Выйшаў новы нумар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Цэнтральным матэрыялам нумару з'яўляецца артыкул Генадзя Сагановіча «Мода на плагіят?», у якім рэцэнзуюцца навуковыя і навукова‑публіцыстычныя творы апошніх гадоў, дзе быў заўважаны непрыхаваны плагіят: гэта значыць цэлыя старонкі без зменаў, ажно да кожнай коскі старанна перапісаныя з іншых даследаванняў.


Плагіят працяў усе сферы беларускага навуковага і калянавуковага асяродка. Пры тым што заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляе жорстка караць за такія рэчы.

У той жа Украіне і Польшчы з плагіятарамі абыходзяцца жорстка: апроч іншага чалавека папросту выкідаюць з навуковага асяродка, будзь ён хоць тройчы доктарам навук.

У свежым нумары БГА таксама друкуюцца артыкулы Уладзіміра Падалінскага «Палітычная эліта Лідскага павета ў першай трэці XVI ст.», Яўгена Грэбеня «Злачыннасць у Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі», Юрыя Туронка «Роля Мікалая Пахлябаева ў замаху на Кубэ».

Як заўсёды шмат рэцэнзій на гістарычныя кнігі, збольшага на іншамоўныя.

Беларускі гістарычны агляд. Том 16. Сшытак 1 (30), Чэрвень 2009. — 340 с.

Беларускі гістарычны агляд — незалежны часопіс, выдаецца ад 1994 г. Галоўны рэдактар — Генадзь Сагановіч.

Набыць свежы нумар можна ў незалежных распаўсюднікаў, прадаецца таксама ў Акадэмкнізе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?