Так атрымалася, у «Дзеяслове» выйшаў мой «Флот каўчэгаў» — аповед пра ўцёкі з раю, які ператварыўся ў пекла, уцёкі ад чырвонага патопу. Генэрал Урангель меў 126 караблёў для арміі і цывільных уцекачоў, па іншых зьвестках — на адзін больш, але 126 было дакладна. Нечакана я ўбачыў, што колькасьць тэкстаў у маёй будучай кнізе практычна супадае з гэтай лічбай, таму я вырашыў дапісаць гэты — апошні. Але ён атрымаўся 127-м, значыцца як той карабель з «Флоту каўчэгаў», каторы застаўся няпэўным, зьнікомым, прывідным: нібыта ён быў, нібыта не.

На цяперашні час — палову свайго жыцьця — 25 год я пражыў у Горадні, нібы яблык з двух паловак, якім быў некалі Бэрлін. Я, праўда, не навучыўся пісаць вершаў пра свой горад, паэтаў не бракуе. Раней я ўзгадваў, што з першых амаль дзён зрабіў спробы напісаць апавяданьне пра драматычную падзею — зьнішчэньне дынамітам гатычнага касьцёла — у мірны спакойны час, гэтая рана дагэтуль на целе горада, смыліць у сэрцах, і загойваць яе айцы горада нават ня думаюць.

Замацаваць горад у прозе зрабілася маёй мэтай, гэтая кніжка — накшталт цаглінкі ў літаратурным муры Горадні, якой больш за 880 гадоў.
Тэксты мае ня толькі пра горад, а таксама — напісаныя ў сьценах яго, дзякуючы ўражаньням ад яго, думкам з яго нагоды, з нагоды беларускіх пытаньняў.

Маё гарадзенскае жыцьцё — гэта мары пра свабоду, спадзяваньні, спачатку кволыя, страхі і раптоўныя бы сьнег улетку падзеі 1991-га. Затым бел-чырвона-белыя сьцягі над горадам, беларускія школы, газэта «Пагоня». Мы, на жаль, адчувалі, што зьмены толькі вонкавыя, мы баяліся, што ўнутраным перашкаджае пухліна, янычарская чарвяточына, што краіна топчацца на месцы, баіцца дыхаць вольным паветрам, ня хоча незалежнасьці, супрацівіцца свабодзе. Мітынгі, дэманстрацыі і — цягнік назад, ва ўчорашні дзень — на запасны пуць, у Абсурдыстан. Але калі магчыма вяртаньне ў савецкую рэчаіснасьць, чаму нельга спадзявацца на паветра свабоды паўторна?

Горадня застаецца маім каўчэгам у Чырвоным моры, каўчэгам на свабоду…

Але ідылічнай карціны не атрымліваецца напісаць. Калі гэта каўчэг, то хто ў якой ролі? Ёсьць жа і качкі, і бараны, і сьвіньні, ясна, павінны быць абавязкова. І Ной дзе наш? Хто ён? Таксама пытаньне. І калі табе заманулася будаваць горад на празаічных палетках, хутчэй і дакладней — пляцоўках, то, муляр і дойлід у адной асобе, ты выконваеш сваю ролю нябачна, ты ў андэграўндзе, у лепшым разе ў напаўлегальным становішчы. Горад жыве сёньня паводле прыцягнутага за вушы, прывезенага аднекуль календара, штучнага раскладу.

Гістарычныя даты і падзеі, асобы, якім ты аддаеш перавагу, яны замоўчваюцца, іх ня выбіць кувалдай з гарадзкога муру, але можна затынкаваць, каб ня бачыць, не заўважаць, забыцца на іх. Яны працягваюць існаваць, але нібы ў крыптах, у саркафагах у сутарэньнях храмаў — разбураных і ацалелых.

У горадзе, уласна кажучы, вечнае, хоць і не абвешчанае ваеннае становішча. Мы жывем быццам па загадах камэнданта: увесь час барабанны дробат на пляцы, маршы, залпы ў паветра, начныя фэерверкі. Для іх каралі, рыцары —прывіды, здані.

Мы жывем у розных плашчынях, на розных паверхах, нібы роўналежна. Яны ня бачаць, ня хочуць нашай гісторыі, нашыя даты і герояў, нам набілі аскоміну іхнія, выклікаюць адваротную рэакцыю ад штодзённага знарочыстага паўтору, як і любая іншая назальлівая рэкляма. Мы за «Жыве Беларусь!», яны — за «Советскую Белоруссию». У нас рыцар на гербавым шчыце, у іх — будзёнавец, амонавец, газонакасільшчык цяперашні. У іх Беларусь без беларушчыны, як хлеб без закваскі.

Яны хаваюцца ў ракавіны ад яе, ад беларускай нашай мовы, на якой ты зьвяртаешся да чытача, сьпяшаюцца да каваля, каб язык распляскаў на чужынскі капыл.

Твая прысутнасьць ў гэтым становішчы хісткая, незаўважная, нібы несапраўдная, існаваньне пад пытаньнем.
Адны пісьменьнікі прысутнічаюць бюстамі, нехта шыльдамі, іншыя нават музэйнымі пакоямі, а паасобным горад супрацівіцца, айцы ягоныя, якія хутчэй айчымы. Літаратар — асоба няпэўная ўвогуле, кожны сам прыдумвае сабе хлеб, ролю, песьню. Скліканы сход: гаворка пра сьмецьцевы завод, спадар гучна заяўляе, што пасланец ад саюзу пісьменьнікаў і яму трэба ведаць падрабязнасьці. Ён не гаворыць, што саюз іхні зрабіла ўлада для сваіх мэтаў, што яму бяз году тыдзень. Але публіцы акалічнасьці да лямпачкі, яна ўсё роўна ня ўцяміла — навошта «інжынэрам чалавечых душаў» сьмецішча?

На фабрыку раманаў трапіла дзяўчына, у кнігарні раптам цэлая паліца «покіт-букаў» з самавітай шыльдачкай — «кнігі гарадзенскай пісьменьніцы». Такой паліцы нават Быкаў ня мае ў гэтым горадзе… Мая акалічнасьць: кнігі з маім прозьвішчам у гарадзенскіх кнігарнях накшталт пэрсонаў нон грата. Усё маё дасягненьне — што ня здрадзіў сваёй мэце, гораду, навязваў лучнасьць, шукаў патрэбных слоў, маляваў, але застаўся вонкава не патрэбны яму. Лунацік на яго вуліцах, унутраны эмігрант, сам у сабе. Каўчэг у мяне ў галаве. І на паперы, само сабой, чоўнік з аркушыка ў хвалях.

А, між іншым, 1127 — дата пачаткаў Горадні. Улады, праўда, адзначаюць 1128-ы год, хоць гісторыкі гарадзенскія ім давялі, што яна памылковая. Памятаецца, начальства адказала: згода, хай вы маеце рацыю, але ня будзем ламаць традыцыі... Так што 127 — цікавая лічба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?