Лесвіца ў Марыупальскім тэатры, моцна пашкоджаным падчас расійскіх абстрэлаў. Фота: Alexei Alexandrov / AP 

Лесвіца ў Марыупальскім тэатры, моцна пашкоджаным падчас расійскіх абстрэлаў. Фота: Alexei Alexandrov / AP 

Вадзім Дзенісенка, дарадца кіраўніка ўкраінскага МУС, падкрэслівае, што ход далейшых баявых дзеянняў на Данбасе вызначыць вынікі цяперашняй стадыі вайны ці цалкам усяго супрацьстаяння.

Польскі генерал Мечыслаў Бенек, былы намеснік кіраўніка стратэгічных сілаў НАТА, і аналітык Яраслаў Вольскі пракаментавалі для onet.pl сітуацыю на ўсходнім украінскім фронце.

Генерал Бенек вызначае прычыны, якія вымусілі расійскую армію перагрупавацца на Данбас. Згодна з ім, расійскае камандаванне нарэшце зразумела, што яно не можа весці гэтую вайну ў некалькіх кірунках і павінна сканцэнтравацца на адным. Акрамя гэтага, расіяне атрымалі настолькі вялікія страты, што для іх гэта стала проста ганебнай сітуацыяй. Цяпер яны вырашылі атакаваць усход Украіны і пашыраць памер акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама спрабаваць стварыць сухапутны калідор ад Крыма да Растова-на-Дану.

Абодва аналітыкі лічаць, што

мэта расіян нумар адзін — захапіць Марыупаль, прычым не толькі па стратэгічных прычынах, але і праз тое, што для іх гэта цяпер «справа гонару». Бенек дадае, што, напэўна, у Марыупалі не будзе палонных і што рускія, хутчэй за ўсё, пажадаюць знішчыць усіх байцоў палка «Азоў», які абараняе горад.

Вольскі лічыць, што Расія можа нацэльвацца на прамыслова развітыя раёны ўсходу Украіны, бо іх страта дорага абыдзецца Украіне. Размова ідзе пра трохкутнік паміж гарадамі Днепр, Запарожжа і Данецк, дзе, хутчэй за ўсё, і будуць сканцэнтраваныя асноўныя ўдары расіян.

Але ж акупацыя гэтых тэрыторый можа аказацца для Расіі няпростай задачай. На ўсходзе расіяне не маюць дастатковых для гэтага рэсурсаў, і ім трэба яшчэ недзе месяц, каб перагрупавацца і даслаць на фронт свежыя сілы. Таму пытанне ў тым, якім будзе становішча на фронце праз месяц.

Абнавіць сілы рускім будзе не так проста. У бліжэйшы час, кажа Бенек, Расія здолее прыцягнуць толькі тых вайскоўцаў, што ўжо прызваныя на ваенную службу, то-бок прыкладна 50 тысяч чалавек. На тое, каб папоўніць імі армію, Крамлю трэба не менш за чатыры месяцы, і невядома, наколькі новыя салдаты будуць гатовыя ваяваць.

Пуцін стаў ахвярай сваёй прапаганды

Польскі генерал распавядае, што не чакаў ад Расіі спробы шырокамаштабнага наступлення, а хутчэй верыў, што Масква адразу сканцэнтруецца на сухапутным калідоры ў Крым. Але ж Расія адмовілася ад стратэгій, якія расійскія афіцэры вучылі ў ваенных акадэміях, і палічыла, што ўкраінцы будуць сустракаць акупантаў з кветкамі.

Пуцін недаацаніў рашучасць украінцаў і Захаду, які аказвае ім падтрымку, а таксама пераацаніў моц расійскай арміі. Палітык стаў ахвярай сваёй прапаганды пра тое, што расійская армія — моцная, непераможная і сучасная.

Праз гэтыя памылкі расіяне не здолелі ні захапіць усю Украіну, ні падзяліць яе па лініі Дняпра. Застаўся трэці варыянт — наступ на Данбас, які прадстаўляюць расійскаму народу як «вызваленне нашых братоў».

Бенек лічыць, што расіяне будуць цягнуць час, каб атрымаць як мага больш спрыяльныя ўмовы для будучага перамір’я, і паралельна з гэтым удзельнічаць у перамовах.

Хутчэй за ўсё, яны пажадаюць афіцыйнага прызнання незалежнасці акупаваных тэрыторый Данбаса, анэксіі Крыма і сухапутнага калідора. Таксама Масква, напэўна, хоча дакладных сведчанняў таго, што Украіна не далучыцца да НАТА. Пасля гэтага, меркавана, Крэмль палічыць магчымым абвесціць аб сваёй «перамозе».

Але ж не факт, што Украіна прайграе схватку з Расіяй на Усходзе, тлумачыць Яраслаў Вольскі. Украінская армія падрыхтаваная нашмат лепей, чым гэта здавалася да пачатку вайны, і НАТА яе вельмі падтрымлівае.

Зараз, напэўна, украінскія войскі перавядуць частку сваіх сілаў на ўсход, каб падтрымаць тыя сілы, што ўжо знаходзяцца на Данбасе. Украінцы могуць сканцэнтраваць у тым раёне шмат войскаў, таму схватка за Данбас можа аказацца больш роўнай па сілах, чым здаецца зараз.

Расія выкарыстоўвае касетныя боепрыпасы ва Украіне. Чаму яны такія небяспечныя

Колькі заплацілі за перасылку рэчаў расійскія салдаты-марадзёры?

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
33
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
11