Франк-Вальтэр Штайнмаер з Уладзімірам Пуціным. 2017 год

Франк-Вальтэр Штайнмаер з Уладзімірам Пуціным. 2017 год

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер прызнаў памылкі ў сваёй мінулай палітыцы ў дачыненні да Расіі. Найперш памылковай ён прызнаў сваю прапаганду расійска-нямецкага газаправода «Паўночны паток — 2», які яшчэ ў мінулым годзе называў «мостам» у адносінах паміж дзвюма краінамі.

«Мая прыхільнасць да «Паўночнага патока — 2», відавочна, была памылкай», — сказаў Штайнмаер у гутарцы з журналістамі.

«Мы затрымаліся на тых мастах, у якія Расія больш не верыла і пра якія нас папярэджвалі нашы партнёры», — сказаў прэзідэнт.

Днямі амбасадар Украіны ў Германіі Андрэй Мельнік жорстка раскрытыкаваў Штайнмаера. Ён закінуў нямецкаму прэзідэнту несур'ёзнае стаўленне да неабходнасці разрыву стасункаў з Расіяй і абвінаваціў яе ў залішняй блізкасці з Масквой на фоне развязанай ёю вайны супраць Украіны.

«З пункту гледжання Пуціна няма ні ўкраінскага народа, ні мовы, ні культуры, а такім чынам і дзяржавы. Штайнмаер, падобна, падзяляе меркаванне аб тым, што ўкраінцы на самай справе не з'яўляюцца суб'ектам», — сказаў Мельнік.

Штайнмаер не загневаўся на такую рэзкую пазіцыю дыпламата, а наадварот, прызнаў шмат у чым яго рацыю. Ён патлумачыў сваю ранейшую пазіцыю:

«Мая ацэнка заключалася ў тым, што Уладзімір Пуцін не пагодзіцца на поўны эканамічны, палітычны і маральны крах сваёй краіны за сваю імперскую памылку. Як і іншыя, я памыляўся».

Пасля гэтага ён сказаў пра «горкі баланс» расійскай палітыкі:

«Мы правалілі стварэнне агульнага еўрапейскага дому, у які будзе ўключаная Расія. Мы пацярпелі няўдачу з падыходам інтэграцыі Расіі ў агульную архітэктуру бяспекі».

Штайнмаер, аднак, адхіліў абвінавачванне Мельніка ў тым, што яго не хвалююць праблемы Украіны.

«Я вельмі пакутую разам з народам Украіны, — сказаў ён. — Пасля пачатку 2014-га ніводная іншая краіна не ўплывала на маю працу так моцна».

Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, каментуючы гэтыя выказванні нямецкага прэзідэнта, адзначае

«Гэтая пераацэнка сваёй палітыкі запозненая, але яна, аднак, сведчыць пра фундаментальны разрыў Германіі з пуцінскай Расіяй. Калі з такой заявай выступае былы найбліжэйшы паплечнік экс-канцлера і расійскага лабіста Герхарда Шродэра, то можна не сумнявацца, што лёд сапраўды крануўся».

Клас
36
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
3