Фота: АР

Фота: АР

Верасень 2016 года, стадыён «Барысаў-Арэна». Гульня паміж футбольнымі зборнымі Беларусі і Францыі. Вялізнае мора людзей у белым — тады беларуская каманда толькі атрымала сваю новую форму, і ў знак падтрымкі спартоўцаў на месца кожнага з гледачоў паклалі па адпаведнай белай цішотцы. «Пагоня» на адной з трыбун, выступ NaviBand на стадыёне і незвычайна моцнае адчуванне яднання, што ахоплівала, здаецца, усіх і кожнага, што спрыяла і выніку — нулявой нічыі. Такі вынік сённяшняму беларускому футболу і не сніўся.

Мне здавалася, што гэта казка. Такі нерэальны свет, поўны любові і яднання.

Білет на той матч мне прэзентаваў сябар-святар, ён і дагэтуль служыць у адным з мінскіх храмаў. Чытаю на днях яго адказы на пытанні прыхаджан (дакладней, прыхаджанак — большая частка праваслаўных у нас належаць да жаночага полу). І бачу параду не хвалявацца за бяспеку беларусаў падчас цяперашняй вайны, бо «Рэспубліка Беларусь — стратэгічны саюзнік Расійскай Федэрацыі» і «Узброеныя сілы РФ не пакінуць наш народ у выпадку нападу на нашу краіну».

Структура, да якой належыць мой сябар, — я пра Рускую праваслаўную царкву — з самых першых дзён пратэстаў 2020 года не зрабіла анічога, каб падтрымаць ахвяр. Усё нешматлікія жэсты салідарнасці ад царкоўных людзей былі менавіта жэстамі з боку людзей, а не сістэмы, што захавалі ў сабе чалавечнасць у атмасферы ўзаемных крыўдаў і замкнёнасці, якіх так шмат у той царквы.

Царква не вучыла сваіх прыхаджан пісаць лісты вязням, стаяць у чэргах, каб аднесці ім бандэролі, і наведваць суды, каб хаця б вачамі знайсці таго, хто пакутуе за цябе і тваю свабоду, і хаця б позіркам перадаць трохі сваёй любові. Яна ў асобах тых, каго выгадавала да кончыкаў пазногцяў, вучыла сваю паству іншаму — таму, што справа хрысціяніна — малітва, а не гэтая ваша палітыка. Нібыта гэта Бог вінаваты ў тым, што беларусаў катавалі і працягваюць катаваць. І праз паўтара года, калі першыя ракеты паляцелі на ўкраінскую зямлю, Руская царква праявіла не больш салідарнасці з людзьмі. А ці праяўлялі яе неяк тыя беларускія футбалісты, што пазней выходзілі на поле «Барысаў-Арэны» ў свеце, які аказаўся зусім не казачным?

Нават калі нашы блізкія не змагаліся на полі бою, мы таксама маглі некага страціць у гэтай вайне, і мае гісторыі тут не нешта ўнікальнае. Бацькоў, што глядзяць прапагандысцкія каналы і не вераць у зверствы ў Бучы і Ірпені, у бамбёжкі Харкава і Марыупаля. Родных і сяброў, што сарамліва (і добра, калі сарамліва!) просяць змяніць тэму, калі заводзіш размову пра вайну. Блізкіх людзей, якія адстойваюць перад табой права акупантаў быць акупантамі і права фашызму існаваць ў Еўропе 21 стагоддзя, шукаюць для гэтага самыя вытанчаныя аргументы і забываюць пра простыя правілы: браць нешта, што належыць іншаму, — зло, крыўдзіць слабога — зло, і няма такой мэты, што апраўдвала б сродкі.

Я не кажу зараз пра тых, хто сам, уласнымі рукамі, вачыма, справамі актыўна спрыяе таму, каб на шматпакутнай Украіне лілася кроў. Як ставіцца да іх, кожны вызначае сам — хаця ці не тады выпрабоўваецца сапраўдная чалавечнасць, калі даходзіш да апошняй мяжы?

Я хутчэй пра тых, з якімі мы ішлі разам нейкі прамежак часу і якія раптам паўсталі перад намі людзьмі з іншай планеты. Ды не, свет насамрэч не змяніўся. І тыя рысы, што зараз у іх здаюцца дзікімі, былі ў іх і раней — дарэчы, калі пакапацца, можна і ў сябе часам знайсці нешта непрыгляднае, што праявілася ў цяперашні час, ці не так? Зверхцяжкія падзеі, да якіх мы не былі гатовыя — а да пандэміі, рэпрэсій і вайны пад бокам мы дакладна не былі гатовыя — абвастраюць не толькі добрае. Але таму, каму не баліць, канешне, жыць больш проста.

Маўчанне — безумоўная загана. І тое, што Беларусь стала саўдзельніцай вайны, мы атрымалі праз маўчанне ў ранейшы час, тое маўчанне, што выкавала лукашэнкаўскі рэжым, які даў плацдарм для атакі на Украіну. І таму варта было б пачынаць з сябе і людзей навокал разбураць гэтае маўчанне: выкрываць публічных асобаў, што маглі б паўплываць на падзеі і паклікаць людзей за сабой замест таго, каб посціць модныя вобразы, ды і самім выказваць нязгоду з сістэмай кожны магчымы раз, бо на гэтай сістэме ляжыць віна за ўкраінскую кроў, ды і вораг у нас з украінцамі адзін — пуцінізм. Не здавай грошы на паборы для сістэмы, дапамагай тым, хто ад яе пакутуе — і ці будзе ў цябе час ненавідзець тых, хто не робіць тое ж самае? Беражыся, каб не стаць тым, хто толькі разносіць нянавісць, а сам не робіць анічога, каб стала лепей.

Але, вядома, такі рэцэпт падыдзе не кожнаму. Таму проста памятаем, што вайна некалі скончыцца і нам далей жыць разам — разам з тымі, каго зараз так цяжка прыняць. Памятаем пра тое добрае, што вас некалі звязвала, бо яно нікуды не дзелася і, як раней, мае сваю вартасць, як і кожны дзень жыцця. Распавядаем пра праўду тым, да каго яна яшчэ не дагрукалася, і ставімся да іх межаў з павагай — бо змірыцца з тым, што адбываецца, і нават проста гэта прызнаць здольны не кожны.

Нарэшце, часам варта проста даць іншаму жыць сваім жыццём. Нават калі ведаеш, што крывадушнасць будзе падточваць твайго блізкага знутры (а з сапраўднай крывадушнасцю інакш і не бывае). У рэшце рэшт, самая вялікая праява любові да іншага чалавека — даць яму свабоду і прыняць яго любым. Вось і ўсё.

Гэта ідэал, да якога варта імкнуцца.

Пуцін і Лукашэнка заплацяць за адбудову Украіны? Вось як гэта можа быць

«Рускі чалавек хутчэй памрэ, чым прызнае, што памыляўся». Эсэ Сашы Філіпенкі

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
19
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2