Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

Ад самага пачатку была вера ў перамогу

Яраслаў кажа, што яшчэ за тыдзень да пачатку вайны атрымліваў прапановы ад еўрапейскіх і амерыканскіх калег пераехаць у бяспечныя краіны. Па яго словах, яго папярэджвалі, што ў выпадку наступлення расійскай арміі і захопу Кіева ён, як праціўнік пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў, можа быць папросту знішчаны.

«Апошні раз мне прапаноўвалі з'ехаць з Украіны за дзень да пачатку вайны. Нават нягледзячы на наяўнасць у мяне цяжкасці з наведваннем ЕС, бок, які запрашаў мяне, быў гатовы вырашыць гэтыя пытанні, але я прыняў рашэнне застацца ў Кіеве».

Яраслаў Раманчук не стаў пакідаць Кіеў і пасля пачатку актыўных баявых дзеянняў.

«Па шэрагу прычын я не хацеў адсюль з'язджаць. Мне хацелася маральна і псіхалагічна падтрымаць маіх калег і сяброў, якія заставаліся тут. Мне было важна заставацца на месцы, каб у мяне была магчымасць прымяніць свае веды і вопыт. Акрамя таго, уцёкі з Кіева — гэта перамяшчэнне незразумела куды, а ў мяне ўсё яшчэ свежыя ўспаміны пра мае уцёкі з Беларусі. 

Перажываць усё гэта зноў зусім не хацелася, таму, узважыўшы ўсе за і супраць, я вырашыў застацца. Рэжым нейкіх часовых сховішчаў і абмежаванняў здаваўся мне больш прымальным, чым чарговы пераезд. Да таго ж у мяне ад самага пачатку была вера ў перамогу. Гледзячы на сітуацыю праз 41 дзень ад пачатку вайны, я зразумеў, што зрабіў правільны выбар. Добра, што застаўся, інакш я не змог бы зрабіць столькі ўсяго карыснага для Украіны і для свабоды ў цэлым», — прызнаецца Раманчук.

24 лютага мусіў выступаць з прэзентацыяй

Эканаміст успамінае, што 23 лютага ён сустракаўся з сябрамі і калегамі, а на 24-га ў яго была запланаваная прэзентацыя праграмы падваення ВУП «Украіна — новы Захад».

«Раніцай я выйшаў з дому, каб накіравацца ў наш офіс на Паркавай. На той момант з незвычайнага на вуліцах былі хіба што велізарныя заторы. Вядома, ужо ведаў, што пачалася вайна, але не думаў, што гэта будзе ў такіх маштабах. Пагутарыў з сябрамі, яны сказалі бегчы дадому.

Аб магчымым нападзе казалі ўжо не адзін месяц, але практычна ніхто не прымаў гэта ўсур'ёз. Ніхто проста не мог паверыць, што такое магчыма. Так, пасля прызнання Расіяй так званых «Л/ДНР» прыйшло пэўнае разуменне, што магчымая эскалацыя канфлікту на Данбасе, але каб напалі на Кіеў і іншыя гарады — то пра гэта ніхто не мог падумаць».

У Кіеве Яраслаў жыве на левым беразе Дняпра. У гэтай частцы ўкраінскай сталіцы было адносна спакойна. У яго раёне не было разбурэнняў дамоў. Да найбліжэйшай станцыі метро 20 хвілін пешшу, таму у самыя небяспечныя моманты Раманчуку прыходзілася хавацца ў падвале.

«У нашым доме знікла ацяпленне, у такім рэжыме мы пражылі два тыдні. Потым цяпло ў дом вярнулася. Праблем са святлом, гарачым і халодным водазабеспячэннем за ўвесь перыяд вайны не было. Таксама не было перабояў з сувяззю. Яшчэ адной праблемай стала блакаванне картак грамадзян Расіі і Беларусі. Ад гэтага мяне не выратавала ні права на працу, ні наяўнасць ВНЖ. Нейкі час давялося пазычаць грошы», — успамінае эканаміст.

Яраслаў кажа, што ад ўсведамлення таго, што Беларусь фактычна стала суагрэсарам, было гідка і балюча.

«З іншага боку, гэта паслужыла яшчэ большай матывацыяй заставацца ва Украіне, дапамагаць ёй і даказваць усім, што ёсць Лукашэнка, якога на той момант падтрымлівала не больш за 20-25% грамадзян, а ёсць беларускі народ, які не падтрымлівае вайну і ўжо 27 гадоў знаходзіцца пад уладай жорсткай дыктатуры».

Змены стаўлення да сябе Яраслаў Раманчук не адчуў.

«Я з'яўляюся часткай украінскага дыскурсу, у мяне ёсць калонкі на «Цэнзары», «Новым часе». Мая пазіцыя ясная і адкрытая. Усе разумеюць, што мы разам змагаемся супраць Пуціна і Лукашэнкі.

Што тычыцца стаўлення ўкраінцаў у цэлым, то ўжо дзесьці праз два тыдні пасля пачатку вайны народ пачаў добра ўсведамляць, што ёсць беларусы, якія супраць вайны, а ёсць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі», — лічыць ён.

Не заўважыў эканаміст і якой-небудзь варожасці ў дачыненні да рускамоўных людзей і мовы ў цэлым.

«Значная частка кіяўлян гаварыла і працягвае гаварыць на рускай. Якіх-небудзь праблем на моўнай глебе не было і няма. Цяпер лёгка сустрэць людзей са зброяй, якія ахоўваюць горад, размаўляючы пры гэтым па-руску. Ужо падчас вайны я выступаў на пасяджэнні Камітэта Вярхоўнай рады па эканамічнай палітыцы. Часта раблю прэзентацыі на ўкраінскай, але кажу на рускай. Гэта ні ў каго не выклікае пытанняў», — адзначыў Раманчук.

Горад пачынае ажываць

Што тычыцца бытавых пытанняў, то, па назіраннях эканаміста, горад пачынае ажываць.

«Калі першыя два тыдні вуліцы былі досыць бязлюдныя і некаторыя кіроўцы ўжо паспелі прывыкнуць ездзіць, не гледзячы на сігнал святлафора, то ў апошнія тыдні паўтары горад стаў часткова вяртацца да нармальнага жыцця. Пачалі адчыняцца маленькія крамы, кафэ. Пашыраецца выбар прадуктаў. На мінулых выхадных было добрае надвор'е, у парках і на вуліцах было шматлюдна, хоць мэр Кіева Віталь Клічко казаў, што гэта небяспечна. Але людзі ўсё роўна спрабуюць хоць неяк вяртацца да нармальнага жыцця, наколькі гэта магчыма.

Часткова функцыянуе грамадскі транспарт, метро па-ранейшаму не працуе ў поўным аб'ёме. У горадзе шмат блокпастоў і акопаў», — дзеліцца ўражаннямі наш суразмоўца.

Чытайце таксама:

New York Times: Спадарожнікавыя здымкі цалкам абвяргаюць версію Расіі, што забойствы ў Бучы адбываліся пасля сыходу яе войскаў 

Мядзведзеў: Туды ёй і дарога, такой Украіне! Навукай будзе не толькі цяперашняя спецаперацыя

Клас
24
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1