Уладзімір Макей. Фота Sergei Kholodilin / BelTA/ AP

Уладзімір Макей. Фота Sergei Kholodilin / BelTA/ AP

Макей канстатуе, што «прайшло крыху больш за 30 гадоў пасля распаду Савецкага Саюза, і ад гэтага адзінства не засталося і следу».

Наступным пунктам Макей рэтранслюе хлусню расійскай і лукашэнкаўскай прапаганды пра «гларыфікацыю нацызму»: «Гларыфікуюцца нацызм, забойцы, якія знішчалі мірных людзей, якія спальвалі дзяцей у Хатыні, Арадуры, Лідзіцах, сёння сталі героямі. І наадварот. Пераможцы, тыя, хто вызваліў і нашы краіны, і Еўропу ад карычневай чумы, сталі злачынцамі ў адно імгненне». Гэта цалкам ілжывае сцвярджэнне, пакліканае апраўдаць як парушэнні законнасці ўнутры Беларусі, так і напад на Украіну. Нагадаем, што Уладзімір Пуцін у дні перад пачаткам ваенных дзеянняў і першыя дні пасля пачатку сцвярджаў, што ўладу ва Украіне захапілі «неанацысты і наркаманы», а мэтай аперацыі Расіі была заяўленая «дэнацыфікацыя» — прытым што законнаабраны на свабодных выбарах прэзідэнт Украіны — яўрэй. Гэтаксама лукашэнкаўцы раней цалкам ілжыва абвінавачвалі ў нацызме людзей толькі за тое, што тыя патрабавалі сумленнага і празрыстага падліку галасоў на выбарах.

«Сёння ідзе супрацьстаянне, я б сказаў, сэнсаў, — працягвае Макей, — барацьба сэнсаў, вайна, умоўна кажучы, паміж Дабром і Злом.

Зразумела, што розныя бакі спрабуюць выставіць сябе ў якасці станоўчага боку і прадставіць іншы бок у якасці зла. Але дастаткова задацца толькі адным пытаннем: хто ініцыяваў гэты працэс, спробу ўсталяваць дыктат, дамінаванне ў свеце, хто ініцыяваў шэраг рэвалюцый у іншых краінах, звязаных са спробамі змены ўладаў, са спробамі навязаць сваю волю?» — пераходзіць Макей на балючую для лукашэнкаўцаў тэму пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў.

«У наяўнасці нежаданне прыняць аб'ектыўныя законы развіцця, якія прадугледжваюць разнастайнасць шляхоў развіцця дзяржаў і народаў, таму што дзяржавы і народы адрозніваюцца, у кожнага свая спецыфіка, традыцыі, норавы і звычаі», — сцвярджае Макей.

«У наяўнасці свавольнае, адвольнае тлумачэнне прынцыпаў міжнароднага права, адыход ад гэтых асноватворных прынцыпаў, якія былі закладзены яшчэ ў 1945 годзе ў Сан-Францыска ў Статуце ААН», — гаворыць Макей так, нібы агрэсія супраць суверэннай Украіны, спроба вычленіць на яе тэрыторыі «рэспублікі Данбаса», міжнародным правам дыктуецца, нібы гэта не ў ААН усяго 4 краіны падтрымалі дзеянні Расіі, а 140 асудзілі.

Макей прызнае, што «Беларусь і Расія засталіся практычна сам-насам з тымі, хто спрабуе навязаць гэтым дзяржавам сваю волю». 

Асаблівая крыўда ў Макея гучыць на адрас Казахстана ды іншых краін АДКБ, якія адмежаваліся ад спробы Расіі і Беларусі захапіць і расчляніць Украіну.

«І мне асабіста дзіўна назіраць, як у цяжкую для сябе хвіліну частка вось гэтага непераможнага савецкага народа звяртаецца па дапамогу да Расіі і Беларусі, і гэтыя дзяржавы аказваюць ім гэтую дапамогу, — недвухсэнсоўна намякае беларускі міністр на аперацыю АДКБ у Казахстане ў студзені. — А ў цяжкую для нашых краін хвіліну гэтая частка непераможнага савецкага народа заяўляе, што не будзе «ў адным кошыку» з Расеяй і Беларуссю. Гэта не прэтэнзія абсалютна, гэта проста канстатацыя фактаў», — падкрэслівае Макей.

Казахстан, нагадаем, днямі заявіў, што не збіраецца сядаць у адну лодку з Расіяй і Беларуссю. 

Далей ідзе канкрэтызацыя прэтэнзій:

«Хтосьці асцерагаецца накіраваць амбасадара сюды, хтосьці раз'язджае па еўрапейскіх сталіцах, спрабуючы паказаць, што не мае ніякага дачынення да падзей, якія адбываюцца, і не будзе падтрымліваць вось гэтыя «краіны-ізгоі» (з іх пункту гледжання) і гэтак далей».

Урэшце Макею «сёння зразумела, што свет стаіць на парозе вялікіх пераўтварэнняў і магчымых узрушэнняў».

Але «ведаеце, калі ўжо быць пакараным смерцю, не памятаю, хто гэта сказаў, то лепш быць пакараным смерцю за вернасць, чым за здраду». 

З тым, што лепш, можна спрачацца, але свой асабісты выбар Макей сапраўды зрабіў яшчэ ў жніўні 2020-га. І цяпер яму нічога не застаецца, як яго ўніверсалізаваць і апраўдваць.

Клас
9
Панылы сорам
139
Ха-ха
39
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
26