Частка здзелак сарвалася

Сакавік цяжка назваць паказальным у плане статыстыкі, паколькі пераважная частка здзелак, аформленых у мінулым месяцы, была запланаваная яшчэ да пачатку вайны. Аднак нават за гэты перыяд колькасць продажаў прыкметна скарацілася, частка здзелак сарвалася.

«За мінулы месяц у сталіцы было здзейснена ўсяго каля 850-900 здзелак, калі для сакавіка характэрным з'яўляецца 1150. Аналагічная тэндэнцыя назіраецца па ўсёй краіне.

З пачаткам вайны частку другаснага жылля знялі з продажу, адток склаў каля 10-15% ад агульнай колькасці прапаноў. У асноўным гэта былі тыя прадаўцы, хто, хутчэй, проста прыцэньваўся, чым быў гатовы да рэальных дзеянняў. У той жа час колькасць новых прапаноў вырасла на 20 працэнтаў. Людзі захацелі паспрабаваць пазбавіцца ад так званага дадатковага жылля. Палова з тых, хто працягнуў продаж, пайшлі па шляху зніжэння першапачатковай цаны», — адзначае адзін з экспертаў па нерухомасці.

Нерухомасць працягне таннець

Рыэлтары канстатуюць, што па стане на пачатак красавіка народ знаходзіцца ў ступары. Цікавасць да нерухомасці нізкая. Спецыялісты выказваюць здагадкі, што, нягледзячы на ўжо прыкметнае скарачэнне колькасці здзелак у сакавіку, красавіцкія паказчыкі будуць яшчэ больш сціплымі. Бягучая сітуацыя ўжо паспела адбіцца на цэнах.

«У сталіцы другасная нерухомасць у рэальных здзелках у сярэднім патаннела на дзесяць працэнтаў у параўнанні з пачаткам лютага гэтага года. Казаць пра тое, што цэны перастануць зніжацца, не прыходзіцца. Цяпер мы назіраем сур'ёзны адток насельніцтва з Беларусі. Людзі з'язджаюць, але ў большасці сваёй адразу ад нерухомасці не пазбаўляюцца. Таму гэты працэс будзе зацяжным.

У той жа час змены, звязаныя са спагнаннем камунальных плацяжоў з асоб, якія больш за 30 дзён знаходзяцца па-за межамі Беларусі, могуць у пэўнай меры фарсіраваць падзеі. Гэта можа падштурхнуць людзей хутчэй выставіць жыллё на продаж альбо паспрабаваць здаць яго ў арэнду. Павелічэнне колькасці прапаноў пры нізкім попыце прывядзе да яшчэ большага зніжэння ставак арэнды», — лічыць аналітык рынку.

Цана арэнды кватэр зніжаецца. У першую чаргу з-за курсавых ваганняў. Людзі спрабуюць знізіць цану ў валюце альбо ўсталяваць яе ў рублях.

У некаторых ЖК цана знізілася на 15-25 %

Рынак новай нерухомасці ўвогуле апынуўся ў катастрафічнай сітуацыі.

«Самы сур'ёзны ўдар нанесла скарачэнне колькасці партнёрскіх праграм ад банкаў. Па гэтай схеме раней набывалася каля 30% новай нерухомасці. Акрамя таго, у патэнцыйных пакупнікоў няма ўпэўненасці ў тым, што будзе з цэнамі на рамонт і абсталяванне на момант здачы аб'екта. Таксама існуюць пэўныя асцярогі наконт таго, ці змогуць забудоўшчыкі ўкласціся ў тэрмін. Усё гэта негатыўна адбіваецца на продажах.

Па шэрагу падобных прычын рынак другаснага жылля аказваецца ў крыху больш выгадным становішчы. Ты адразу бачыш, што купляеш, ёсць магчымасць пралічыць выдаткі на рамонт.

Забудоўшчыкі па-рознаму рэагуюць на тое, што адбываецца. Адны, каб прыцягнуць кліентаў, усталёўваюць свой курс у валюце, які ніжэйшы за той, што можна ўбачыць у абменніку, іншыя проста зніжаюць цану ў валюце. Мы ўжо назіраем, што ў некаторых ЖК цана квадрата знізілася на 15-25 працэнтаў у параўнанні з пачаткам лютага».

Частка забудоўшчыкаў пакуль не прымала ніякіх мер па зніжэнні цаны. Гэта тлумачыцца тым, што на бягучы момант арганізацыя не мае патрэбы ў сродках і можа сабе дазволіць заняць чакальную пазіцыю. Абвяшчаючы акцыі і распродажы, забудоўшчыкі імкнуцца знаходзіць баланс, які дазволіць не раззлаваць іншых дольшчыкаў, якія плацілі больш.

Новыя бізнэс-цэнтры пустуюць

Няпростая сітуацыя і з крэдытаваннем. Цяперашнія стаўкі неймаверна высокія. Каб атрымаць крэдыт на куплю нерухомасці, неабходна мець такі афіцыйны даход, пры якім гэты крэдыт фактычна не спатрэбіцца.

Масавая рэлакацыя айцішнікаў і складаная эканамічная сітуацыя ў цэлым негатыўна адбіваюцца на рынку камерцыйнай нерухомасці.

«Новыя бізнэс-цэнтры пустуюць. IT-кампаніі з'язджаюць, пакідаючы незадзейнічанымі велізарныя плошчы. Дробны бізнэс згортваецца. Колькасць памяшканняў пад арэнду толькі павялічваецца. Арэндадаўцы вымушаныя зніжаць стаўкі, а тыя, хто гэтага своечасова не зробіць, рызыкуе застацца без арандатараў», — лічыць эксперт.

Чытайце яшчэ:

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Як беларусы перасякаюць наземную мяжу пасля адмены абмежаванняў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру