Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі папоўніўся трыма гісторыка‑культурнымі каштоўнасцямі. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры.

На пасяджэнні навукова‑метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка‑культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прынята рашэнне

надаць такі статус каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі», якая праходзіць у Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.

Гэты абрад свята шануе і захоўвае мясцовая моладзь. Дарэчы, абрад уключаны ў турыстычны маршрут па Лепельскім раёне «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў». Гэта гульня для незамужніх дзяўчат і нежанатых юнакоў, якія дзякуючы ўдзелу ў танцах, конкурсах, спевах знаходзяць сабе пары. Уся гульня праходзіць пад наглядам і з удзелам дарослых жыхароў вёскі.

Таксама ў спіс увайшоў абрад «Наўскі Вялікдзень», які можна ўбачыць ў вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Першапрычынай з’яўлення такога свята стала збаўленне той вёскі ад маравой хваробы і смерці дзяцей, якое здарылася ў пачатку ХХ стагоддзя. Каб выратаваць дзяцей, жыхары вёскі выканалі абрад, характэрны для Заходняга Палесся, — стварылі за адну ноч спецыяльны ручнік і разам з абразом Божай Маці прайшлі хрэсным ходам кругом вёскі, пасля чаго хвароба адступіла.

Спіс папоўніўся і тэхналогіяй стварэння майстрамі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці драўляных музычных народных інструментаў.

Самымі запатрабаванымі былі шумавыя, ударныя, духавыя інструменты. Да нядаўняга часу былі вядомы прозвішчы такіх прызнаных майстроў, як Клімовіч з Бабруйскага раёна, Башан з Глускага і іншыя. Да гэтых слаўных імён цяпер можна аднесці і Аляксандра Харкевіча, які стварыў сапраўдны аркестр з трох дзесяткаў драўляных музычных інструментаў.

Юлія Ваніна, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0