Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Аляксей Ісаеў пайшоў у адстаўку. Новым кіраўніком прызначаны Аляксандр Пятровіч. Яго афіцыйнае прадстаўленне калектыву адбылося 5 лютага.

Пра гэта распавяла балерына Мая Янсан.

«5 лютага нас склікалі на агульны сход. Прыехаў Уладзімір Карачэўскі з Упраўлення культуры і прадставіў нам нашага новага дырэктара спадара Пятровіча. Нам паведамілі, што ў тэатры будуць новыя прызначэнні. Мы спадзяемся на тое, што наша тэатральнае жыццё зменіцца толькі да лепшага, спадзяемся на ўзнаўленне гастрольных паездак, на пастаноўкі новых спектакляў. Мы спадзяемся на цікавага балетмайстра. Вельмі б хацелася, каб вярнулася нашая дарагая Ніна Дзячэнка, якая была вымушаная звольніцца па асабістых матывах», — сказала Мая Янсан.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Аляксей Ісаеў у сярэдзіне студзеня сам папрасіўся ў адстаўку. У Міністэрстве культуры яго просьбу нечакана задаволілі.

Як распавёў начальнік аддзела мастацтваў Мінгарвыканама Уладзімір Анціповіч, новы дырэктар Аляксандр Пятровіч раней працаваў начальнікам упраўлення культуры Мінгарвыканкама, потым — у розных месцах у сферы культуры. Апошняя па часе праца — галоўны адміністратар у тэатры оперы і балета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?