19 лютага народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Генадзь Аўсяннікаў адзначае 75‑гадовы юбілей (1935).

Генадзь Сцяпанавіч будзе адзначаць свята ў родным Купалаўскім тэатры, якому аддаў 52 гады жыцця. 21 лютага ў гонар знакамітага артыста пройдзе ўрачыстае святкаванне, а таксама ў гэты вечар Аўсяннікаў выйдзе на сцэну ў спектаклі «Вечар» і выканае галоўную ролю.

Для артыста самы лепшы падарунак — увага гледачоў.

«Калі ты выходзіш на паклон пасля спектакля і бачыш, як людзі плачуць, апладзіруюць і, схіляючы галовы, гавораць «Дзякуй», — гэта куды лепш любых узнагарод і званняў! — распавёў юбіляр. — Усе іншыя ўзнагароды, як сказала Фаіна Ранеўская — пахавальныя прылады».

З усіх дзён нараджэння Генадзю Сцяпанавічу больш за ўсё запомніўся… першы.

«Прычым некаторыя падзеі гэтага дня я нават памятаю, — з усмешкай адзначыў Генадзь Сцяпанавіч. — Як толькі з’явіўся на гэты свет, адразу закрычаў так, што лекары зазначылі: «Спеваком будзе…»

За сваю акцёрскую кар’еру Генадзь Сцяпанавіч паспеў стварыць на сцэне шмат персанажаў. Нявыкананай з жаданага засталася толькі адна роля.

«Вядома, у 75 гадоў сорамна гаварыць аб мары, — прызнаўся ён. —

Але калісьці жадаў сыграць Швейка. Зрэшты, шкадаваць не буду, бо я маю на сваім рахунку некалькіх беларускіх Швейкаў: Дзеда Цыбулю, Цярэшку Калабка».

Некаторыя адзначаюць, што ў рэпертуары артыста даволі шмат роляў прайдзісветаў, якіх яму заўсёды ўдавалася паказваць, як зазначае акцёр, «вясёлымі і знаходлівымі». Аднак сябе такім не лічыць.

«Таму што калі ў такім узросце ты — вясёлы і знаходлівы, значыць, недабраў гэтага ў маладосці», — тлумачыць ён.

Хоць у маладосці спадар Аўсяннікаў ўсяго і дабраў, рабіцца старым і сумным не збіраецца. Акцёр знаходзіцца ў добрай форме і працягвае актыўна працаваць на сцэне.

«Лепшы рэцэпт для падтрымання сябе ў форме — пастаянна знаходзіцца ў дзеянні, — распавёў ён.

— Гультайства прыводзіць да разбурэння ўсіх клетак арганізма. У тым ліку мазгавых».

У адрозненне ад некаторых сваіх калег Генадзь Сцяпанавіч не шкадуе, што нельга вярнуць гады маладосці, поўныя прыхільніц і кампліментаў. У той жа час ён не лічыць патрэбным муміфікаваць сябе або хавацца ад публікі, каб людзі не ўбачылі састарэлага куміра.

«Якія кампліменты і прыхільніцы могуць быць у маім узросце! — разважае Генадзь Сцяпанавіч. — Вось нашаму маладому акцёру Андрэю Гладкаму буфетчыца гаворыць: «Прывітанне, Андруша!» А мне — «Добры дзень, дзядзя Гена!» Адчуваеце розніцу?…

Але я ні аб чым не шкадую. Гэта ж нармальна, калі чалавек старэе! І мне незразумелая пазіцыя тых акцёраў, якія сыходзяць са сцэны, каб іх запомнілі маладымі. Хапае выдатных акцёраў, якія і ва ўзросце працягваюць быць падцягнутым і актыўнымі, але пры гэтым не саромеюцца сваіх гадоў, не прыгладжваюць свае маршчынкі…»

Генадзь Аўсяннікаў ведае, наколькі акцёрства — няўдзячная праца ў плане матэрыяльнай аддачы. Аднак ён мяркуе, што для сапраўднага мужчыны гэта не падстава пераставаць быць моцным.

«Проста не трэба ляжаць на канапе! — кажа Генадзь Сцяпанавіч. — Ёсць вольны час у тэатры — ідзі па тэлеканалах, тэлестудыях і пытай, ці не патрэбныя твае паслугі. Пад ляжачы камень не толькі вада не цячэ, але і акцёрскае майстэрства не ідзе».

***

Першай значнай у творчым лёсе Генадзя Аўсяннікава была роля Цярэшкі Калабка ў спектаклі А.Макаёнка «Трыбунал» (1971) — за яе артыст быў узнагароджаны сярэбраным медалём імя А.Папова.

Сярод іншых найбольш знакамітых роляў: Пустарэвіч («Паўлінка»), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца»), Караўкін («Брама неўміручасці»), Дубадзел («Людзі на балоце»), Кропля («Канстанцін Заслонаў»), Фама Апіскін («Вечны Фама»), Брава‑Жыватоўскі («Плач перапёлкі»), Аўдзей («Страсці па Аўдзею»).

За 52 гады служэння Купалаўскай сцэне Аўсяннікаў стварыў каля 90 роляў, сярод якіх ролі рускай класічнай і замежнай драматургіі.

Сёння артыст плённа заняты ў бягучым рэпертуары: Пранцысь Пустарэвіч («Паўлінка»), Ураднік («Памінальная малітва»), Шляхціц Завальня («Беларусь у фантастычных апавяданнях»), Сабакевіч («Чычыкаў»), Васіль («Вечар»), Ураднік («Хам»).

Генадзь Сцяпанавіч здымаўся ў кінастужках студыі «Беларусьфільм»: «Полымя», «Доўгія вёрсты вайны», «Жыццё і смерць пана Чартапханава».

У 1974 годзе Г.С.Аўсяннікаву прысвоена ганаровае званне «Народны артыст Беларусі», у 1991 — «Народны артыст СССР». За выкананне галоўнай ролі Мурашкі ў камедыі «Мудрамер» М.Матукоўскага Г.С.Аўсяннікаў становіцца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1988 г.). У 1995‑м — плённая творчая праца акцёра адзначаецца медалём Францыска Скарыны. У 2006 годзе прысуджана прэмія Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка». У гэтым жа годзе ўручаны ордэн Францыска Скарыны. У 2008 годзе артысту была прысуджана спецыяльная Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?