Даследчыкі вывучалі шаўковых шалашнікаў (Ptilonorhynchus violaceus), якія жывуць у наваколлі г.Брысбэйн (Аўстралія). Шалашнікі атрымалі назву за свае складаныя шлюбныя паводзіны і будаўніцтва рознага кшталту сапраўдных шалашоў-буданоў, якія лічацца цудам сярод прыродных пабудоў. Такія птушыныя буданы ёсць складанымі канструкцыямі з галінак, пабудова іх займае ў птушак гадзіны працы.

Самцы пасля заканчэння пабудовы ўпрыгожваюць іх яркімі каляровымі аб’ектамі: кветкамі, кавалкамі ракавін, каменчыкамі і нават крышкамі ад пластыкавых бутэлек. Самкі наведваюць такія буданы і пасля гэтага выбіраюць сабе самца.

«Шалашнікі ёсць птушкамі, пасля /вывучэння/ якіх разумееш, што словы «птушыныя мазгі» гэта камплімент» — сказаў Джэйсан Кэгі (Jason Keagy) з універсітэту Мэрілэнду (ЗША), аўтар артыкулу пра шалашнікаў у часопісе Animal Behaviour.

Навукоўцы хацелі паглядзець, ці разумовыя здольнасці самцоў граюць значную ролю ў іх прывабнасці як полавых партнёраў для самак.

З-за даволі складаных рытуалаў, якія прыводзяць да ўтварэння параў, даследчыкі зрабілі здагадку, што больш разумныя птушкі павінны мець перавагі.

«Час доследаў»

Каб вызначыць наколькі разумнымі могуць быць шалашнікі, навукоўцы распрацавалі некалькі тэстаў па вырашэнні птушкамі праблем рознага ўзроўню.

«Шаўковыя шалашнікі не любяць аб’ектаў чырвонага колеру каля сваіх пабудоў і стараюцца як мага хутчэй прыбраць іх. « — растлумачыў Кэгі. «Мы стварылі сітуацыі, калі самцам прыходзілася падумаць над тым, як дабрацца да чырвоных аб’ектаў. У першым тэсце яны былі накрыты празрыстым пластыкавым кубачкам, таму перш чым выкінуць іх, самцы павінны былі перакуліць кубачак.»

Больш разумныя самцы адкідалі кубачкі на бок хутчэй.

Пасля гэтага птушкам прапаноўвалася да вырашэння наступная задача: празрыстыя кубачкі прымацоўваліся да глебы так, што шалашнікі не маглі б іх перакуліць. Самыя разумныя птушкі хутка здагадваліся, што яны не могуць дастаць чырвоныя аб’екты і накрывалі кубачкі лістамі раслін так, каб першых не было бачна.

Усе птушкі, якія ўдзельнічалі ў даследаванні былі пазначаныя, таму калі навукоўцы праверылі поспех самцоў у стварэнні параў, аказалася, што ў самых разумных самцоў (тых, якія набралі найбольш балаў пад час вырашэння праблем) быў і большы шлюбны поспех.

Існуе некалькі патэнцыйных прычын, чаму самкам можа быць больш выгадна мець патомкаў з больш разумнымі самцамі, тлумачаць даследчыкі.

Па першае, лепшы і больш хутка працуючы мозг можа сведчыць пра генетычную якасць яго ўладальніка.

Па-другое, іншыя даследаванні паказалі, што моцна заражаныя паразітамі птушкі не вельмі добра вырашалі падобныя тэсты. Ў сваю чаргу ступень хваробы залежыць ад стану імуннай сістэмы.

«Таму на месцы самкі мы не хацелі б перадаць падобныя гены сваім дзецям» — сказаў Кэгі.

Аднак у відаў, якія дэманструюць бацькоўскі дагляд за сваім патомствам самцы, якія ёсць больш разумнымі і хуткімі, могуць хутчэй знайсці ежу і лепш апекавацца птушанятамі. Таму яны лепшы выбар для самак.

Выбар самак

«Мы не можам дакладна сказаць, як самкі вызначаюць больш разумных самцоў, аднак бачым 2 асноўных шляхі, якія могуць прывесці да гэтага.

Самкі засноўваюць свой выбар самцоў пад час выканання апошнімі складаных шлюбных рытуалаў.»

Комплекс шлюбных паводзінаў самца уключае ў сябе танцы, падражанне іншым відам птушак і пабудову і ўпрыгожванне будана. Ўсе гэтыя рознай складанасці дзеянні даюць самкам нагоду да вызначэння ўзроўню разумовай «спраўнасці» самца.

Іншыя важныя абставіны для выкарыстання свайго разумовага патэнцыялу заключаюцца ў тым, каб здолець абхітрыць самку і не дазволіць ёй адляцець пасля агляду шлюбных пабудоў самца. Самцы могуць гэтага дасягнуць, калі будуць уважліва і адпаведна адказваць на розныя сігналы самкі.

«Найбольш імаверна, што дзве названыя мной прычыны выступаюць у нейкай камбінацыі».

Гэта першае даследаванне такога тыпу. Таму Кэгі спадзяецца, што яно прыцягне ўвагу да праблемы сувязі выбару полавага партнёра і эвалюцыі разумовых здольнасцяў.

«Звычайна, калі абмяркоўваюць эвалюцыю мозгу, заўсёды кажуць, што яго развіццё павінна прыносіць нейкую канкрэтную і заўважальную карысць яго ўладальніку. /І наша праца/ паказала, што мы не можам ігнараваць той факт, што пакуль самка не вылучыць самца, ён не зможа перадаць свае гены патомству. Таму калі жывёла мае нешта такое вялікае і /энергетычна/ затратнае як мозг, чаму б не выкарыстаць яго каб павялічыць імавернасць перадачы сваіх генаў?» — падкрэсліў навуковец.

Тут можна паглядзець непрацяглыя фільмікі, зробленыя пад час доследаў: http://news.bbc.co.uk/earth/hi/earth_news/newsid_8205000/8205088.stm

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?