Падрабязнасці расследавання факту гібелі чэмпіёнкі свету па веласпорце, не паведамляюцца.

Прыпынена расследаванне крымінальнай справы па факце гібелі ў дарожна-транспартным здарэнні чэмпіёнкі свету па веласпорце, заслужанага майстра спорту Беларусі Зінаіды Стагурскай. Пра гэта паведамілі ў следчым упраўленні папярэдняга расследавання УУС Віцебскага аблвыканкама. Якія-небудзь падрабязнасці расследавання не паведамляюцца. Аб прынятым рашэнні праінфармаваныя родныя спартсменкі.

Як паведамлялася раней, ДТЗ, у якім загінула 38-гадовая веласіпедыстка, адбылося 25 чэрвеня ў 13.45 на 93-м кіламетры аўтадарогі мяжа РФ — Віцебск — Гомель, дзе Стагурская трэніравалася. Аўтамабіль «Хонда», якім кіравала 42-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбурга, рухаючыся ў бок Оршы, пачаў перамяшчацца на паласу сустрэчнага руху, не змяняючы хуткасці. Па сустрэчнай паласе на аўтамабілі «ВАЗ-2104» ехаў трэнер велагоншчыцы, а за ім на адлегласці 10 метраў — спартсменка. Аўтамабілі раз'ехаліся, а веласіпедыстка трапіла пад колы «Хонды», якая затым з'ехала ў кювет. Ад атрыманых траўм спартсменка памерла на месцы. Расіянка была шпіталізаваная з цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай, унутрычарапной гематомай, пераломам ніжняй сківіцы, тупой траўмай жывата.

Па гэтым факце была распачата справа па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека).

У сярэдзіне жніўня ў следчым упраўленні папярэдняга расследавання УУС Віцебскага аблвыканкама БелаПАН паведамілі, што следчыя дзеянні па крымінальнай справе аб гібелі Зінаіды Стагурскай выкананыя. Аднак прыняцце рашэння тармозіць адсутнасць характарызуючых матэрыялаў на жанчыну-вадзіцеля, якая збіла велагоншчыцу.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна