Калі ў выходныя з'явіліся выявы целаў забітых мірных жыхароў, якія ляжаць на вуліцах Бучы — у некаторых былі звязаныя рукі, у некаторых агнястрэльныя раненні ў галаву, — Міністэрства абароны Расіі адмаўляла сваю адказнасць.

У паведамленні Telegram у нядзелю Міністэрства выказала здагадку, што целы былі нядаўна выкінутыя на вуліцы пасля таго, як «усе расійскія падраздзяленні цалкам выйшлі з Бучы» каля 30 сакавіка. Расія заявіла, што выявы былі «чарговым фэйкам» і заклікала да экстранага склікання Рады Бяспекі ААН. 

Але агляд відэазапісаў і спадарожнікавых здымкаў паказвае, што многія цывільныя асобы былі забітыя больш за тры тыдні таму, калі расійскія вайскоўцы кантралявалі горад. На адным відэа, знятым членам мясцовай рады 2 красавіка, відаць мноства целаў, раскіданых па вуліцы Яблонскай у Бучы.

Спадарожнікавыя здымкі, дадзеныя NYT кампаніяй Maxar Tecnology, паказваюць, што па меншай меры 11 з іх былі на вуліцы з 11 сакавіка, калі Расія, па яе ўласным прызнанні, акупавала горад.

Каб пацвердзіць, калі з'явіліся целы і калі ахвяры, верагодна, былі забітыя, візуальная следчая група NYT правяла аналіз спадарожнікавых здымкаў да і пасля. На здымках бачныя цёмныя аб'екты памерам з чалавечае цела, якія з'явіліся на вуліцы Яблонскай у перыяд з 9 па 11 сакавіка.

Аб'екты з'яўляюцца ў дакладна тым становішчы, у якім былі выяўленыя целы пасля таго, як украінскія войскі адбілі Бучу, паводле кадраў ад 2 красавіка. Далейшы аналіз паказвае, што аб'екты заставаліся ў такім становішчы больш за тры тыдні. Прычыны смерці няясныя.

Некаторыя целы былі побач з тым, што, відаць, з'яўляецца варонкай ад бомбы. Іншыя — каля кінутых машын. Тры целы ляжалі побач з роварамі. У некаторых рукі звязаныя за спіной белай тканінай. Ахвяры былі раскіданыя больш чым на паўмілі па вуліцы Яблонскай.

На другім відэа, знятым на вуліцы Яблонскай, бачныя яшчэ тры целы. Адно ляжыць побач з роварам, яшчэ адно каля кінутай машыны. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што кінутыя аўтамабілі і бліжэйшыя целы з'яўляюцца ў перыяд з 20 па 21 сакавіка.

Мёртвае цела каля кінутых аўтамабіляў на вуліцы Яблонскай у Бучы, Украіна, 2 красавіка. Цела знаходзілася на вуліцы з 21 сакавіка, паказваюць спадарожнікавыя здымкі.

Мёртвае цела каля кінутых аўтамабіляў на вуліцы Яблонскай у Бучы, Украіна, 2 красавіка. Цела знаходзілася на вуліцы з 21 сакавіка, паказваюць спадарожнікавыя здымкі.

Гэта толькі некаторыя з ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва, выяўленых з суботы. The Associated Press апублікавала фатаграфіі па меншай меры шасці мёртвых мужчын, якія ляжаць разам у задняй частцы офіснага будынка, у некаторых рукі былі звязаныя за спіной.

Будынак знаходзіцца ў мілі на захад ад іншых ахвяраў, знойдзеных на вуліцы Яблонскай. Яшчэ за мілю далей фатограф з NYT выявіў цела мужчыны з агнястрэльным раненнем у галаву, ён ляжаў побач з роварам.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
30
Абуральна
53