Старшыня Грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец патрабуе зладзіць папярэдні прагляд праграмы, якую гурт хоча прадставіць беларускай публіцы.
Мікалай Чаргінец, photo.bymedia.net/
«Я разумею, што ўжо прададзены білеты на канцэрт у Мінску. Таму трэба зрабіць папярэдні прагон праграмы, узгадніць яе, каб не было прапаганды амаральнасці і гвалту на мінскай сцэне», — цытуе словы Чаргінца «Інтэрфакс».
19 лютага Грамадская рада па маральнасці разгледзела пытанне аб правядзенні 7 сакавіка ў Мінску канцэрта гурту Rammstein. З гэтай нагоды была распаўсюджана заява, у якой нямецкія музыкі абвінавачваюцца ў прапагандзе нацызму і распусты.
«Што гэты гурт будзе рабіць у Беларусі?», — ставіцца пытанне ў заяве. І даецца адказ:
«Яны будуць крышыць і знішчаць яшчэ вельмі кволую беларускую самасвядомасць, таптаць памяць пра Перамогу і яе герояў і, нарэшце, разбураць беларускую дзяржаўнасць.
Менавіта так: беларускую ідэнтычнасць і ядро беларускай дзяржаўнасць 7 сакавіка збіраюцца ўзламаць пры дапамозе тарану... Рашэнне везці ў Мінск «Рамштайн» — гэта памылка, якая можа нам дорага каштаваць».
Грамадская рада па маральнасці была створаная ў 2009 годзе на прапанову Беларускай праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узначаліў яе Мікалай Чаргінец. У раду ўвайшлі прадстаўнікі вялікіх канфесій, якія дзейнічаюць у Беларусі. У яе шэрагах мітрапаліт Філарэт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кампазітар Ігар Лучанок і іншыя.





