўніком Еўропы (пераможца пары Украіна — Шатландыя ў фінале міні-турніра будзе біцца з Уэльсам), а таксама тандэмам трыумфатараў міжкантынентальнага адбору. У дадатковай кваліфікацыі возьмуць удзел Перу ды мацнейшы з пары Аўстралія — ААЭ, а таксама пераможца ў тандэме Новая Зеландыя — Коста-Рыка.
Па выніках лёсавання каманды размясціліся ў групах наступным чынам:
Група «А»: Катар, Нідэрланды, Сенегал, Эквадор.
Група «В»: Англія, ЗША, Іран, Украіна/Шатландыя — Уэльс.
Група «С»: Аргенціна, Мексіка, Польшча, Саудаўская Аравія.
Група «D»: Францыя, Данія, Туніс, ААЭ/Аўстралія — Перу.
Група «E»: Іспанія, Германія, Японія, Коста-Рыка — Новая Зеландыя.
Група «F»: Бельгія, Харватыя, Марока, Канада.
Група «G»: Бразілія, Швейцарыя, Сербія, Камерун.
Група «H»: Партугалія, Уругвай, Паўднёвая Карэя, Гана.
У групах кожная каманда згуляе з кожнай у адзін круг. Па выніках адборачнай стадыі ў плэй-оф патрапяць па дзве наймацнейшыя зборныя з кожнага пула.
Надалей алімпійская сістэма прадугледжвае змаганні ў 1/8, чвэрцьфінале, паўфінале і фінале. Да таго ж будзе праведзены матч за бронзу.
Дадамо, што паўнавартасным чэмпіёнам свету з'яўляецца каманда Францыі, якая ў фінале-2018 перайграла зборную Харватыі.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста





