21 верасня Яўген Скрабец пойдзе служыць у чыгуначныя войскі пад Магілёвам. У хлопца хворая спіна.

Актывісту «Маладаго фронту» Яўгену Скрабцу ўручылі позву на зборны пункт. У панядзелак 21 верасня ён пойдзе служыць у чыгуначныя войскі пад Магілёвам. У Яўгена сур’ёзнае захворванне спіны – «вертэбрагенная люмбаішалгія», якое выключае магчымасць службы ў войску. Аднак паўторная медычная камісія, якая адбылася па патрабаванні ваенкамата, прызнала юнака прыдатным для службы ў войску.

«Цікава, што ў дыягназе медычная камісія напісала – «вэртэбрагенная люмбаішалгія зьлева прагрэсуе», але лекары сказалі, што на дадзены момант развіццё хваробы прыпынілася, а калі спіна будзе мяне турбаваць – каб я звяртаўся ў вайсковую санчастку й усё», – кажа Я. Скрабец. Цяпер ён рыхтуе скаргу ў суд.

Нагадаем, што на пачатку году ў войска адначасова былі прызваныя адразу тры маладыя апазіцыянеры – Іван Шыла, Зміцер Хведарук і Франак Вячорка. Усе яны на момант прызыву мелі праблемы са здароўем. Змітру Хведаруку ў войску давялося рабіць аперацыю, бо яго прызвалі з варыкозным пашырэннем венаў.

Паводле Радыё «Свабода»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна