Складскія запасы на прадпрыемствах Беларусі ў ліпені скараціліся на Br405 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у час наведвання ААТ «Світанак» прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Чэрвень‑ліпень паказаў, што ўсю прадукцыю, якая вырабляецца ў Беларусі, мы прадаём унутры краіны і за яе межамі, разгружаем склады, — сказаў Сяргей Сідорскі. — Так, на складах яшчэ застаюцца Br6,9 трлн., але мы шукаем механізмы і кіраўніцкія рашэнні, якія далі б магчымасць рэалізаваць нашым прадпрыемствам гэту прадукцыю ў такі нялёгкі час на знешніх рынках».

Што датычыцца разгрузкі прадукцыі машынабудавання і станкабудавання, у тым ліку рэалізацыі яе на расійскім рынку, ён нагадаў: «На працягу 4 апошніх месяцаў мы вядзём актыўныя перагаворы з Ашчадным банкам Расіі, вясной падпісалі з ім пагадненне аб тым, што ён будзе крэдытаваць беларускіх вытворцаў. Гэта магутны праект, які ва ўмовах крызісу дасць штуршок развіццю гандлёва‑эканамічных адносін дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы».

Аналізуючы дзейнасць беларускіх прадпрыемстваў па развіцці іх тавараправодных сетак, прэм’ер‑міністр звярнуў асаблівую увагу на тое, што ўрад «прыняў прэферэнцыйныя папраўкі па падтрымцы вытворцаў пры выхадзе іх на знешнія рынкі». «Напрыклад, па Еўрасаюзу ў лёгкай прамысловасці яшчэ не адменены ўвазныя мытныя пошліны, а таксама тыя санкцыі, якія былі прыменены да крызісу», — дадаў ён. За апошнія паўгода значную дзяржпадтрымку атрымалі прадпрыемствы лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасцей. «Калі раней традыцыйнымі для нас былі рынкі Масквы і Санкт‑Пецярбурга, то цяпер трэба выходзіць далей — на Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, за Урал, — лічыць Сяргей Сідорскі. — Урад прыняў рашэнне аб тым, што на ўсё, што прадаецца за межы краіны і ідзе на адлегласці больш за 1 тыс. км, дзейнічаюць папраўкі, за кошт якіх нашым вытворцам аказваецца падтрымка на транспартныя расходы».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?