«Людзі збіраюцца стаяць і на выходных, каб у панядзелак падацца»

21 сакавіка галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС Беларусі аднавіла прыём дакументаў на апастыль. Перад гэтым, 10 сакавіка, нібыта з-за тэхнічных прычын прымаць дакументы перасталі.

З самай раніцы 21 сакавіка каля консульства сабралася вялізная чарга з ахвочых паставіць апастыль. Людзей не стала менш і пасля таго, як 22 сакавіка стала вядома, што цяпер легалізацыя аднаго дакумента будзе каштаваць 32 рублі (раней — 16 рублёў), а апастыль на адным дакуменце — 160 рублёў (раней — 16 рублёў).

Чарга на атрыманне апастылю пасля аднаўлення прыёму дакументаў у Мінску. 22 сакавіка 2022 года. Фота: Чытачы Zerkalo.io

Пачалі з’яўляцца паведамленні, што чаргу спрабавалі разагнаць. Суразмоўца «Белсата» (імя папрасіў не называць), які ўжо два тыдні стаіць пад МЗС у чаканні апастылю, кажа, што ў першыя дні людзі стаялі ля самых дзвярэй, была штурханіна, і міліцыі давялося ўмяшацца, каб супрацоўнікі консульства мелі магчымасць прайсці.

Калі чарга станавілася толькі большай, людзі зразумелі, што трэба неяк самаарганізоўвацца. З’явіліся валанцёры, якія складалі спісы, пачалі ладзіць дзяжурствы па 5-6 чалавек па дзве гадзіны, кругласутачна. Людзі змяняліся, маглі хадзіць на працу, расказвае мінчук. Прыходзілі адпаведна са сваімі нумарамі і спакойна падаваліся. Не было ніякага шуму, чарга нікому не перашкаджала.

— Але ўчора (31 сакавіка) нейкаму супрацоўніку МЗС раптам не спадабалася, што людзі самаарганізаваліся, і пасля прыёму ён загадаў — усіх валанцёраў і спісы прыбраць, — расказвае мужчына. — У выніку людзі зноў пачалі займаць чаргу з 5 гадзін вечара, каб сёння падацца.

Зноў стаяць пад дзвярыма МЗС па 12—15 гадзін. Сёння, калі я сыходзіў, было 200 чалавек. Кажуць, што збіраюцца і на выходных там стаяць, каб у панядзелак трапіць у консульства.

«Такіх чэргаў каля МЗС не бачыў нават пасля выбараў 2020 года»

Чым супрацоўнікам МЗС не спадабалася самаарганізацыя людзей у чарзе, яны не патлумачылі, кажа наш суразмоўца. Аднак паабяцалі прымаць дакументы хутчэй.

— Сёння выйшаў супрацоўнік, падзяліў чаргу на тых, у каго адзін дакумент, і ў каго два і больш, — кажа мінчук. — У каго адзін дакумент, адразу іх пазбіралі і занеслі ўсярэдзіну, а людзям потым аддавалі квіткі. Астатнія засталіся чакаць, іх прымалі ў звычайным рэжыме.

Акрамя таго, павялічылі час прыёму дакументаў — калі раней прымалі з 8 да 10:30 гадзін раніцы, то цяпер — да 12:00.

За гэты час паспяваюць прыняць 70—100 чалавек, але гэта вельмі мала, кажа суразмоўца «Белсата».

— У спісах валанцёраў было амаль 3000 чалавек. З іх, падацца, паспелі толькі каля 800, — зазначае мінчук. — Я такіх чэргаў каля МЗС не бачыў нават пасля падзей жніўня 2020 года.

Апастыль — гэта адмысловы штамп, які легалізуе дакументы. Дакумент, выдадзены ў адной дзяржаве, атрымлівае юрыдычную сілу ў іншай пасля прастаўлення апастылю. Ставяць яго на асабістыя, дзелавыя дакументы, а таксама іх копіі і пераклады, завераныя натарыяльна.

Чытайце таксама:

У Мінску міліцыянты папярэджваюць людзей у чэргах на апастыль пра адказнасць за несанкцыянаваны сход

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру