Пасля ператрусу ў наваполацкім офісе Беларускага незалежнага прафсаюза

Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў быў створаны ў 1991 годзе. У 1993 годзе, пасля далучэння да яго хімікаў, будаўнікоў, нафтаперапрацоўшчыкаў, транспартнікаў ён быў перайменаваны ў Беларускі незалежны прафсаюз. У сярэдзіне 1990-х агульная колькасьць яго сябраў дасягала 5 тысяч чалавек, толькі ў пярвічцы «Нафтана» і «Паліміра» было больш за 1 тысячу сябраў прафсаюза.

«Ідзе агрэсіўная рыторыка, службоўцы нават не саромеюцца ў выразах»

Паступова, з цягам часу, людзей адтуль патроху выціскалі: каго пагрозамі, каго пернікамі, расказвае сябра БНП з наваполацкага «Нафтана» Дзяніс.

«А падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адбылося адраджэнне незалежнага прафсаюза: людзі зноў пачалі актыўна ўступаць у прафсаюз, і колькасьць сябраў яго дасягнула 600 чалавек.

Як толькі мы дасягнулі такой лічбы, улады пачалі ціснуць па старой схеме: пагражалі не працягнуць кантракт, запалохвалі людзей, змяншалі розныя выплаты — усё дзеля таго, каб людзі самі, добраахвотна пачалі пакідаць прафсаюз. Зараз ціск павялічыўся, ідзе агрэсіўная рыторыка, службоўцы нават не саромеюцца ў выразах. Дайшло да таго, што супрацоўнік службы эканамічнай бяспекі пагражаў працаўніку, сябру БНП, што яго знойдуць у лесе», — кажа сябра БНП Дзяніс.

Падчас ператрусу забралі нават ключы ад прыбіральні і афіцыйныя сцягі

27 лютага затрымалі старшыню БНП Вольгу Брыцікаву. Гэта быў асноўны дзень рэфэрэндуму, яна выйшла ў куртцы з антываенным надпісам. Спачатку ёй прысудзілі 15 сутак арышту. Аднак перад выхадам з дому Брыцікава запісала відэа і выклала яго ў свой інстаграм. За гэта яна атрымала дадаткова 15 сутак арышту. Яшчэ 15 сутак ёй прысудзілі за аркушы з антываеннай тэматыкай на вокнах яе кватэры. Агулам Вольга павінна адседзець 45 сутак. Арышт яна адбывае ў Вушачах.

Пасля арышту старшыні 21 сакавіка ў наваполацкім офісе БНП і сябраў прафсаюза дома прайшлі ператрусы, працягвае сябра прафсаюза Дзяніс.

«Спачатку прыйшлі да намесніка БрыцікавайГенадзя Вароны. Яго дома не было, выламалі дзверы спачатку ў кватэру, потым у зачынены на ключ пакой.

Потым сілавікі ўварваліся ў офіс прафсаюза ў Наваполацку. Ператрус, паводле фармальнай версіі, тычыўся крымінальнай справы наконт разгалошвання персанальных дадзеных суддзі Наваполацкага суда Зінаіды Балаболавай, якая выносіла палітычна матываваныя прысуды.

Забралі ўсю офісную дакументацыю, тэчкі з дакументамі, загады, пратаколы цэхавых сходаў з 1990-х гадоў, афіцыйныя сцягі БНП. Забралі ключы ад офіса і нават ключ ад прыбіральні».

Усяго канфіскавалі 13 тэчак з дакументацыяй (касавыя кнігі, плацёжныя ведамасці, пратаколы, заявы сябраў прафсаюза; 16 афіцыйных сцягоў, 21 ключ, пералічыў Дзяніс.

Канфіскавалі ноўтбук унучкі ганаровай пенсіянеркі

У офісе заўсёды знаходзіцца ганаровая пенсіянерка, сябра БНП Ніна Барысава. Спачатку яе павезлі дадому і там правялі ператрус. Забралі мабільныя тэлефоны ўсіх сямейнікаў і нават толькі што куплены новы ноўтбук унучкі. Затым Ніну Барысаву павезлі ў РУУС нібыта для складання пратакола. Пажылой жанчыне з пастарунку выклікалі таксоўку дадому, якую яна сама і аплаціла, — кажа суразмоўца Свабоды.

«Праз пару дзён адбыўся ператрус у юрыста прафсаюза Марыны Сацукевіч, у яе забралі аргтэхніку. Пасля ўсіх ператрусаў, калі ў сілавікоў з'явіліся дакументы, у Наваполацку і ў Мазыры пачалася новая хваля рэпрэсій на сябраў прафсаюзаў.

Супрацоўнік службы эканамічнай бяспекі сам бегае па ўстаноўках са спісамі і патрабуе ад персаналу, каб напісалі заявы аб выхадзе і засведчылі ў прафсаюзе — што яны выйшлі. І патрабуюць уступаць у праўладны афіцыйны Белхімпрафсаюз. Людзей проста забіраюць з працы і вязуць на допыты ў міліцыю, як было нядаўна з Генадзем Варонам.

Усё гэта нацэлена на тое, каб тэрмінова закрыць пярвічку, пакуль Вольга Брыцікава за кратамі, пакуль прафсаюз «абезгалоўлены», — мяркуе Дзяніс.

Наваполацкі гарвыканкам пагражае «выключэннем з журнала дзяржрэгістрацыі»

15 сакавіка на адрас БНП прыйшоў ліст, падпісаны старшынёй Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыем Дзямідавым «Аб прыняцці мераў па ўхіленні парушэнняў». Усяго наваполацкай пярвічцы БНП выстаўлена 5 пунктаў, якія прапануецца выправіць.

Ёсьць і пункт нумар 4, які тычыцца заявы Вольгі Брыцікавай аб недаверы Усебеларускаму сходу, што адбыўся год таму:

«У лютым 2021 года старшыні пярвічнай арганізацыі Вользе Брыцікавай пракуратурай вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці нестатутнай дзейнасці па публічнай дыскрэдытацыі ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу, якія здольныя былі нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь».

«Вось як такія прэтэнзіі можна выканаць — рытарычнае пытанне. Заўвагі гарвыканкама мы павінны выправіць цягам месяца. Інакш пагражаюць «выключэннем з журнала дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйных структур прафсаюзаў», што азначае ліквідацыю прафсаюзаў», — кажа прафсаюзны актывіст з Наваполацка Дзяніс.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру