Відэазапіс, які даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забівалі да адступлення расійскіх войскаў

Што відаць на здымках з дрона, якія апынуліся ў распараджэнні «Медузы»?

На гэтых запісах можна пабачыць целы забітых, якія ляжаць на вуліцы Яблонскай, а таксама на некалькіх суседніх вуліцах Бучы. Мы правялі геалакацыю размяшчэння целаў, і яна цалкам супала з лакацыяй целаў, якія 1 і 2 красавіка 2022 года, пасля адступлення з горада расійскіх войскаў, украінскія паліцэйскія і журналісты знялі з зямлі на відэа і фота.

Важна адзначыць, што ўсе загінулыя, знятыя з паветра, ляжаць не проста на тых жа самых месцах, але і ў тых жа позах, што і на здымках з зямлі. На некалькіх відэа побач з целамі (на адлегласці ад некалькіх дзясяткаў да некалькі сотняў метраў) можна пабачыць вайсковую тэхніку, падобную да тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні расійскіх дэсантных часцей (верагодна, гэта БМД і БТР-Д). На адным з запісаў можна адрозніць людзей побач з адной з гэтых баявых машын. У гэты час целы забітых працягваюць ляжаць за некалькі дзясяткаў метраў ад размяшчэння вайскоўцаў.

На здымцы ад 29 і 30 сакавіка расійскай вайсковай тэхнікі на ранейшым месцы не было. Менавіта 30 сакавіка расійскае Мінабароны называе днём вываду войскаў з Бучы.

Чаму гэта важна?

Да гэтага галоўным аб'ектыўным дакументальным доказам таго, што забітыя ў Бучы загінулі падчас прысутнасці там расійскіх войскаў, была спадарожнікавая здымка горада ад кампаніі Maxar. На здымцы, якую кампанія датуе сярэдзінай сакавіка, бачныя «прадметы, падобныя на целы людзей» на Яблонскай вуліцы. Аднак расійскія пракрамлёўскія блогеры з дапамогай астранамічнага аналізу ценяў спрабавалі давесці, што здымка Maxar вялася 1 красавіка, калі ў Бучу ўвайшлі ўкраінскія войскі.

Мы не толькі атрымалі альтэрнатыўны здымцы Maxar дакументальны доказ прысутнасці расійскіх войскаў у Бучы ў той час, калі там былі забітыя мірныя жыхары, але таксама незалежна датавалі атрыманую здымку з дапамогай астранамічных вымярэнняў.

Адкуль у «Медузы» гэтыя відэазапісы?

Відэа «Медузе» перадаў расійскі нацыяналіст Сяргей «Боцман» Кароткіх, чыя група ваюе на баку Украіны. Ён сцвярджае, што ягоныя байцы вялі рэгулярную здымку расійскіх пазіцый у паўднёвых раёнах Бучы з уласнага дрона.

Кароткіх у гэтай гісторыі — зацікаўленая асоба, паколькі праўладныя расійскія журналісты абвінавачваюць «Боцмана» і ягоную групу ў тым, што менавіта яны забілі жыхароў Бучы 31 сакавіка ці 1 красавіка, калі горад ужо пакінулі расійскія войскі. Таму мы старанна прааналізавалі перададзеныя нам відэа — і пераканаліся, што падробка вельмі малаверагодная.

Чаму мы ўпэўненыя ў тым, што відэа зроблена да прыходу ўкраінскіх войскаў?

Упэўнена сцвярджаць, што відэа, якое мы публікуем, знята да адступлення з Бучы расійскіх войскаў, дазваляюць тры галоўныя аргументы:

Па-першае, расійская вайсковая тэхніка добра бачная на вуліцы Яблонскай, прычым на некалькіх здымках і ў розныя дні. Некалькі бронемашын знаходзяцца там і 23-га, і аж да 28 сакавіка. На відэа, датаваным 29 сакавіка, расійскай тэхнікі на вуліцы ўжо няма. На ўзбраенні ўкраінскай арміі такая тэхніка не стаіць.

Па-другое, крыніца дала нам неапрацаваныя, зыходныя відэафайлы, знятыя дронам. Гэтыя файлы ўтрымліваюць падрабязныя метададзеныя, у тым ліку і дадзеныя пра час здымкі.

Па-трэцяе, паколькі метададзеныя пры жаданні можна падрабіць, мы прыцягнулі двух незалежных экспертаў, якія праверылі час здымкі з дапамогай астранамічнага аналізу ценяў на малюнку. Яго вынікі дазволілі пацвердзіць, што час у метададзеных супадае з рэальным часам здымак, а першае відэа з забітымі не магло быць знята пасля 26 сакавіка 2022 года.

Чытайце таксама: 

New York Times: Спадарожнікавыя здымкі цалкам абвяргаюць версію Расіі, што забойствы ў Бучы адбываліся пасля сыходу яе войскаў 

Мэр Бучы: 90% загінулых жыхароў горада былі застрэленыя

Нямецкая разведка перахапіла перамовы расіян у Бучы. Там абмяркоўвалася забойства людзей

Яе апазналі па фота рукі з манікюрам, якое бачыў увесь свет. Гісторыя Ірыны Фількінай — адной з загінулых жыхарак Бучы

Аналітык: Калі з Масквы паступіць сігнал, Лукашэнку давядзецца паўтарыць пра Бучу ўсё тое, што кажуць расійскія кіраўнікі

Клас
7
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру