«Гэта пекла, якое трэба задакументаваць, каб пакараць людзей, якія ўчынілі яго на нашай зямлі. Падкрэслю, прыцягнуць да адказнасці ў нацыянальных, і ў міжнародных судах», — звяртаецца яна.
З першых дзён вайны офіс генпракурора сумесна з СБУ працуюць над крымінальнай вытворчасцю па факце здзяйснення палітычным і ваенным кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі генацыду ўкраінскага народа. Асаблівая ўвага надаецца найбольш масавым разбурэнням у Марыупалі, населеных пунктах Кіеўскай, Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Луганскай і Данецкай абласцей.
«Уся вызваленая тэрыторыя падзеленая на квадраты, у кожным з якіх працуюць следча-аператыўныя групы з пракурораў, следчых і аператыўных супрацоўнікаў паліцыі. Да правядзення аглядаў месцаў падзей прыцягваюцца інспектары-крыміналісты, выбухатэхнікі, кінолагі, судова-медыцынскія эксперты або дактары. Наперадзе гэтых каманд заўсёды ДСНС — ворагі замініравалі гарады і вёскі, засталося шмат боепрыпасаў, якія не выбухнулі, яны пакінулі «расцяжкі» нават на трупах мясцовых», — адзначае Венядзіктава.
Для правядзення першачарговых следчых дзеянняў на тэрыторыі толькі Бучанскага раёна зараз працуе больш за 50 супрацоўнікаў паліцыі і пракурораў.
У бюро судмедэкспертызы пастаянна дзяжураць пракуроры, следчыя і судовыя эксперты. З тэрыторыі Кіеўшчыны ўжо вывезлі 410 целаў забітых мірных жыхароў, за 1—3 красавіка 140 з іх ужо агледзелі пракуроры і іншыя спецыялісты.
«Паралельна ідзе праца з мясцовым насельніцтвам, пошук сведак, пацярпелых, збор фота— і відэадоказаў. Гэта тонкая і карпатлівая праца: людзі спалоханыя, стомленыя, закатаваныя, яны перажылі жах, які немагчыма апісаць. І тут таксама трэба час і прафесійны падыход, каб зафіксаваць усё правільна і не ўпусціць ніводнага шанцу знайсці і пакараць вінаватых», — акцэнтуе пракурор.
Яна таксама заклікае не спрабаваць хайпіць на трагедыі.
«Там ужо пачынаюць з'яўляцца чэргі нібыта ахвотных дапамагчы праваахоўнікам дакументаваць злачынствы, а на самай справе — засэлфіцца на месцы трагедыі. Для ўсіх «памочнікаў» паўтару — гэта месца злачынства, дзе павінны працаваць толькі прафесіяналы, каб не парушыць абставінаў, сабраць увесь сапраўды неабходны матэрыял па міжнародных стандартах», — тлумачыць Ірына Венядзіктава.
Яна таксама звяртае ўвагу, што на вызваленых тэрыторыях усё яшчэ небяспечна, паколькі расійскія войскі шмат што замініравалі, многія боепрыпасы не здэтанавалі.





