Праверка, зладжаная Камітэтам дзяржкантролю, выявіла. што летась гарадскі бюджэт Гродна страціў больш за мільярд рублёў. Амаль палова з іх дасталася прыватнай фірме, якая касіла гарадскія газоны. Астатнія грошы сыходзілі на рамонт прыватнага нежылога фонду ці губляліся пры завышэнні кошту працаў. Праверкай адзначана нездвальняльная праца Гродзенскай гарадской ЖКГ і гарвыканкама.

За скошванне гарадскіх газонаў летась прыватная фірма атрымала ад «Гродназелянбуда» больш 600 мільёнаў рублёў. Высветлілася, што прадпрыемства цалкам магло абысціся без пасярэдніка і самастойна наняць сезонных працаўнікоў. І выдаткавала б на заробкі, набыццё інвентару, бензіну і іншых матэрыялаў не больш за 100 мільёнаў.

Праверка выявіла, што чысты прыбытак прыватніка за пяць месяцаў склаў 530 мільёнаў рублёў пры колькасці штату 12 чалавек. А «Гродназелянбуд», у якім працуе 240 чалавек, за год атрымаў 711 мільёнаў чыстага прыбытку. Акрамя таго, прадпрыемства атрымала 488 мільёнаў незаконнага прыбытку за працы па пасадцы, праполцы кветак, спілоўванні і абразанні дрэў, стрыжцы хмызнякоў, якія аплачваліся з бюджэту.

Няправільны спіс

Ад парушэнняў пацярпелі і простыя людзі. Бо ў тытульныя спісы на капрамонт уключалі дамы, якія адпачатку не маглі яго атрымаць. Як растлумачыла галоўны спецыяліст Камітэту дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Вольга Курчыцкая, спісы фармаваліся без забеспячэння рэальнымі крыніцамі фінансавання. Напачатку мінулага года сфармавалі пералік аб'ектаў капітальнага рамонту (за кошт адлічэнняў грамадзян), кошт якіх ацэньвалася ў 13 мільярдаў рублёў, тады як чаканыя паступленні складалі ўсяго 11 мільярдаў. У выніку шматлікія будынкі з года ў год уключаюцца ў спісы, але рамонту так і не могуць дачакацца. Напрыклад, капрамонт дамоў №№ 104 і 106 па праспекце Кляцкова, у сценах якіх утварыліся расколіны, пераносіцца з 2006 году.

Знайшліся дамы, па якіх міжрамонтныя нарматыўныя тэрміны перавышаныя ў два-тры разы. Пры гэтым яны дагэтуль не ўключаныя ў тытульныя спісы. Так, жылы будынак па вуліцы Батанічнай, 15 не рамантаваўся больш за сто гадоў, дамы №№ 25 - 29 па вуліцы Гагарына – амаль пяцьдзесят.

Рамонт на дармаўшчыну

Праверка паказала, што больш старанна трэба фармаваць не толькі спісы, але і ацэньваць аб'ём прац. Часцяком атрымліваецца, што патрабуецца замена даху, а дадаткова змяняюць вокны, уцяпляюць сцены, добраўпарадкоўваюць прылеглую тэрыторыю. Даводзіцца карэктаваць праектна-каштарысную дакументацыю, укладваць дадатковыя сродкі. Часам кошт капрамонту павялічваўся ў два, а яго тэрміны – у тры разы. І на іншыя пабудовы, уключаныя ў спіс, не хапала ні часу, ні грошай. «Мы разумеем, калі будынак дачакаўся капрамонту, то жыхары просяць зрабіць як мага больш, –

адзначылі ў Дзяржкантролі. – Няўжо не відаць, што будынак патрабуе замены вокнаў ці рамонту фасада?»

Калі ж рамантавалі аб'екты нежылога фонду, чамусьці не заўважылі, што іх частка належыць не гораду, а прыватным асобам і фірмам, якія павінны былі прымаць долевы ўдзел у будаўнічых працах. Бюджэт страціў больш двухсот мільёнаў рублёў.

Рэмаркі на палях

Колькі грошай страціў бюджэт летась?

576 мільёнаў рублёў «Гродназелянбуд» незаконна заплаціў пасярэдніку за скошванне гарадскіх газонаў.

488 мільёнаў рублёў гарадскі ЖКГ атрымаў і заплаціў «Гродназелянбуд» без выканання абмежавання па ўзроўні рэнтабельнасці (не больш за 9%).

Больш 200 мільёнаў рублёў выдаткавана на рамонт прыватных офісаў.

На 80 мільёнаў завышана кошт будаўнічых прац.

Разам: 1 344 мільёна рублёў павінны вярнуцца ў бюджэт.

***

Даведка «Вечернего Гродно»:

Па выніках кантрольных мерапрыемстваў, у бюджэце адноўлена больш 575 мільёнаў рублёў, далічана 28 мільёнаў рублёў падатковых плацяжоў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя тры юрыдычныя асобы, да дысцыплінарнай і матэрыяльнай – дваццаць чалавек, адзін звольнены.

«Вечерний Гродно»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна