Фота: акаўнт «Казачнага доміка»

Фота: акаўнт «Казачнага доміка»

Адзін дзень з вялікіх лістападаўскіх выхадных Ксенія (імя зменена) планавала правесці ў маляўнічым месцы за 100 кіламетраў ад сталіцы. Аднак адпачыць у «райскім куточку» ў яе так і не атрымался, піша праект «1906».

Пра гэтае месца для адпачынку дзяўчына даведалася праз інстаграм. Гэта была звычайная платная рэклама, якая з'яўляецца ў стужцы. 

Уся камунікацыя чытачкі з «уласнікамі» доміка на дрэве вялася праз дырэкт. Ніякага нумара тэлефона ў профілі пазначана не было, як і інфармацыі пра дакладнае месцазнаходжанне аб'екта. Тым не менш, Ксенія не звярнула на гэта ўвагі і пачала перапіску з махлярамі. 

«Адказалі на мой запыт даволі хутка, я ўдакладніла, ці вольны домік на неабходную мне дату. Там адказалі, што ён дасяжны для браніравання і агучылі кошт у 350 рублёў за суткі». 

Для таго каб забраніраваць домік, ад кліентаў патрабавалі пералічыць 175 рублёў на картку ў якасці перадаплаты. Пасля таго, як махляры атрымлівалі грошы, яны падцвярджалі факт броні, распісвалі гадзіны заезду і выезду.

Таксама яны прасілі за два дні да заезду зноў напісаць ім у дырэкт, каб яны маглі выслаць кантакты чалавека, які сустрэне і заселіць у дом. Самастойна знайсці гэтае месца, па словах махляроў, не атрымаецца. 

Бліжэй да даты заезду чытачка папрасіла выслаць дакладныя каардынаты. 

«Яны выслалі пункт на карце, дзе проста знаходзілася нейкая лужына, аднак мы не надалі гэтаму ўвагі, бо падумалі, што там проста вялікая тэрыторыя», — кажа жанчына. 

З цягам часу ў Ксеніі ўсё ж пачалі з'яўляцца здагадкі, што з гэтым домікам на дрэве адбываецца нешта дзіўнае. 

«У нейкі час у акаўнце праводзілі розыгрыш, але гэты допіс знік, а разам з допісам знікла магчымасць пакідаць каментары. Апроч гэтага, змянілася назва акаўнта. Спачатку гэта быў newtree.house, а пазней ён стаў называцца tree.house.by».

Апошні раз жанчына выходзіла на сувязь з махлярамі за два дні да запланаванага заезду. Раніцай Ксенія нагадала, што ў яе бронь на паслязаўтра. Махляры адказалі ёй толькі ўвечары. Яны зноў не даслалі жанчыне ніякіх кантактаў, а толькі папрасілі пакінуць свой нумар, каб перадаць яго менеджарцы Валерыі, якая павінна сустрэць і правесці да доміка на дрэве. На сувязь з жанчынай ніхто так і не выйшаў. На наступны дзень махляры заблакавалі Ксенію. На гэтым перапіска скончылася.

Першая публікацыя ў профілі «Казачнага доміка» з'явілася 26 верасня. Апошні допіс у ім апублікавалі 7 кастрычніка.

На нашы паведамленні ў дырэкт ніхто не адказаў.

Ксенія не адзіная, хто перавёў грошы гэтым махлярам у надзеі на адпачынак. У інстаграме людзі выкладалі скрыншоты гэтага профіля і пісалі, што таксама ўносілі перадаплату, пасля чаго іх блакавалі.

Клас
1
Панылы сорам
17
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
15