Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

«У сусветным рэйтынгу цэны на прадукты ва Узбекістане лічацца невысокімі» 

Прадпрымальніку Сяргею 34 гады. Ён разам з сям’ёй ў сакавіку пераехаў з Мінска ў Ташкент. Спачатку як варыянт для рэлакейту разглядалі Грузію, але потым вырашылі ехаць ва Узбекістан. 

«Пакуль варта перачакаць гэты час нявызначанасці ў іншым месцы. Пераехаў разам з жонкай і дзецьмі, ім 8 і 10 гадоў. У Грузіі цяпер вельмі шмат людзей. Пра Ташкент на той момант я нешта ведаў, раней дапамагаў тут прасоўваць адзін айцішны праект. Было зразумела, што інвестуецца ў горад і бізнэс шмат, ідзе добрае развіццё кірунку ІТ, таму паехалі сюды. Цяпер я шукаю працу, мая жонка ў SMM на беларускім рынку. Мабыць, там і застанецца», — кажа ён. 

У Беларусі Сяргей меў маркетынгавы бізнэс. Цяпер ён замарожаны. 

«Гэта не связана з палітычнай ці эканамічнай сітуацыяй. Хутчэй за ўсё, я проста павыгараў, трэба было змяніць што-небудзь у жыцці», — кажа ён.

Па словах Сяргея, узровень жыцця ў Ташкенце прыкладна такі ж, як у Мінску. Горад для аўтамабілістаў, нармальных пешаходных пераходаў няма.

«Вельмі шмат машын, ёсць заторы. Пешшу тут складана перасоўвацца», — кажа ён.

Цэны на прадукты ў Ташкенце розныя: у супермаркеце даражэй, на рынку танней. Напрыклад, масла ў краме каштуе 25000 сумаў (7 беларускіх рублёў), а на рынку 8000 сумаў (2,30 рубля), масла «Савушкін» — 115 тысяч сумаў (32,85 рубля). 

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

«Беларускія прадукты тут па кошце прыкладна як заходнееўрапейскія, — кажа ён. — Малочныя прадукты даражэйшыя недзе ў паўтара раза. Мука, крупы прадаюцца на вагу. Тут вельмі смачныя памідоры. У нас нават улетку такіх няма. У сусветным рэйтынгу цэны на прадукты ва Узбекістане лічацца невысокімі».

У пераліку на беларускія грошы бульба тут каштуе 1,43—1,71 рубля за кілаграм, морква — ад 1,71 рубля, кефір — 2,86 рубля, ялавічына — ад 14,28 да 15,71 рубля, хлеб — 46 капеек. Цана на фарш залежыць ад працэнту тлушчу, калі яго 20%, — 17,14 рубля, 15% і менш — 19,71 рубля.

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

«Купіць кватэру ў навабудзе цяпер дорага, каштуе ад 60 тысяч даляраў і вышэй»

Апошнім часама ў Ташкент прыехала шмат айцішнікаў і прадпрымальнікаў, таму цэны на жытло павысіліся. Сям’я шукала кватэру па крытэрыях «як мага бліжэй да цэнтра і як мага танней».

«Мы знялі трохпакаёўку за 550 даляраў за месяц. І гэта вялікі поспех, бо цяпер ужо за такія грошы знайсці жытло цяжка. Напрыклад, трохпакаёўкі прапануюць за 800 даляраў, двухпакаёўкі ад 400, аднушкі — 300-400. Гэта калі ў цэнтры. Па камуналцы сказаць не магу, мы яе яшчэ не плацілі. Мясцовыя кажуць, што яна ў раёне 20 даляраў у месяц. Плацілі за інтэрнэт каля 15 даляраў, але ён тут вельмі дрэнны. Рэкамендуюць шукаць жытло бліжэй да цэнтра, бо тут лепш інфраструктура. У цэнтры ўсё больш-менш спакойна, а на ўскраінах — не. Трэба яшчэ арыентавацца на метро», — кажа Сяргей.

Ва Узбекістане ў асноўным бяруць жытло ў крэдыт. Кошт кватэр залежыць ад месца іх размяшчэння.

«Напрыклад, калі жытло ў цэнтры горада, пасёлка, у якім паблізу шмат бізнэс-цэнтраў, супермаркетаў, аптэк, то яно каштуе даражэй — ад 60 тысяч даляраў.

Далей ад цэнтра — танней. Ад 40 да 55 тысяч даляраў — гэта трохпакаёвыя кватэры. Ад 25 тысяч даляраў — аднапакаёвыя. Купіць кватэру ў навабудзе цяпер дорага, каштуе ад 60 тысяч даляраў і вышэй», — кажа мужчына. 

Грамадскі транспарт у Ташкенце танны. Праезд у аўтобусе і метро каштуе 1600 сумаў (46 капеек).

«Маршруткі па 2000-3000 сумаў (57 — 86 капеек) у залежнасці ад адлегласці і маршруту. Таксі з горада ў вобласць абыходзіцца значна танней, чым паездкі па сталіцы. Напрыклад, у Ташкенце за адлегласць 13-15 кіламетраў вы заплаціце 18-20 тысяч сумаў (каля 5 рублёў). Паездка за горад з такім жа кіламетражом — 7-8 тысяч сумаў (каля 2 рублёў)».

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

Цэны на мабільную сувязь ва Узбекістане залежаць ад аператара, у якога набываеце сім-карту. Самы танны тарыф — 10000 сумаў (2,86 рубля). З невялікай колькасцю інтэрнэту і бясплатных хвілін — ад 20000 сумаў (5,71 рубля).

Калі Сяргей толькі прыехаў у Ташкент, надвор’е там было халаднейшае, чым у Беларусі. Цяпер днём бывае да 15 градусаў цяпла.

«Людзі некаторыя ў футболках ходзяць, — дзеліцца ён. — Часам у горадзе бачны смог.

З экалогіяй тут праблемы, таму што шмат машын, але больш за палову з іх на газе. І яшчэ бываюць бураны».

Вярнуцца ў Беларусь Сяргею хочацца заўсёды. Але лічыць, што для яго сям’і цяпер лепш пабыць ва Узбекістане. 

«У нас цяпер небяспечна. Таму пакуль паглядзім на Азію, а там будзе бачна», — кажа ён.

«Сярэдні заробак ў насельніцтва — 664 рублі»

Васіліне 35 год. Яна працуе ў дыджытал-кампаніі. На пачатку сакавіка яна разам з мужам і дзіцем пераехала з Мінска ў Ташкент. Адной з прычын ад’езду стала вайна, якая пачалася ва Украіне.

«З Беларусі мы не хацелі з’яджаць, але 24 лютага была апошняя кропля. Больш заставацца стала немагчыма. Я вельмі дрэнна адчувала сябе ў Беларусі. Не спала, не ела, не працавала, бо ў галаве пастанна была думка, што наша краіна датычная да падзей ва Украіне. Цяпер мне значна лепей, адчуваю сябе ў бяспецы.

Чаму менавіта Ташкент? У мужа была магчымасць паехаць сюды ў камандзіроўку. А таксама можна было ўзяць нас і паглядзець, ці захочам мы тут застацца. Так і атрымалася. У беларусаў увогуле не шмат накірункаў, куды можна паляцець. Разглядалі Грузію, Турцыю, але квіткі ва Узбекістан былі ў два разы таннейшыя і паток людзей невялікі. Таму паехалі ў Ташкент», — тлумачыць яна.

У Васіліны і яе мужа заробкі засталіся беларускімі. Гэтага цалкам хапае на жыццё для ўсёй сям’і ў Ташкенце. 

«Муж працуе ў IT. Увогуле, ён утрымлівае сям'ю. Я свой заробак патраціла, мабыць, за тры тыдні, але гэта не ў чым сабе не адмаўляючы. Ва Узбекістане розныя заробкі. Напрыклад, я глядзела вакансіі для экспатаў. У адну кампанію патрэбны быў кіраўнік маркетынгавага аддзела, заробак — 2500 даляраў. 

Сярэдні заробак тут у насельніцтва — 2,5 мільёна сумаў (664 беларускія рублі). Гэта, канечне, не тычыцца айцішнікаў. У цэлым у краіне ёсць бедны і багаты клас. Сярэдняга вельмі мала».

Па ўзроўні жыцця Ташкент нагадвае Васіліне Мінск пяць гадоў таму. Але інфраструктура ў сталіцы развітая добра. 

«Шмат паркаў і цэнтраў для адпачынку. Гэта мне падабаецца, яны вельмі крутыя, — кажа Васіліна. — Трэба адзначыць, што ў кафэ, рэстаранах тут распаўсюджанае курэнне. У нейкіх сямейных кавярнях я гэтага не бачыла, але ў барах, напрыклад, паўсюдна. І кальяны вельмі папулярныя. Што яшчэ? Дрэнныя дарогі. Першыя дні мяне гэта вельмі раздражняла.

Лічбавая культура менш развітая. Напрыклад, шмат дзе нельга заплаціць карткай альбо можна толькі мясцовай. Мы так не змаглі купіць анлайн-квіткі на цягнік, прыйшлося праз турыстычную фірму. Як мне расказвалі, раней ў іх было яшчэ горш. Нельга было пераводы рабіць з карткі на картку.

Таксама банкаматаў не вельмі шмат, інтэрнэт так сабе. Ёсць праблемы з адзеннем: яно нятаннае і няма выбару. Мясцовыя жыхары ездзяць у Казахстан. Яшчэ цікавы момант тут з алкаголем. Ён ёсць не ва ўсіх кафэ і рэстаранах. Набыць алкаголь можна толькі ў спецыялізаванай краме — у звычайным супермаркеце яго не будзе».

Фота: асабісты архіў 

Фота: асабісты архіў 

Ва Узбекістане замежнікам абавязкова трэба зрабіць рэгістрацыю. Без яе можна атрымаць штраф. 

«Спачатку нас рэгістравалі ў гатэлі, а потым ужо ў кватэры. Від на жыхарства выдаецца толькі пры ўмове набыцця нерухомасці. У Ташкенцкай вобласці і ў сталіцы — на суму не менш за 400 000 даляраў.

Для IT кампаній і спецыялістаў спрошчаная працэдура. Ім можна набыць маёмасць на любую суму. Я яшчэ не ведаю, колькі дакладна дзён тут можна знаходзіцца. Спачатку нам сказалі, што 60, а потым, што экспатам можна быць 365 дзён, як у Грузіі», — заўважае яна.

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

«Часта бачу, што перакрываюць дарогу, калі нехта едзе. Гэта гісторыя, як і ў Беларусі» 

Калі Васіліна ехала ў Ташкент, думала, што ў мясцовага насельніцтва ўзнікнуць пытанні наконт яе знешнасці. Дзяўчына носіць дрэды і яркае аддзенне.

«Аказалася, што тут такіх праблем няма. Ёсць шмат дзяўчат, якія таксама нестандартна выглядаюць. Але і традыцыі захоўваюцца, асабліва не ў сталіцы.

Некаторыя носяць нацыянальнае адзенне, ёсць тыя, хто ходзіць у хіджабе. У сям’і муж можа не дазволіць жонцы працаваць, напрыклад. У плане свабоды наогул: тут быў забароненыя Скайп, Твітар.

Часта бачу, што перакрываюць дарогу, калі нехта едзе. Гэта гісторыя, як і ў Беларусі. Ёсць паркі, якія цалкам зачыненыя. Бачна, што па еўрапейскіх мерках Узбекістан свабоднай краінай назваць нельга.

Жыхары пішуць у чатах, што яны незадаволеныя тым, што некаторыя інтэрнэт-праграмы, рэсурсы заблакаваныя. Іх гэта хвалюе», — кажа яна. 

Жытло сям’я шукала праз агенцтва. Рыэлтару заплацілі 150 даляраў.

«Знялі трохпакаёўку ў цэнтры за 550 даляраў і пакінулі такі ж залог. Камунальныя плацяжы тут атрымліваюцца каля 30 даляраў у месяц. Тут усё ёсць, але адзіны мінус, што сама кватэра старая. Па паслугах магу сказаць, што цэны прыблізна такія ж, як у Мінску. Напрыклад, на манікюр я хадзіла ў салон за 130000 сумаў (37 рублёў)», — кажа дзяўчына.

Пяцігадовага сына Васіліна аддала ў Ташкенце ў прыватны дзіцячы садок. Варыянты з дзяржаўнымі не разглядалі. 

«Прыватны садок каштуе 2 мільены сумаў (827 рублёў). У аплату ўваходзіць ежа, заняткі, розныя секцыі. Я яшчэ ў міні-садок звярталася, там можна аддаваць дзіця на тры гадзіны на дзень. Ён каштуе 1 мільён сумаў (342 рублі) у месяц. Ёсць яшчэ паслугі няні на гадзіну, каштуе 120 тысяч сумаў (34 рублі). Самі людзі тут шмат размаўляць па-руску, у садку дзеці таксама. Таму моўных праблем няма». 

Мінская сям'я пераехала ў Чэхію па запрашэнні на працу, а ім адмовілі праз беларускі пашпарт

«Атрымліваю заробак ніжэйшы за сярэдні, але ўзровень жыцця вырас». Беларус адказаў айцішніку, які «не вытрымаў пакутаў у Польшчы»

Клас
7
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
1